Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аблога 14 лютага


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускана інтэрнэту.

Удзельнікаў форумаў парталу сёньня зацікавіла інфармацыя агенцтва БелаПАН пра тое, як актывісты БРСМ у Віцебскай вобласьці сьвяткавалі Дзень закаханых. Удзельнікі акцыі “За каханую Беларусь!” Найбольшую колькасьць “валянцінак” напісалі кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку й тэнісісту Максіму Мірнаму. Папулярнасьцю карысталіся таксама сьпявачкі Алеся, Ксенія Сітнік, Іна Афанасьева, ураджэнка Віцебску Ларыса Грыбалёва, тэлевядоўца Сяргей Кухто, спартовец Вадзім Дзевятоўскі. Вось што пра гэта думаюць наведвальнікі парталу:

“Ці можна было зганьбіць такое сьветлае сьвята? Як выяўляецца, можна…”

“Я думаў, гэта анэкдот – пра каханьне да Радзімы… Я нешта прапусьціў? Таварыш сьвяты Валянцін прапагандаваў каханьне да Радзімы?”

“Дарэчы, ад 2 лютага ўказам Савету міністраў дзеяньне лічыльнікаў за ваду ў міжацяпляльны сэзон скасоўваецца. Уся разьліковая частка будзе па лічыльніку ЖЭСу. Учора ў “Бухгалтерском журнале” чытаў. Дык гэта разумець як падарунак саўміна закаханым, ці падрыхтоўка да выкананьня дырэктывы №3?”

Нехта Aliaksei вырашыў абмеркаваць у суполцы Жывога журналу сёньняшнія тэленавіны: “Увечары на блакітных экранах, адразу пасьля справаздачы пра разгон Маладога фронту на плошчы Свабоды… Прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі правялі 14 лютага ў Менску акцыю абмену бела-чырвона-белых значкаў на значкі зь дзяржаўнай сымболікай”. Камэнтары чальцоў суполкі:

“Значкі – гэта лухта. Ім трэба было зладзіць пэрформанс, дзе маладыя актывісты апазыцыі моляць даць ім другі шанец і прагаласаваць за Лукашэнку”.

“Ну як можна зьмешваць палітыку з такім сьвятам. І да чаго тут значкі?”

“Нашто БРСМ бел-чырвона-белыя значкі?”

Аўтары сайту зьмясьцілі адсканаваную дамову фізычнай асобы зь “Беларусбанкам” на абслугоўваньне крэдытнай карткі. У адным з пунктаў дамовы падазначаныя форс-мажорныя абставіны: “Бакі не нясуць адказнасьць за страты, нанесеныя іншым бокам неналежным выкананьнем абавязаньняў па гэтай дамове, калі такое неналежнае выкананьне абавязаньняў было выклікана ўзьдзеяньнем неадольнай сілы (збоі ў працы сыстэмаў телекамунікацыяў, рашэньні дзяржаўных ворганаў Рэспублікі Беларусь, паводкі, пажар, землятрус ды іншыя стыхійныя бедзтвы)”.

Lionelia апавядае гісторыю адной валянцінкі. “У школе, дзе я вучылася, таксама працавала пошта на Дзень Сьвятога Валэнтайна. Аднойчы… мы з аднаклясьніцамі вырашылі зрабіць падарунак нашым хлопцам-аднаклясьнікам, даслаўшы ім ананімныя валянцінкі. Ды яшчэ і так, каб яны ніколі-ніколі не здагадаліся, што гэта былі мы… Дастаўся мне мой аднаклясьнік Алег. Я, як вялікі канспіратар, прадумала кожную дробязь… Напрыканцы я напісала "Love". І вось тут, як у найлепшых дэтэктывах Агаты Крысьці, я зрабіла мега-момант: літару "L" я напісала як сапраўдны каліч, што вывучае французскую мову, але вырашыла напісаць па-англійску такое прыемнае слова… а ў нашай школе было дзьве мовы: ангельская й французкая… шчыры гонар быў за Алега, бо такую высокамастацкую валянцінку больш ніхто не атрымаў. І па сёньняшні дзень я ўпэўненая, што гэты мой аднаклясьнік нават і аддалена не думаў, што аўтар – я. Дый не прызнаюся я яму ніколі, бо мэта той валянцінкі была ўпэўніць хлопца, што нехта яго ў гэтым сьвеце кахае. І як жа гэта прыемна, калі цябе кахаюць”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG