Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Янка Геніюш 24.2.1902, м. Крынкі (Беласточчына) — 8.2.1979, Зэльва.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Упершыню прыехаўшы да Ларысы Геніюш у Зэльву, яе мужа Янку я ўжо не засьпеў. Бабуля, як мы зь любоўю і дзеля кансьпірацыі называлі паэтку і грамадзянку БНР, расказвала мне, што пасьля Янкавай сьмерці штодня хадзіла на яго магілу паразмаўляць ці проста пабыць зь ім сам-насам, а аднойчы адчула, што анічога там ужо няма, толькі халодная зямля, і потым пераведвала клады толькі ў дні, вызначаныя народнай традыцыяй.

Але ўзгадвала яна мужа падчас кожных маіх пагасьцінаў і таму задоўга да выхаду яе “Споведзі” я ведаў пра Янку шмат: і пра яго навучаньне на мэдычным факультэце Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе (рэкамэндацыю на атрыманьне стыпэндыі даваў сам Браніслаў Тарашкевіч), і пра іхні шлюб у 1935-м у Беларусі, і пра шчасьлівыя, а потым трывожныя гады, пражытыя ў чэскай сталіцы... З гэтых аповедаў паўставала асоба неадназначная, супярэчлівая, але, безумоўна, вартая памяці ня толькі сваякоў.

Дзядзька Янка быў ня проста мужам Ларысы Геніюш, як некаму ўяўляецца. Гэта ён першы даў ёй беларускія кнігі, чытаў сваёй нарачонай вершы Купалы, адкрываў ёй вочы на нашую гісторыю... Прайсьці па жыцьці побач з такой жанчынаю таксама было своеасаблівым подзьвігам, на які здатны ня кожны.

Ларыса Антонаўна па-хрысьціянску даравала яму страшную памылку, зробленую пры канцы вайны, калі муж вырашыў застацца ў Празе, мяркуючы, што Чэхаславаччына і надалей будзе незалежнай дзяржавай. Гэтая аблуда каштавала Ларысе і Янку па 25 гадоў канцлягераў кожнаму, каштавала разлукі з малым сынам, нечалавечых зьдзекаў, асабліва пакутлівых для іх, людзей ужо звыклых да эўрапейскіх нормаў і свабодаў.

Ён быў добрым лекарам, што маглі б засьведчыць і ягоныя чэскія пацыенты, і хворыя Зэльвенскай раённай бальніцы, начальства якой прыніжала былога гулагаўскага вязьня, не прызнаючы замежны Янкаў дыплём. “На любой дарозе мы з мужам вымушаны быць моцна насьцярожанымі”,— пісала спадарыня Ларыса. Калі Іван Пятровіч цяжка захварэў, “дабрадзеі” пусьцілі чутку, нібыта ён ужо сканаў, і ў дом Геніюшаў пачалі прыходзіць людзі з жалобнымі вянкамі.

Ён памёр на жончыных руках. Ларыса Антонаўна сама яго мыла і апранала. “Пахавалі са слязьмі, ціха, бяз палкіх прамоваў. Ня ўсё было добра, аднак нельга аб гэтым... Прынесьлі мне па ім 33 рублі 75 капеек пэнсіі”,— занатавала ўва ўспамінах спадарыня Ларыса.
XS
SM
MD
LG