Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартыралёг зьнішчаных савецкай уладай помнікаў архітэктуры Горадні


Сяргей Астраўцпў, Горадня Гарадзенскі краязнаўца Алесь Госьцеў жыве ў Старым горадзе, раніцай ідзе на працу міма старасьвецкіх камяніц і сочыць за зьменамі ў архітэктурным “ляндшафце”. Ён пачаў складаць “мартыралёг” страчаных будынкаў. Да гэтага яго падштурхнула нядаўняе разбурэньне камяніцы ў стылі канструктывізму, уратаваць якую спрабавалі гісторыкі і краязнаўцы.

Карэспандэнт: “Мы робім вандроўку па горадзе зь вядомым гарадзенскім краязнаўцам Алесем Госьцевым. Ён вырашыў скласьці “мартыралёг” архітэктурнай спадчыны гораду”.

Госьцеў: “Трэба сказаць, што ў мяне ўзьнікла думка складаць такі рэестар, як я зараз для сябе адзначыў, усіх зьнішчаных збудаваньняў з 1946 году, з часу першага пасьляваеннага зьнішчэньня — гарадзкой ратушы і да сёньняшняга дня”.

Карэспандэнт: “Мы пытаемся ў мінака: ці ведаеце вы — што за архітэктурны помнік знаходзіўся на гэтым месцы?”

Маладзён: “Гарадзенцы ведаюць, што на гэтым месцы быў самы шыкоўны, самы вялікі касьцёл у горадзе — Фара Вітаўта, старэйшыя людзі помняць яго. Але я лічу, што адбудоўваць яго, можа быць, няма сэнсу. Гэта вымагае шмат грошай і наўрад ці ў нашых умовах будзе рэальным”.

Госьцеў: “А ў мяне зьяўляецца такая тэрміналёгія: гэта лякуны, пустоты, якія утварыліся пад час пасьляваенных зносаў будынкаў”.

Карэспандэнт: “Мы зараз накіруемся якраз да адной з такіх лякунаў, як іх называе Алесь Госьцеў. Менавіта на гэтым месцы знаходзілася ратуша?”

Госьцеў: “Так-так”.

Карэспандэнт: “Тут гісторык Віталь Карнялюк”.

Карнялюк: “Ратуша для Горадні — абсалютна натуральны будынак. Ясна, што цяпер пра гэта гаварыць вельмі складана. Хочацца спадзявацца, што яна будзе вернутая, як будзе вернутая і Фара Вітаўта. Гэтыя будынкі — абавязковыя для нашага гораду, яны павінны вярнуцца”.

Карэспандэнт: “Апроч энцыкляпэдый, зьвесткі пра наш горад я чэрпаў таксама з кнігі “Кронан”, якую склалі Алесь Госьцеў і Вячаслаў Швед —вядомы гарадзенскі гісторык”.

Госьцеў: “Сапраўды, калі зараз асэнсоўваць, як я прыйшоў да гэтага “мартыралёгу”, “Кронан” быў, бадай, першай прыступкай. А апошнім крокам зьяўляецца ідэя такога рэестру зьнішчаных збудаваньняў”.

Карэспандэнт: “Мы падыходзім да дому ў стылі “мадэрн”, тут зьявіўся вялізны прыгожы транспарант: рэканструкцыя дома купца Мураўёва пад гатэль. Але пакуль нічога ня робіцца, наколькі я бачу. Ці ўдасца ўратаваць гэты будынак?”

Госьцеў: “Няма ў мяне такой упэўненасьці: па-першае, што калі дом і адновяць, што ён тады будзе адпавядаць таму сапраўднаму дому купца Мураўёва. Я сам памятаю — якія там былі цудоўныя кафляныя печы і расьпісныя сьцены. Усё гэта было зьнішчана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG