Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Los Angeles Times”: “Пуцін: вош, якая зарыкала”


Сяргей Абламейка, Прага У апошнія дні прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прынамсі двойчы напалохаў заходні сьвет. Спачатку на канфэрэнцыі ў Мюнхене ён выступіў з рэзкай крытыкай палітыкі Злучаных Штатаў, а пасьля, падчас візыту ў Саудаўскую Арабію, загаварыў пра магчымасьць шчыльнага супрацоўніцтва з гэтай краінай у газавай галіне. У выніку на Захадзе са страхам пачалі гаварыць пра магчымасьць стварэньня газавага картэлю і газавага дыктату з боку яго ўдзельнікаў. Выступы Пуціна працягвае актыўна камэнтаваць заходні друк.

Некаторыя заходнія газэты зьмясьцілі артыкулы зь непрывычна жорсткімі загалоўкамі. “Los Angeles Times” у артыкуле “Пуцін: вош, якая зарыкала”, адзначае, што прэзыдэнту Расеі варта спачатку падумаць аб уласнай антыдэмакратычнай агрэсіі, перш чым умацоўваць настальгію расейцаў па Саветах. На першы погляд, піша выданьне, словы Пуціна падобныя да стандартных прэтэнзіяў заходніх лібэралаў да “аднаасобнага лідэрства” Амэрыкі, але з вуснаў антылібэральнага лідэра гэтыя словы мелі зусім іншае адценьне – злавеснае і абсурднае.

“International Herald Tribune” назвала свой артыкул “Пуцінская ўдзячнасьць – поўха Бушу”. Газэта пералічыла саступкі Расеі, якія зрабіў Вашынгтон за мінулы год. Насуперак прапановам спыніць членства Расеі ў “Вялікай васьмёрцы” і праігнараваць саміт гэтай структуры ў Санкт-Пецярбурзе, Буш на саміт паехаў. І што ў адказ? – пытаецца выданьне і адказвае: ніякіх крокаў насустрач ад Масквы па Іране Буш не дачакаўся – наадварот Расея да поўнай неэфэктыўнасьці зьмякчыла рэзалюцыю ААН у справе Ірану, а пуцінскі рэжым працягваў палітыку энэргетычнага шантажу і, падобна, прыклаў руку да забойства былога афіцэра ФСБ Літвіненкі. А далей газэта зьедліва заклікае не ўспрымаць выступ Пуціна ў Мюнхене як пачатак новай “халоднай вайны”, бо “такі канфлікт яўна не ў інтарэсах дзяржаваў з сыравіннай эканомікай, чыя дэмакратычная структура паводле ўзроўню разьвіцьця прыкладна адпавядае Нігерыі”.

Газэта “The Wall Street Journal” зьмясьціла артыкул пад назвай “Chutzpah у перакладзе на расейскую азначае нахабства”. “У Вас, – зьвяртаецца выданьне да самога Пуціна, – расейская нацыя здабыла увасабленьне нахабства... Пасьля Вашага суботняга выступу... Вас спыталі аб забойстве 7-га кастрычніка журналісткі Анны Паліткоўскай, якая выкрывала існуючыя парадкі. Вы нават імя яе ня вымавілі. Аднак вы паслужліва адзначылі, што за апошнія паўтара году “самая вялікая колькасьць журналістаў загінула ў Іраку”. Гэта так. Але Масква – ня зона ваенных дзеяньняў. І ў параўнаньні з Расеяй у Іраку даволі свабодная прэса. Пасьля Вашага прыходу да ўлады было зьдзейсьнена 13 заказных забойстваў рэпартэраў... І ні ў водным з гэтых выпадкаў падазраваным нават не было выстаўлена абвінавачаньне...”

Брытанская “The Financial Times” пытаецца: якія мэты расейскага прэзыдэнта? І адказвае: магчыма, яны значна больш сьціплыя, чым тыя, аб якіх загаварылі ў Вашынгтоне і Брусэлі. Гэта не барацьба за саюзьнікаў пасьля заканчэньня “халоднай вайны” і ў пачатку новай канфрантацыі, а ўсяго толькі жаданьне зноў лічыцца гульцом на больш шырокай арэне...

Нямецкая “Die Welt” называе візыт Пуціна на Блізкі Ўсход своеасаблівым бізнэс-турнэ. “Сыравінная дзяржава Расея імкнецца да больш шчыльнага саюзу з газавымі і нафтавымі экспартэрамі і шукае шляхі выхаду на міжнародную арэну,” – піша газэта.

А амэрыканская “The Washington Post” выступае са спачувальным артыкулам “Момант, які Пуцін не павінен страціць”. Аўтар тэксту піша, што ён прысутнічаў ў залі мюнхенскай канфэрэнцыі падчас выступу Пуціна. На яго думку, у прамове расейскага лідэра гучала ня столькі ваяўнічасьць, колькі “гонар, дзёрзкасьць, зьедлівасьць”, а сам Пуцін трымаўся “з выклікам”. На думку аўтара артыкулу, словы Пуціна зьяўляюцца праявай горкага пачуцьця, якое распаўсюджанае ў Расеі. Пакаленьне Пуціна вырасла ў краіне, якая валодала статусам “звышдзяржавы”, і цяпер яны ня хочуць, каб зь імі не лічыліся, – піша “The Washington Post” .
XS
SM
MD
LG