Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Свабода прэзэнтуе “Альбом сямейны”


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў менскім Палацы мастацтваў а 16-ай гадзіне адбудзецца прэзэнтацыя “Альбому сямейнага” Вінцэся Мудрова. Гэта адзінаццатая кніга ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У “Альбом сямейны” ўвайшлі зацемкі Вінцэся Мудрова, якія гучалі на хвалях Радыё Свабода больш як пяць месяцаў і нагадвалі слухачам пра страшныя, сьмешныя й забытыя словы савецкай эпохі. Перадача гучала ў эфіры Свабоды з чэрвеня па ліпень. У кнігу трапілі 99 эсэ са 110, якія прагучалі ў эфіры. Прапануем водгукі першых чытачоў кнігі.

“Правінцыйны комплекс у кніжцы ёсьць, на жаль”

Музыка і шоўмэн Аляксандар Памідораў зьвярнуў увагу на наступныя адметнасьці “Сямейнага альбому”.

Памідораў: “З аднаго боку трошкі цяжкавата, паколькі я не нарадзіўся ў сярэдзіне 50-х гадоў. Зь іншага боку ёсьць рэчы, якія я таксама памятаю і бачыў ў сваіх дзядзькоў і бабуляў. Але ўсё ж я, як чалавек са сталіцы, заўважаю, што кніга напісаная чалавекам, які ў сталіцы ня жыў. Нейкі час ён там, можа, працаваў ці вучыўся, але ўсё ж правінцыйны комплекс у кніжцы ёсьць, на жаль. Сустракаюцца такія рэчы накшталт “у нас Наваполацку ўсё было гэтак...” Я з гэтым сустракаўся, бо калісьці людзі мне распавядалі, напрыклад, “у Ваўкавыску былі самыя новыя грамплястынкі, а не ў Менску”. Гэта сьмешна. Хаця, у прынцыпе, мне кніга вельмі спадабалася, хоць і ўсё ж там былі і некаторыя гістарычныя недакладнасьці”.

“Маладыя хлопцы называлі “Беламорканал” “Кэнэл”, ледзь ня “Кэмэл”

Своеасаблівай энцыкляпэдыяй савецкага жыцьця назваў “Альбом сямейны” пісьменьнік Валянцін Тарас.

Тарас: “Гэта тое, што ляжала пад рукамі. Ніхто не ўзяў гэта ў рукі, як належыць. Атрымалася вельмі харошая, таленавітая і з гумарам, і крышачку з сумам кніжка. Такая своеасаблівая энцыкляпэдыя савецкага жыцьця – на пабытовых дэталях, на тым, чым чалавек жыве штодзень і не зьвяртае нават увагі на гэта. А ён усё гэта сабраў, абагульніў. Добрай мовай ўсё гэта напісана. Чым падкупаюць гэтыя навэлкі? Заўсёды ў кожнай ёсьць нейкая жывая дэталь, якая дазваляе ўбачыць чалавека, які меў дачыненьне да таго, пра што расказваецца. Напрыклад, ён расказвае пра папяросы “Беламорканал”. І ён згадвае, як курыў бацька, што ён курыў. Расказвае так мімаходзь пра чалавека, які ўсё жыцьцё хацеў перайсьці з танных нейкіх папяросаў, здаецца, “Норд” на “Беламорканал”, і так і не дачакаўся, грошай не хапала. І, канечне, выдатна абсалютна ў гэтай жа навэлцы, як маладыя хлопцы называлі гэты “Беламорканал” “Кэнэл”, ледзь ня “Кэмэл”.

“Такія кніжкі трэба яшчэ і экранізаваць”

Журналістка Алена Данэйка кажа, што вельмі добра, што Радыё Свабода мае магчымасьць выдаваць такія кніжкі.

Данэйка: “Бо з савецкага мінулага беларускія афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі часьцей за ўсё робяць міты, якія маюць мала агульнага з тым, што адбывалася насамрэч. Натуральна, што з мінулага людзі памятаюць лепшае. Але не было ўсё ў такім шакалядзе, калі падаюць цяперашнія агітатары. У нашым выпадку трэба было б памятаць рознае, у прыватнасьці тое, што сталася тормазам шматлікіх працэсаў, якія б мелі адбыцца, калі б людзей не прымушалі жыць у межах ідэалягічных стэрэатыпаў. Штосьці з гэтага сёньня падаецца сьмешным. Штосьці засталося і сёньня, але яно існуе ў другім выглядзе, але існуе. Добра, што такая кніжка ёсьць, таму што, напрыклад, мой сын ужо ня ведае шмат чаго, што было зусім нядаўна. І няшмат цяпер крыніцаў, зь якіх гэта можна было б чэрпаць. Я бы прапанавала наогул такія кніжкі яшчэ і экранізаваць, рабіць зь іх фільмы”.

Гл. таксама

• “Альбом сямейны”: за і супраць

Гл. таксама

• Адзінаццатая кніга Радыё Свабода — “Альбом сямейны

Гл. таксама

• “Альбом сямейны”: першыя водгукі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG