Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Альбом сямейны”: за і супраць


Ганна Соўсь, Менск Выйшла адзінаццатая кніга ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” — “Альбом сямейны” Вінцэся Мудрова. У выданьне ўвайшлі зацемкі аўтара, якія гучалі на хвалях Радыё Свабода больш як пяць месяцаў - чэрвеня па лістапад - і нагадвалі слухачам пра страшныя, сьмешныя і забытыя словы савецкай эпохі. У кнігу трапілі 99 эсэ са 110, якія прагучалі ў эфіры.

“Мудроў ня проста разьлічыўся, а весела і іранічна разьвітаўся з савецкім мінулым”

Калі летась 5 чэрвеня перадача выйшла ў эфір, меркавалася, што яна скончыцца ў жніўні, аднак зь “летняга”, сэзоннага альбом стаў сямейным, і гучаў на хвалях “Свабоды” да 3 лістапада. Дарэчы назву для кнігі “Альбом сямейны” Вінцэсь Мудроў прыдумаў, седзячы ў аўтобусе, па дарозе з Менску ў Наваполацак. Адным з першых чытачоў “Альбома сямейнага” быў філёзаф Алесь Анціпенка. Ён назваў гэтую кнігу “малой энцыкляпэдыя для людзей генэрацыі Вінцэся Мудрова”.

Анціпенка: “Ягоная кніга – гэта, безумоўна, напамін альбо такое ўтульнае чытво і адкрыцьцё напаўзабытых рэаліяў нашага маленства, дзяцінства, юнацтва і нават студэнцкіх гадоў. А што найболей павесяліла, то гэта навэла пра Таварыства аматараў кнігі. Гэты быў той час, калі проста існаваў неверагодны шал, і тое, што спадар Мудроў з тонкай іроніяй пра гэта распавядае, то папросту гэты ўспамін чытаецца з асаблівай асалодай. Спадар Мудроў адзін з рэдкіх беларускіх пісьменьнікаў, які, напэўна, ня проста разьлічыўся, а весела і іранічна разьвітаўся з савецкім мінулым”.

“Сям’і там вельмі мала”

Былі і крытычныя водгукі. Пісьменьнік Адам Глобус лічыць, што назва “Альбом сямейны” не адпавядае сутнасьці гэтай кнігі.

Глобус: “Сям’і там вельмі мала. Дома, родных, блізкіх вельмі мала. А вось гэтая савдэпія ўся, якую трэба паціху забываць і толькі на ўзроўні музэя ўспрымаць, яна раптам папёрла. Гэта кніжка дысыдэнта, якая павінна была быць напісаная 30 гадоў таму. І мы зараз, як беларусы, са спазьненьнем, але ўсё ў нас будзе як у людзей, зь вялікім спазьненьнем. Гэта мяне крышку расчаравала. І вельмі мала лірычнага, вельмі мала інтымнага, вельмі мала любові, тое, што зьбіраецца ў сямейны альбом.

Сямейны альбом, сямейныя фотаздымкі – для мяне гэта вельмі блізка. Калі мы зойдзем у вясковую хату, там побач з Ісусам Хрыстом будуць вісець фотаздымкі ўнукаў, дзядоў, прадзедаў, сваякоў, і гэта такі сямейны алтар, сямейны альбом. А тут мы прыходзім, і фотаздымак Гагарына...”

”Мне вельмі спадабаўся фотаздымак на першай старонцы”

Адрозна ад Адама Глобуса магілёўскаму публіцысту Аляксею Бацюкову вельмі спадабаўся здымак на вокладцы “Сямейнага альбому”, дзе Фідэль Кастра абдымае Юр’я Гагарына, калі той 1962 годзе наведваў Кубу. Здымак зрабіў вядомы кубінскі фатограф Асвальда Саляс.

Бацюкоў: “Мне вельмі спадабаўся фотаздымак на першай старонцы. Я ўсім на яго паказваю. Гэта проста нейкая казка, цудоўная савецка-кубінская казка. Вельмі прыгожы здымак. Шчыра кажучы, прачытаўшы, я мала што для сябе атрымаў, таму што тыя ўсе рэчы, якія бачыліся спадаром Мудровым у 1960-ыя годы, напэўна, тымі ж самымі вачыма бачыліся спадаром Аляксеям Бацюковым у 1980-ыя гады. Значнасьць усіх гэтых авосек і ложкаў з панцырнай сеткай была той жа самай. Проста я аж ад асалоды прымружыў вочы, калі прачытаў самыя першыя радкі, дзе расказвалася, як ты пацягваешся на ложку з панцырнай сеткай і намацваеш рукамі шарыкі на жалезнай сьпінцы. Мне было вельмі цікава прачытаць, хто такія хунвэйбіны, і як яна атаясамліваюцца ў беларускай культуры. Аказалася, што ўсё ж у беларускай культуры хунвэйбіны ёсьць, прынамсі той сабака, пра якога піша Мудроў”.

Мастаком у “Альбоме сямейным” (як, дарэчы, і ва ўсіх кнігах сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”) быў Генадзь Мацур. Рэдагавала кнігу Аляксандра Макавік, прадмову й падрадковыя заўвагі падрыхтаваў дырэктар Беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук. А Алена Радкевіч была рэдактаркай праграмы “Летні альбом” на хвалях Свабоды, зь якога паўстаў “Альбом сямейны”.

Прэзэнтацыя “Альбому сямейнага” адбудзецца ў чацьвер, 15 лютага ў Палацы мастацтваў а 16-й гадзіне. Уваход вольны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG