Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сярод вэтэранаў-аўганцаў няма адзінства?


Ігар Карней, Менск 15 лютага 1989 году завяршыўся вывад савецкага вайсковага кантынгенту з Аўганістану, і была пастаўленая кропка ў амаль 10-гадовай вайне. “Выдаткамі” вайны сталі сотні тысяч ахвяраў сярод мірных жыхароў Аўганістану, яшчэ 15 тысячаў загіблых прыходзіцца на шарагоўцаў і афіцэраў савецкай арміі. У ацэнцы тых падзеяў не сыходзяцца нават непасрэдныя ўдзельнікі ваенных дзеяньняў, што прычынілася да расколу ў цяперашнім аўганскім руху.

У дзень 18-й гадавіны з моманту вываду савецкіх войскаў з Аўганістану адбудуцца прымеркаваныя да гэтай даты імпрэзы. Традыцыйна на Высьпе мужнасьці і смутку ў Траецкім прадмесьці пройдзе мітынг з удзелам былых “інтэрнацыяналістаў” і прадстаўнікоў органаў улады. Фонд “Памяць Аўгану” арганізуе аўтакруіз па маршруце: Менск-“Лінія Сталіна”-Барысаў-Орша-Віцебск-“Поле ратнай славы” (“філія” “Лініі Сталіна” пад Полацкам). Як кажа прадстаўнік фонду Аляксандар Базарнаў, на тэрыторыі згаданых “мэмарыялаў” заплянаваныя ваенныя інсцэніроўкі.

Базарнаў: “Што да гэтага моманту, то фонд “Памяць Аўгану” вельмі хвалюе, каб пачатая справа не была кінутая “насмарку”. Гэта самая балючая наша тэма. Таму што калі мы нейкім чынам загубім гэтую добрую справу, калі зараз пачнём кідаць у сьнег, у бруд усё гэта, маўляў, правялі нейкае сьвята для птушачкі, для справаздачы, але ў выніку ўсё загніе і загубіцца, то мы самі сабе гэта не даруем. Таму мы хочам, каб гэта ўсё ня толькі прастаяла шмат гадоў, але пастаянна абнаўлялася і, мала за тое, павялічвалася”.

Кіраўнік аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане Аляксандар Камароўскі з Жодзіна ўладныя праекты з прыцягненьнем “аўганцаў” параўноўвае з гульнямі ў “Зарніцу” і перакананы: аўганскім арганізацыям трэба змагацца перадусім за свае правы. Месяц таму ў газэце “Народная воля” падпалкоўнік Камароўскі надрукаваў адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яго, нарэшце неабходна заканадаўча вызначыць статус воіна-інтэрнацыяналіста як удзельніка вайны з выдачай дзяржаўнага ўзору пасьведчаньня і вызначэньнем ільготаў. У адпаведнасьці з Законам аб вэтэранах, “аўганцам” льготы даюцца толькі пасьля дасягненьня 60-гадовага ўзросту, што для многіх проста неактуальна – сьмяротнасьць сярод гэтай сацыяльнай праслойкі проста палохае.

Камароўскі: “Увогуле трэба ведаць усю сытуацыю, якая суправаджае аўганскі рух. Фонд “Памяць Аўгана” – гэта ўсё дзяцінства, чым, шчыра кажучы, і мы займаліся 20 гадоў. Галоўнае цяпер – вырашэньне трох момантаў, якія я ўказваў у лісьце: статус удзельніка вайны, пасьведчаньне, льготы. Вось што нарэшце канкрэтна павінна быць вырашана для людзей, якія рэальна ўдзельнічалі ў вайне і якія літаральна выміраюць, хаваць не пасьпяваеш. А прабегі гэтыя… Так, падтрымлівае тую ж “Памяць Аўгану” вышэйшае кіраўніцтва, дадуць пару капеек на прабег. Але гэта ўсё туфта, гэта ўсё ня тое. Канешне, трэба і гэтым займацца, але ня гэта галоўнае”.

Аляксандар Камароўскі перакананы: за свае непапулярныя ініцыятывы асобныя аўганцы актыўна перасьледуюцца. Самы яскравы прыклад – з ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам, які адбывае пакараньне паводле абвінавачаньняў у эканамічных злачынствах. За рэзкія выказваньні церпяць і іншыя ўдзельнікі аўганскіх падзеяў – мастак Алесь Пушкін, праваабаронца Алег Волчак. І нават загіблыя на той вайне салдаты ўпарта не прымаюцца на гэтым сьвеце, – лічыць маці забітага шарагоўца Ларыса Ладуцька.

Ларыса Ладуцька: “Гэтых хлопцаў – хто вярнуўся, хто не вярнуўся, але ж іх выпраўлялі на вайну. Гэта ж цалкам зразумела! І я не магу зразумець наступнае. Аднаго разу па радыё чула, як нейкі ўдзельнік вайны выказаўся: маўляў, знайшлі мне ваякаў, аўганцаў. Мы ваявалі чатыры гады, а яны – год, і ўжо хочуць да нас прымазацца. Як можна такое сказаць! Гэта ж іхныя таксама сыны. Ніводзін не спужаўся, не пабег назад, ня стаў прасіць, маўляў, не паеду. Цяжка, складана было, аднак жа яны там засталіся! І вэтэраны чамусьці заўсёды ў нас станоўчыя, а нашы дзеці так і засталіся дрэннымі”.



У пэрыяд з 1979 па 1989 гады ў Аўганістане праходзілі тэрміновую службу каля 30 тысяч ураджэнцаў Беларусі. 771 зь іх загінулі, звыш тысячы былі пакалечаныя, атрымаўшы раненьні рознай ступені.

XS
SM
MD
LG