Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Вячорка: “Кангрэс безь Мілінкевіча — гэта ўжо не Кангрэс аб’яднаных дэмсілаў”


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ня можа ўдзельнічаць у сакавіцкім Кангрэсе дэмсілаў. Паводле Мілінкевіча, такі Кангрэс прывядзе да разьяднаньня апазыцыі. Як на гэта рэагуюць у палітычных партыях?

Пра свой няўдзел у кангрэсе Аляксандар Мілінкевіч заявіў падчас нядаўняй сустрэчы зь лідэрамі Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і Партыі камуністаў беларускай Срягеем Калякіным. Потым спадар Мілінкевіч выступіў з заявай да дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі.

Анатоль Лябедзька патлумачыў:

Лябедзька: “Відавочна, што аб’яднаныя дэмакратычныя сілы ад гэтага часу ня маюць лідэра ня толькі дэ-юрэ, але і дэ-факта. Відаць, было прынятае рашэньне, што Аляксандар Мілінкевіч вяртаецца туды, адкуль ён прыйшоў у палітыку. Гэта значыць, у грамадзкі сэктар.

Няма палітычнай волі будаваць агульную, шырокую кааліцыю, а ёсьць жаданьне заняцца будаўніцтвам нейкай новай грамадзкай сеткі — накшталт рэсурсавых цэнтраў. Гэта, відаць, той асяродак, які найбольш камфортны і прымальны для Аляксандра Мілінкевіча”.

Паводле спадара Лябедзькі, кангрэс адбудзецца, аднак не ў абвешчаны раней час.

Вінцук Вячорка не ўхваляе заявы Аляксандра Мілінкевіча і лічыць ягоную пазыцыю памылковай:

Вячорка: “Як і любыя ўльтыматыўныя заявы, напрамую не зьвязаныя з нашай стратэгіяй, з барацьбой за незалежнасьць і свабоду Беларусі, ідуць на шкоду. Яны зьяўляюцца раскольніцкімі. Калі мы пачнем паасобку разьбягацца, разьядноўвацца, што цяпер запачаткоўвае Аляксандар Мілінкевіч, гэта значыць, што нас паасобку проста ня будуць чуць. І такі крок б’е і па кангрэсе, і па палітычных партыях, і па самім Аляксандру Мілінкевічу”.

Паводле спадара Вячоркі, Партыя БНФ прапаноўвала кампраміс, каб захаваць рэсурс спадара Мілінкевіча як вядомай постаці й лучнасьць аб’яднанай апазыцыі. Цяпер вынікае, што ён адмаўляецца ад разумных кампрамісаў, мяркуе Вячорка.

Вячорка: “Мы прапанавалі перад кангрэсам падпісаць новае пагадненьне, у якім забясьпечвалася б для Мілінкевіча пазыцыя паўнамоцнага прадстаўніка аб’яднаных дэмсілаў, гэткага Хавіера Саляны, правамоцнага выказьніка рашэньняў палітрады. А выканаўча-каардынацыйная функцыя ажыцьцяўлялася б тымі моцнымі партыямі, якія маюць структуры ва ўсіх рэгіёнах, паводле прынцыпу ратацыі”.

Партыя БНФ мае паўтарыць сваю кампрамісную прапанову Аляксандру Мілінкевічу.

Вячорка: “Таму што мы разумеем, што кангрэс безь Мілінкевіча — гэта ўжо не кангрэс аб’яднаных дэмсілаў, але і Мілінкевіч без аб’яднаных дэмсілаў — гэта ўжо не ўсеагульны лідэр”.

Для разьвязаньня канфлікту мяркуецца склікаць палітраду аб’яднаных дэмсілаў. Таксама дамовіліся, што Аляксандар Мілінкевіч разам са спадарамі Вячоркам, Лябедзькам і Калякіным паедзе ў рэгіёны — у наступныя выходныя плянуецца паездка ў Гомель.

Гл. таксама:

• А.Мілінкевіч тлумачыць адмову ад удзелу ў Кангрэсе. Камэнтары палітыкаў (аўдыё)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG