Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакутнікі за хрысьціянства


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае пісьменьніца Вольга Іпатава. Эфір 15 лютага 2007 году.

Слухаць:



Браты пацалавалі крыж. Прынялі апошняе блаславеньне свайго нямоглага пастыра.

Чорная немата зьмянілася, адступіла. Няжылу ахутала мяккае залатое сьвятло, закалыхала, суцішыла боль і ўдары. Хлопец нібы раставаў у гэтым неспазнаным сьвятле і пачуцьці ўсеабдымнасьці і шчасьця. Тады зразумеў: жыцьцё і яго спакусы – гэта боль і сьмерць. Зерне павінна ўпасьці ў глебу, каб даць плён. Ён мусіў памерці, каб уратаваліся людзі, што тоўпяцца на ўсім шляху да Перуновага гаю і прагна ўглядаюцца ў твары братоў. Ён павярнуўся да брата, пабачыў ягоныя спакойныя і бяздонныя вочы, пачуў ягоны голас.



Служкі пры сьвяшчэнным Перуновым гаі кінуліся да іх, спрабавалі накінуць на Кумца мяшок, каб заглушыць ягоныя словы. Але голас усё роўна прабіваўся, запаўняў увесь гай:

-- Сьмерці няма! Мы будзем разам у Вечнасьці! У Хрысьце!!

Красавік 1345 году, Вільня

Вячаслаў Ракіцкі: “Гэта быў урывак з новай гістарычнай аповесьці “Апошняя ахвяра сьвяшчэннага дуба”, прысьвечанай тром віленскім пакутнікам. На пачатку, спадарыня Вольга, я папрашу вас пашырыць агучаны мной урывак. Дзе адбываецца дзеяньне і хто яны, героі вашай аповесьці? За што іх караюць сьмерцю?”

Вольга Іпатава: “Гэта пакуль што два браты Кумец і Няжыла. Іх --прыдворных князя Альгерда -- караюць сьмерцю за тое, што яны адкрыта сталі спавядаць хрысьціянства. А ўвогуле былі трое пакутнікаў. Яшчэ быў Круглец. Пасьля яны сталі сьвятымі Янам, Антонам і Астапам. Гэта – беларускія сьвятыя. І гэта мы сёньня павінны дакладна ўсьведамляць, што ўжо зусім забылася, хоць у Менску ёсьць брацтва Сьвятых віленскіх пакутнікаў”.



Ракіцкі: “ Віленскія пакутнікі былі кананізаваныя ўжо ў 1374 годзе ў Канстантынопалі. У чым сутнасьць іхнага подзьвігу? За што ўсё ж яны адпакутавалі? І як гэты подзьвіг уплываў на падзеі ў старажытнай беларуска-літоўскай дзяржаве?”

Іпатава: “Яны адпакутавалі за хрысьціянства. Але чаму менавіта так атрымалася? Уявім сабе Вільню сярэдзіны 14-га стагодзьдзя. Яна была спрэс паганскай. І толькі ў цэнтры, у замку, існавала вузкая хрысьціянская супольнасьць. Найперш гэта была жонка Вялікага князя Альгерда – Марыя Віцебская. Сам Альгерд таксама быў хрышчаны ў хрысьціянства. Таксама пастар Нестар. Была там ужо і праваслаўная царква. Дарэчы, гэта было першае каменнае збудаваньне ў Вільні. Яна захавалася і да сёньня. Прыдворныя мусілі зрабіць духоўны выбар паміж паганствам і хрысьціянствам. Трое братоў гэты выбар зрабілі на карысьць хрысьціянства”.

Ракіцкі: “Іх пакаралі за тое, што яны спавядалі хрысьціянства. Аднак, здарылася непрадбачанае: сьмерць трох пакутнікаў ня толькі не згасіла сьвятла хрысьціянства, але, наадварот, прыцягнула да новай веры мноства людзей і дала грамадзтву адчуваньне неабходнасьці пераменаў. Чаму так здарылася?”

Іпатава: “Па-першае, любы духоўны подзьвіг ня можа ня ўзьдзейнічаць на людзей. Паганства да гэтага часу ўжо, так бы мовіць, стамілася. Яно стала прымаць неўласьцівыя яму рысы палітычнай барацьбы, барацьбы за ўладу. І вось на тле распаду паганства паўстае высокі духоўны подзьвіг. І, натуральна, усё атрымалася наадварот. Жрацы думалі, што сьмерць заглушыць хрысьціянства, а подзьвіг і цуды, якія суправаджалі гэтых маладых хлопцаў, узбудзілі Вільню”.

Ракіцкі: “Чаму на беларускіх землях ці не ад самага пачатку не было пэўнасьці, да якой веры схіляцца? Вось і Вільня ўжо ў тую пару, пра якую мы гаворым, рабіла свой выбар паміж паганствам, усходнім і заходнім абрадамі хрысьціянства?”

Іпатава: “Перш за ўсё, Вялікае Княства Літоўскае яшчэ пераплаўляла ў, так бы мовіць, сваім этнічным катле розныя рэлігіі. Полацкія і менскія землі ўжо былі ахрышчаныя. Хрысьціянства ўсходняга (або грэцкага) абраду было там ужо некалькі стагодзьдзяў. Вільня ж была паганскай. А на захад пашыралася каталіцтва. Гэта паласа магла б кандэнсавацца, каб хоць адно стагодзьдзе была незалежнай дзяржава. Але ўжо ў 1385 годзе была падпісаная ўнія, і зноў на беларускіх землях адбыўся разлом цывілізацыяў – усходняй і заходняй”.

Ракіцкі: “Сёньня Вільня – пераважна каталіцкі горад. Чаму тады ў Вільні ўсё ж перамог усходні (грэцкі ці рускі) абрад?”

Іпатава: “Я не сказала б, што ён перамог. Лепей сказаць – ён захаваўся. Таму што ўжо ў канцы 14-га стагодзьдзя Ягайла, Вялікі князь Польскі, і Вітаўт, Вялікі князь Літоўскі, хрысьцілі паганскую Вільню. І, магчыма, Вільня стала б спрэс каталіцкай, калі б не было духоўнага подзьвігу трох пакутнікаў. Мне так падаецца. Менавіта такая сытуацыя дапамагла захаваць праваслаўе ў часы палянізацыі і каталізацыі”.

Ракіцкі: “Давайце ўявім іншае разьвіцьцё падзей. Як яны маглі б разьвівацца, з Вашага гледзішча?”

Іпатава: “Подзьвіг віленскіх пакутнікаў, як Брэдбэраў матылёк, зьмяніў хаду падзеяў. Але ўявіць сабе можна некалькі варыянтаў іншага разьвіцьця гісторыі. Пры каталізацыі, калі прыехалі два ўладары – польскі і літоўскі, і праводзілі хрышчэньне па заходняму абраду, Вільня стала б каталіцкай. Скарыліся б і ўсходнія беларускія землі, менскія і полацкія, якія ўжо былі праваслаўнымі, і вынікам стала б адзіная польская дзяржава. Ня думаю, што пры такім разьвіцьці падзеяў магла б захавацца самастойная беларуская дзяржава. Другі варыянт. Дзяржава магла б захавацца як самастойная, калі б Вітаўт пазьней прыняў Карону. Яшчэ была і трэцяя сіла – крыжакі. Яны скарысталіся з таго, што гэтыя землі былі не ахрышчаныя, і спрабавалі захапіць іх. Урэшце перамаглі Польшча і Вялікае Княства Літоўскае, пераламалі хрыбет ордэну. Але маглі быць і іншыя варыянты разьвіцьця падзеяў”.

Ракіцкі: “Натуральна. І мы з вамі зараз перайшлі ад, здавалася б, пытаньня рэлігійнага выбару да пытаньня выбару палітычнага, культурніцкага, цывілізацыйнага. Пакутнікі за хрысьціянства... Іх было, напэўна ж, значна болей, чым трое віленчукоў. Ці можна іх называць пакутнікамі за нацыю, яе гістарычную пэрспэктыву? І ўвогуле -- ці заўсёды ў беларускай гісторыі супадаў інтарэс рэлігійны і нацыянальны?”

Іпатава: “Пакутнікамі за нацыю мы іх наўрад ці можам назваць. Яны гаварылі за веру хрысьціянскую. Па-сутнасьці, яна вышэй за нацыі. Бог вышэй усіх нацыяў і палітычнага жыцьця. Але аб’ектыўна атрымалася так, што яны садзейнічалі захаваньню праваслаўя і супрацьстаяньню палянізацыі. Так, яны былі за нацыю. Але мы ня можам з пэўнасьцю сказаць, што было б лепей для Беларусі – праваслаўе ці каталіцызм? Таму можа аднолькава існаваць як погляд усходняга хрысьціянства, гэтак і заходняга. Мы можам тут спрачацца, але па-сутнасьці Бог – адзін. І таму яны садзейнічалі, як мне падаецца, усё ж нацыі, яе духоўнаму разьвіцьцю. Любой нацыі патрэбны духоўны подзьвіг. Патрэбен ён і сёньня, каб захоўваць беларускае, захоўваць свабоду духу. Тым самым мы захоўваем сваю дзяржаву” .

Ракіцкі: “У мінулай перадачы мы таксама гаварылі пра праблемы хрышчэньня беларускіх зямель. І этнакультуроляг Тодар Кашкурэвіч заявіў, што бальшыня бедаў беларусаў аж да сёньня мае свае карані ў перамозе хрысьціянства над паганствам. Маўляў, хрышчэньне было першаздрадай беларускага этнасу. І ад таго часу пайшла ў тутэйшых людзей звычка выракацца сваіх культурных традыцыяў. Ваша меркаваньне, спадарыня Вольга”.

Іпатава: “Я думаю, што тут варта ўзгадаць Літву. Яна ж была зусім паганскай. Пасьля адбылася каталізацыя. І каталіцызм імгненна запоўніў усе цывілізацыйныя ячэйкі на больш высокім узроўні. Але ж Літва захавала свае традыцыі. Пытаньне ня ў першаздрадзе. Хрысьціянства на той час было прагрэсіўным. Пытаньне ў тым, што нас разьдзіралі дзьве вялікія суседнія дзяржавы. І гэты цывілізацыйны разлом застаўся аж да сёньня. Беларусы яшчэ і сёньня свайго выбару не зрабілі. А тады праваслаўныя гаварылі не за Масковію ў Вялікім Княстве Літоўскім, а за Вялікае Княства Літоўскае. І каталікі таксама былі за Вялікае Княства Літоўскае”.

Той куточак Вільні, дзе пакутнікі сталі апошнімі ахвярамі сьвятарнага дуба, і дасюль мае выразную беларускую афарбаванасьць і рэха Альгердавых часоў. Тут і Вострая Брама з Пагоняй і іконай Вострабрамскай Божай Маці, якую прывёз Альгерд з Корсуні пасьля бітвы на Сініх Водах; і Сьвята-Духаў манастыр з мошчамі пакутнікаў; і будынак, дзе сядзелі філяматы і філярэты з Наваградчыны, а пасьля шмат гадоў працавала Віленская беларуская гімназія. А на тым месцы, дзе стаяў той самы сьвяшчэнны дуб, паўстала царква менавіта ў гонар трох беларускіх сьвятых. Брацтва ў іхны гонар месьціцца ў Менску, у Петрапаўлаўскай царкве на Нямізе.
XS
SM
MD
LG