Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кантроль за кампутарнымі клюбамі стане больш жорсткі (абноўлены)


Ігар Карней, Менск Савет міністраў Беларусі распрацаваў агульныя правілы дзейнасьці кампутарных клюбаў і інтэрнэт-кавярняў. Дакумэнт падпісаны кіраўніком ураду Сяргеем Сідорскім 10 лютага і набывае моц сёньня. Паводле новых правілаў, упаўнаважаныя асобы мусяць даваць усю інфармацыю пра наведнікаў супрацоўнікам міліцыі і органаў дзяржаўнай бясьпекі, а зьвесткі пра карыстаньне сецівам захоўваць у архівах ня менш за год.

Адзін з кіраўнікоў найбуйнейшага менскага інтэрнэт-клюбу “Саюз Online” Валянцін Барадаўка кажа: працу кампутарных і інтэрнэт-установаў кантралявалі й дагэтуль. Гэтым разам зробленыя новыя карэктывы.

Барадаўка: “Дагэтуль дзейнічала часовае палажэньне, зацьверджанае гарадзкімі ўладамі. І яно практычна мала чым розьніццца ад цяперашняга. Адрозьненьне хіба ў тым, што павялічыўся тэрмін захоўваньня логаў — то бок, электроннага журналу з інфармацыяй, куды заходзілі карыстальнікі”.

Валянцін Барадаўка кажа, што ня вельмі напалоханы пэрспэктывай пільнейшай увагі з боку пэўных структураў. Што непасрэдна да “Саюз Online”, то сайты сумнеўнага зьместу фільтруе магутны робат, а наведнікі з кампэтэнтных органаў прыходзілі й раней.

Барадаўка: “Увогуле за час маёй працы тут да нас двойчы прыходзілі з Упраўленьня ў барацьбе са злачынствамі ў сфэры высокіх тэхналёгіяў, два разы бралі на вывучэньне гэтыя блогі. Прычым, апошні раз нядаўна. Хлопец зламаў базу правайдэра “Айчына-плюс”, прыйшоў да нас, выклаў нумары картак і пароляў, каб можна было бясплатна лазіць у інтэрнэт па гэтых картках, пасьля чаго зайшоў на сваю электронную пошту. І яго злавілі”.

Пільней будуць кантраляваць і непаўналетніх наведнікаў клюбаў. Кіраўнікі ўстановаў мусяць засьцерагчы непаўналетніх ад інфармацыі й праграмнага забесьпячэньня “для дарослых”.

Калі карыстальнікаў западозраць у супрацьпраўных дзеяньнях, адказныя асобы павінны тэрмінова паведаміць пра гэта праваахоўным органам. Аднак, як лічаць экспэрты, цяпер пачнецца гульня, сэнс якой — абысьці жорсткія нормы. Нават спадар Барадаўка прызнае: разьлічваць на сумленнасьць наведніка ў гэтым сэнсе збольшага марнаы.

Барадаўка: “У новым палажэньні ня пішуць пра абавязковую праверку пашпарта наведніка, таму і мы не патрабуем. Патрабуем паказваць пашпарт толькі ўвечары, калі прыходзяць асобы, падобныя да непаўналетніх (ім забаронена тут знаходзіцца без дарослых). Але мы не занатоўваем прозьвішчаў. То бок, людзі самі запаўняюць часопіс, пішуць прозьвішчы. Але, як паказвае досьвед, ніхто свайго сапраўднага прозьвішча не падае”.

Кантраляваць дзейнасьць кампутарных клюбаў — ці адпавядае яна новаму палажэньню Савету міністраў, маюць упаўнаважаныя дзяржаўныя органы ў межах іхнай кампэтэнцыі.
XS
SM
MD
LG