Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зробяцца партнэрамі ўлада і бізнэс?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі “Экспэртызы Свабоды”: кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і юрыст Сяргей Балыкін.

Валер Карбалевіч: “Апошнім часам у рыторыцы афіцыйных асобаў зьявіліся новыя ноты. Усё часьцей яны кажуць пра ролю бізнэсу, неабходнасьць ягонай падтрымкі. Вось учора пра гэта казаў і прэм’ер Сідорскі. Ёсьць інфармацыя, што падрыхтаваны шэраг заканадаўчых актаў — прынамсі, прэзыдэнцкіх указаў, скіраваных на падтрымку бізнэсу, стварэньне спрыяльных умоваў для ягонага разьвіцьця.

Сёньня прайшло паседжаньне Рады для падтрымкі прадпрымальніцтва з удзелам кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта, ураду, прадпрымальніцкіх саюзаў. Чым выкліканая гэтая новая рыторыка і пэўныя захады ўладаў у бок бізнэсу?”

Яраслаў Раманчук: “Павышэньне цэнаў на нафту і газ прымушае ўлады да дзеяньняў. Калі эканамічная сытуацыя пагоршыцца, можна з дапамогай падаткаў узяць грошы з прадпрымальнікаў.



Я ня веру, што ўлады імкнуцца палепшыць умовы для бізнэсу. Бізнэс-клімат у Беларусі з кожным годам горшае. Асобныя крокі дзеля лібэралізацыі ў тым ці іншым сэктары не ўплываюць на агульны малюнак. Таму што прыватная ўласнасьць, прадпрымальніцтва зьяўляюцца антытэзай таму сацыялістычнаму экспэрымэнту, які праводзіцца ў нашай краіне.

Тое, што цяпер улады ўжываюць рынкавую рыторыку, сьведчыць пра адчуваньне правалу гэтага экспэрымэнту, які пачынаюць адчуваць кіраўнікі дзяржавы. Акрамя таго, улады баяцца, каб прадпрымальнікі не перайшлі да пратэсту, не далучыліся да апазыцыі. Таму я лічу гэтыя размовы афіцыйных асобаў імітацыяй рынкавых рэформаў”.

Карбалевіч: “Можа, не зусім правільна казаць, што сытуацыя зь бізнэс-кліматам увесь час пагаршаецца. На мой погляд, больш правільна было б сьцьвярджаць, што неспрыяльны бізнэс-клімат не зьмяняецца ў лепшы бок”.

Раманчук: “Не, клімат пагаршаецца. Паводле дасьледаваньняў Усясьветнага банку ў 2006 годзе Беларусь знаходзіцца на 129-м месцы ў гэтым паказчыку, у 2005 годзе — на 124-м, а яшчэ раней была ў першай сотні”.

Карбалевіч: “Дык, можа, гэта адбываецца таму, што ў большасьці краінаў бізнэс-клімат паляпшаецца, а ў Беларусі ўсе стаіць на месцы, таму краіна і спаўзае ўсё ніжэй у гэтым рэйтынгу?”



Сяргей Балыкін: “Гэтая рынкавая рыторыка існавала заўсёды. Апошнія пятнаццаць гадоў беларуская ўлада кажа, што яна падтрымлівае бізнэс. Але насамрэч улада не зацікаўленая ў разьвіцьці бізнэсу. Я заўважыў такі парадокс: усе захады ўладаў для пагаршэньня бізнэс-клімату адбываліся пад акампанэмэнт рынкавай рыторыкі, падтрымкі “чэсных” бізнэсоўцаў”.

Раманчук: “У праграме Лукашэнкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў быў тэзіс пра партнэрства бізнэсу і дзяржавы. Але гэта была дэклярацыя”.

Карбалевіч: “Чаму ж словы афіцыйных асобаў не стасуюцца зь дзеяньнямі? Тут найбольш яскравы прыклад — сумнавядомы прэзыдэнцкі ўказ №760, які, фактычна, вядзе да ліквідацыі прыватных прадпрымальнікаў. Ёсьць і іншыя антырынкавыя крокі. Дык у які бок рэальна схіляецца дзяржаўная палітыка?”

Раманчук: “Сёньня ўлады праводзяць палітыку рэпрэсіяў у дачыненьні да бізнэсу. Бо ён не стасуецца зь дзяржаўнай палітыкай. Напрыклад, як можна даводзіць да прыватнай фірмы эканамічныя паказчыкі? Я не ўяўляю сабе нейкага прыватнага заводу, які б не падпарадкоўваўся Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва.

Адзіны сэнс разьвіцьця прыватнага сэктару для чыноўнікаў палягае ў тым, каб атрымоўваць праз такія структуры прыбытак для сябе. Можна праз прыватныя фірмы каналізаваць дзяржаўныя грошы ва ўласныя кішэні. І нават калі й пачнецца прыватызацыя, то чыноўнікі будуць імкнуцца, каб дзяржаўная ўласнасьць трапіла да “сваіх” людзей”.

Балыкін: “Рэч у тым, што ў нашым кіраўніцтве вельмі мала кампэтэнтных адмыслоўцаў. Той самы ўказ №760 зьявіўся з прычыны некампэтэнтнасьці чыноўнікаў”.

Карбалевіч: “А можа праблема ня ў нізкай кваліфікацыі чыноўнікаў, а ў тым, што недзяржаўны сэктар супярэчыць існай у краіне сацыяльнай мадэлі? А гэтая мадэль зьяўляецца аптымальнай для ўтрыманьня ўлады. Таму ўлады кіруюцца палітычнымі меркаваньнямі, а не эканамічнай мэтазгоднасьцю”.

Балыкін: “У прынцыпе гэта так. Але калі казаць пра ўказ №760, то тут я ня бачу ніякай палітычнай мэтазгоднасьці. Прыватных прадпрымальнікаў імкнуцца прымусіць перайсьці ў статус юрыдычнай асобы. Акрамя таго, забарона прыватным прадпрымальнікам наймаць наёмных работнікаў — гэта стэрэатыпы савецкага часу, якія сядзяць у галовах чыноўнікаў”.

Карбалевіч: “Можа тут адбываецца лабіяваньне нейкіх бізнэс-інтэрэсаў — напрыклад, гаспадароў гіпэрмаркетаў?”

Балыкін: “Гэта ёсьць. Але сумы падаткаў, якія плаціць бізнэс, ніяк не залежаць ад таго, у якой форме ён існуе”.

Карбалевіч: “Але вось пасьля павышэньня цэнаў на энэргарэсурсы складваецца новая сытуацыя. У бюджэце можа не хапіць грошай дзеля падтрымкі напалову сацыялістычнай прамысловасьці, калгаснага ладу, ажыцьцяўленьня праграмы будаўніцтва аграгарадкоў, падтрымкі малых гарадоў. Магчымы рост беспрацоўя.

У такіх умовах цалкам лягічны быў бы паварот дзяржаўнай палітыкі ў бок бізнэсу. Дык ці можна чакаць хоць бы частковай, касмэтычнай лібэралізацыі ў эканоміцы ў зьвязку з новай сытуацыяй з цэнамі на энэргарэсурсы?”

Раманчук: “Калі беспрацоўе павялічыцца, людзі пачнуць бунтаваць, улады ва ўсім могуць зьвінаваціць бізнэс. Маўляў, вось ня хочуць прадпрымальнікі ствараць новыя працоўныя месцы.

Існуе яшчэ адна праблема. Няма адзінства паміж рознымі слаямі прадпрымальнікаў і бізнэс-асацыяцыямі. Арганізацыі, якія аб’ядноўваюць юрыдычных асобаў, не імкнуцца бараніць прыватных прадпрымальнікаў.

Лібэралізацыі можна чакаць толькі тады, калі моцна прыцісьне. Прычым, ціск будзе ісьці з рэгіёнаў, дзе сытуацыя больш складаная. А самі арганізацыі прадпрымальнікаў выпрацавалі плятформу для разьвіцьця бізнэсу, у якой прыкладна 75 патрабаваньняў да ўлады.

Можна параўнаць з той сытуацыяй, якая склалася ў дачыненьнях з Расеяй. Калі моцна прыціснула, то Лукашэнка пачаў казаць пра незалежнасьць, рабіць рэвэрансы на бок Захаду. Але цяперашнія словы і крокі ўладаў ня сьведчаць пра тое, што яны гатовыя сёньня ці заўтра пайсьці на лібэралізацыю. Пакуль тут больш піяру”.

Балыкін: “Лібэралізацыя — гэта наданьне большай свабоды. Пакуль будзе існаваць гэты рэжым, то эканамічнай свабоды больш у Беларусі ня будзе.

Тут магчымая такая сытуацыя, што ў адной сфэры будзе зроблена палёгка бізнэсу, а іншай — наадварот, стан пагоршыцца. Напрыклад, пры павелічэньні беспрацоўя можа зьявіцца ўказ пра спрашчэньне вядзеньня справаў у рамесьніцкай дзейнасьці, турызму і іншага. Але пакуль будзе існаваць гэтая ўлада, яна не адмовіцца ад адміністрацыйных мэтадаў кіраваньня”.

Карбалевіч: “Такім чынам, мае суразмоўцы прыйшлі да высновы, што наўрад ці можна чакаць глыбокіх зьменаў палітыкі ўлады ў дачыненьні да бізнэсу. Бо свабода разьвіцьця прадпрымальніцтва супярэчыць створанай у Беларусі сацыяльнай мадэлі. Але нейкай частковай палёгкі для прыватнага сэктару пры пэўных абставінах, заўважнага пагаршэньня эканамічнага стану чакаць цалкам магчыма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG