Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гасеўскі: “У дачыненьнях з Лукашэнкам ёсьць два галоўных пытаньні – правы чалавека і правы польскай меншасьці"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы працягваецца дыскусія ў справе магчымага дыялёгу зь цяперашнімі беларускімі ўладамі: варта перарваць палітычную ізаляцыю афіцыйнага Менску ці не?

Лідэр кансэрватыўна-лібэральнай партыі Унія рэальнай палітыкі Януш Корвін-Мікэ выказвае адназначны погляд на пытаньне магчымага дыялёгу з афіцыйным Менскам – ён, выкарыстоўваючы рэзкія гістарычныя паралелі, лічыць, што размаўляць трэба ў імя нацыянальных інтарэсаў Польшчы і прычым неадкладна, бо іначай праз некаторы час Польшча, магчыма, будзе межаваць з Расеяй.



Корвін-Мікэ: "Я не разумею – з Ягайлам можна было размаўляць, а ён жа быў антыпольскі – палякаў забіваў, але тым ня менш стаў каралём Польшчы. Дык чаму тады не размаўляць з Лукашэнкам?"

Прадстаўнікі партыяў, якія ў адрозьненьні ад Уніі рэальнай палітыкі, уваходзяць у Сэйм цяперашняга пятага скліканьня, выказваюцца больш стрымана. Віцэ-сьпікер Сэйму, адзін зь лідэраў апазыцыйнай Грамадзянскай плятформы Браніслаў Камароўскі кажа, што перадусім трэба вызначыцца, што маецца на ўвазе калі палітыкі кажуць пра "дыялёг зь Менскам".



Камароўскі: "Эўразьвяз зрабіў шэраг захадаў, якія выключылі Беларусь з удзелу ў некаторых палітычных спатканьнях. Але ніхто ня кажа, што нельга размаўляць, бо размаўляюць часам са значна горшымі рэжымамі, каб паспрабаваць зьмяніць іх да лепшага. Пытаньне ў тым, што мы разумеем, гаворачы пра такія размовы. Калі мы павінны прызнаць, што рэжым Лукашэнкі гэта "нармальнасьць", дык гэта была б катастрофа. Але калі гэта азначала б інфармаваньне Менску аб тым, што Лукашэнка павінен зьмяніць стаўленьня да ўласных грамадзянаў, у тым ліку і дэмакартычнай апазыцыі,саюзу палякаў, дык размаўляць ня толькі можна, але трэба".

Лічыцца, што палітыкі правых партыяў, такіх, як Грамадзянская плятформа, менш схільныя да дыялёгу з цяперашнімі беларускімі ўладамі, аднак партыйны калега Браніслава Камароўскага, легенда антыкамуністычнай апазыцыі сэнатар Стэфан Несялоўскі, абвяргае гэтае распаўсюджанае меркаваньне.



Несялоўскі: "Я ўвогуле хутчэй за дыялёг, бо палітыка ізаляцыі да нічога не прывядзе. На маю думку, лепш выкарыстоўваць палітыку перніка і пугі – гэта значыць весьці дыялёг, але чакаць і на крокі з боку Лукашэнкі".

Дзікавіцкі: "Дык вы лічыце, спадар сэнатар, што не патрэбныя нават папярэднія ўмовы – напрыклад вызваленьне палітвязьняў? Варта і так размаўляць?"

Несялоўскі: "Думаю, варта, таму, што такая ж сытуацыя калісьці была і ў Польшчы. Мы сядзелі ў турмах у камуністычныя часы, але заходнія дзяржавы вялі перамовы з тагачаснымі ўладамі ПНР. Гэта павінна рабіцца адначасова – падтрымка дэмакратычных працэсаў але і некі дыялёг з Лукашэнкам таксама патрэбны".

У сваю чаргу дэпутат Рышард Каліш, вядучы палітык Саюзу левых дэмакратаў, посткамуністычнай партыі – адной з палітычных сілаў, якія лічацца схільнымі да больш гнуткай палітыкі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску, наадварот, лічыць, што падставаў да дыялёгу зь беларускімі ўладамі няма.



Каліш: "Я лічу, што Лукашэнка пакуль не паказаў нам, што ён хоча сысьці, бо галоўнае пытаньне гэта выбары, рэфэрэндум – ці былі яны легітымныя, справядлівыя? З гэтым да канца не разабраліся, таму ня бачу ніякіх падставаў да пачатку перамоваў. Але што тычыцца супрацоўніцтва на ніжэйшым узроўні, напрыклад вырашэньня памежных пытаньняў, тут размаўляць трэба".

Кіраўнік парлямэнцкай фракцыі кіруючай у Польшчы партыі "Права і справядлівасьць" Марак Кухціньскі кажа, што найперш беларускія ўлады павінны пайсьці насустрач Эўразьвязу – перадусім вызваліць палітзьняволеных і забясьпечыць свабоду слова ў краіне.



Кухціньскі: "Апазыцыя павінна мець магчымасьць свабодна працаваць. Без апазыцыі няма дэмакратыі, а ў Эўразьвязе няма размовы з недэмакратычнымі краінамі. Спачатку трэба забясьпечыць такую магчымасьць, а потым ужо пойдуць і пытаньні эканамічнага разьвіцьця ды іншыя. Апазыцыя павінна мець права зьбірацца, аб’ядноўвацца, выказваць свае погляды і мець доступ да мэдыяў перадусім".

"Правая рука" прэм’ер-міністра Яраслава Качыньскага, міністар у ягонай канцылярыі Пшэмыслаў Гасеўскі заявіў Свабодзе, што папярэднія ўмовы ўлады ў Менску павінны ўсё ж выканаць.

Гасеўскі: “Для нас у дачыненьнях з Лукашэнкам ёсьць два галоўных пытаньні – правы чалавека і правы польскай меншасьці. Калі гэтыя пытаньні будуць вырашаныя, мы напэўна будзем гатовыя да дыялёгу. Калі будуць перамены да лепшага ў Беларусі, гэта будзе важным сыгналем таксама і для Эўразьвязу”.

Дзікавіцкі: "Значыць дыялёг зь Менскам магчымы толькі пасьля выкананьня гэтых умоваў?"

Гасеўскі: "Я хачу сказаць, што мы заўсёды казалі пра выкананьне гэтых умоваў, тым больш, што мы вырасьлі з "Салідарнасьці". Гэта вельмі важна, але кожная ўлада можа мяняцца, таксама і ўлада ў Менску".

Між тым найбольш высокапастаўлены прадстаўнік польскіх уладаў зь якім атрымалася паразмаўляць – намесьнік прэм’ер-міністра Раман Гертых на пытаньне, ці дапускаеце вы магчымасьць дыялёгу з цяперашнімі беларускімі ўладамі, выказаўся найкарацей з усіх нашых суразмоўцаў.



Гертых: "Вельмі абмежаваную, калі ўвогуле".
XS
SM
MD
LG