Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто з палітвязьняў патрапіць пад амністыю?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Міністэрстве ўнутраных справаў пачалі рыхтавацца да амністыі зьняволеных. Хто з палітвязьняў можа разьлічаць на амністыю, калі яна сапраўды адбудзецца?

У Беларусі апошняя амністыя асуджаных была ў 2005-м годзе. Летась пра яе было шмат чутак, але датэрміновага вызваленьня не дачакаліся. Як пацьвердзілі ў прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі, 13-га лютага ён загадаў міністру ўнутраных спраў Уладзімеру Навумаву “рыхтаваць пытаньні амністыі грамадзянаў, якія ўчынілі меней цяжкія злачынствы і сталі на шлях выпраўленьня”. У міністэрстве “Свабодзе” сказалі, што ўжо працуюць над выкананьнем даручэньня.

Былы судзьдзя Гары Паганяйла згадвае: звычайна ў Беларусі амністыю прымяркоўваюць да дзяржаўных сьвятаў. У 2005-м яе правялі напярэдадні сьвята Перамогі, годам раней – перад днём Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але збольшага адпаведны закон могуць прыняць у любы час, як спатрэбіцца ўладзе, мяркуе Гары Паганяйла. Праваабаронца не выключае, што пад амністыю падпадзе большасьць палітвязьняў.

Паганяйла: “Але дакладна ў прэамбуле закону аб амністыі ня будзе ўказана, што вось, маўляў, у сувязі з патрабаваньнямі грамадзкасьці мы вызваляем гэтых і гэтых. Канешне, улада на гэта ня пойдзе. Але фактычна гэта можа быць выкананьнем пэўных патрабаваньняў Эўропы, толькі быццам пад выглядам амністыі крымінальнікам”.

Гары Паганяйла перакананы, што беларускія ўлады ніколі не дапусьцяць у турмы незалежных экспэртаў, які б вызначалі, ці ёсьць ў краіне палітвязьні. Нагадаю, менавіта гэтую умову для дыялёгу Эўропы зь Менскам агучыў днямі старшыня ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн.

Хто з палітвязьняў мае шанцы ў выпадку амністыі выйсьці на волю? Адвакат Аляксандр Галіеў абараняў лідэра Маладога фронту Зьмітра Дашкевіча, якога зьняволілі на паўтара году.

Галіеў: “Калі зьнімуць год паводле амністыі, а паўгоду ён ужо адбыў, то пасьля прыняцьця закону аб амністыі Дашкевіч мусіць вызваліцца”, – мяркуе адвакат Аляксандр Галіеў. Пры гэтым ён нагадвае, што адміністрацыя калёніі будзе ўлічваць і паводзіны асуджанага. Зьміцер Дашкевіч ў калёніі ўжо атрымаў два спагнаньні.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч як вялікія ацаніў шанцы на вызваленьне усіх палітвязьняў, акрамя Аляксандра Казуліна.

Стэфановіч: “Калі будзе амністыя, то выйдуць на волю Фінькевіч, Севярынец, Статкевіч, якія фактычна свае тэрміны ўжо амаль адбылі, і амністыя іх цалкам паглыне. Гэтаксама і Садоўская – тым больш яна падпадзе пад асобную групу асуджаных: жанчыны сталага веку. А вось з Казуліным будзе праблема, бо 5,5 гадоў пакараньня ніводная амністыя не пагасіць. Хіба што яго пэрсанальна Лукашэнка памілуе”.

Як патлумачыў адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч, ягоны падабаронны не прызнае сябе вінаватым і дамагаецца не амністыі ці ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, а цалкам адмены прысуду.


Паводле дадзеных міністэрства ўнутраных спраў, пад амністыю 2005 году з болей як 45 тысяч зьняволеных выйшлі на волю каля 3 тысяч, некалькі тысяч атрымалі скарачэньне тэрміну. У міліцыі не даюць зьвестак, колькі людзей з тых, хто датэрмінова выйшаў на волю, зноў патрапілі ў турму. Незалежныя назіральнікі лічаць, што рэцыдывістаў сярод асуджаных у Беларусі болей за 20%.

XS
SM
MD
LG