Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Грос: “Працяглая ізаляцыя Беларусі не прынесла плёну"


Радыё Свабода Вядомы швайцарскі дэпутат і парлямэнтар ПАРЭ, сябра яе палітычнай камісіі й падкамітэту па Беларусі Андрэас Грос у размове са Свабодай назваў непрадуктыўнай эўрапейскую палітыку ізаляцыі, якая апошнія дзесяць гадоў праводзілася датычна Беларусі.

Паводле Гроса, “палітычная камісія запатрабавала ад Рады Эўропы і Парлямэнцкай асамблеі зьменаў у палітыцы, наладжваньня дыялёгу зь Менскам. Гэта, аднак, зусім ня выклікана жаданьнем сябраваць з Лукашэнкам”.

З мандатам ПАРЭ швайцарскі палітык Андрэас Грос ладзіў палітычны дыялёг і прасоўваў дэмакратычныя каштоўнасьці ў краінах Усходняй Эўропы, былой Югаславіі й былога СССР. Спэцдакладчык па Чачэніі Андрэас Грос, які ў журналісцкіх колах мае рэпутацыю крытыка Расеі, некалькі разоў бываў у Беларусі, у тым ліку як назіральнік на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах.

Грос: “Зусім нядаўна споўнілася дзесяць гадоў з таго часу, як 13 студзеня 1997 году Рада Эўропы прыпыніла для Беларусі статус адмыслова запрошанай. Лічу, што гэтая працяглая ізаляцыя не прынесла плёну.

Цягам дзесяці год я некалькі разоў бываў у Беларусі. Ніякіх пазытыўных дэмакратычных зрухаў у гэтай краіне не адбылося.


Наадварот, беларускае грамадзтва, якое належыць да агульнай эўрапейскай культуры, толькі пакутуе ад падобнай ізаляцыйнай эўрапейскай практыкі”.

Паводле палітыка, падобная практыка стварае беларусам шмат праблемаў на шляху карыстаньня рознымі эўрапейскімі каштоўнасьцямі — свабодных паездак па Эўропе, інтэграваньня ў адукацыйную сыстэму і гэтак далей.

Чаму ў Беларусі ў параўнаньні зь іншымі посткамуністычнымі краінамі так цяжка прасоўваюцца дэмакратычныя каштоўнасьці?

Грос: “Праблема ў тым, што дэмакратыя — бясконцы працэс калектыўнага навучаньня. Улады Беларусі ня надта хочуць гэтага, у той час як многія беларусы ня толькі хочуць, але і здольныя ісьці гэтым шляхам. І калі мы хочам дапамагчы беларускаму грамадзтву, мы мусім спыніць ізаляцыю.

У Эўропе ніхто ня хоча, каб у Беларусі панавала дыктатура, яе розныя праявы”




Карэспандэнт: “Дзеля спыненьня ізаляцыі ці ня зробіць ПАРЭ нейкіх паслабленьняў для Менску?”

Грос: “Я лічу вельмі важным, што палітычная камісія запатрабавала ад Рады Эўропы і Парлямэнцкай Асамблеі пэўных зрухаў у беларускай палітыцы. Аднак гэта не азначае, што мы зьбіраемся стаць сябрамі Лукашэнку і таксама сёньня-заўтра заявіць пра адмену візавых санкцыяў для беларускага кіраўніцтва.


Патрабаваньні ПАРЭ да Менску застаюцца ранейшыя — вызваленьне палітычных вязьняў, спыненьне перасьледу апазыцыі зьняцьце абмежаваньня для недзяржаўных СМІ. Без выкананьня гэтых патрабаваньняў дыялёг з уладамі немагчымы. Гэта дакладна. Трэба штосьці мяняць, глядзець, што з гэтага атрымаецца”.

Карэспандэнт: “Некалькі дзён таму палітычная камісія ПАРЭ прызначыла новага спэцдакладчыка па Беларусі Андрэа Рыгоні. Ці ведае ён беларускую сытуацыю, ці вядомыя вам ягоныя нейкія заявы па Беларусі?”

Грос: “Пытаньне пэрсоны не настолькі важнае.

У сваёй новай функцыі Рыгоні будзе выконваць задачы, пастаўленыя ПАРЭ, — навязваць цесьнейшы дыялёг, дапамагаць беларускім грамадзянам выйсьці з ізаляцыі.


У наступныя тыдні ён наведае Беларусь, пасьля зробіць справаздачу, якую потым абмяркуюць на камісіі і сэсіі Парлямэнцкай асамблеі. Усё гэта зойме некалькі месяцаў”.

Паводле Андрэаса Гроса, справаздача будзе заслуханая на сэсіі ПАРЭ ў чэрвені альбо ў верасьні. У сярэдзіне красавіка ў Страсбур будуць запрошаныя прадстаўнікі беларускай апазыцыі.
XS
SM
MD
LG