Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прэзыдэнт Тукмэністану заступіў на пасаду


Віталь Цыганкоў, Прага Сёньня ў Ашгабадзе быў прыведзены да прысягі новы прэзыдэнт Туркмэністану 49-гадовы Гурбангулы Бэрдымухамэдаў. Кіраўнік Цэнтарвыбаркаму паведаміў, што былы міністар аховы здароўя перамог на прэзыдэнцкіх выбарах, атрымаўшы 89 працэнтаў галасоў. Яўка выбарнікаў, паводле афіцыйных дадзеных, склала 99 працэнтаў.

Адразу ж пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня адбылася цырымонія прывядзеньня да прысягі новага кіраўніка дзяржавы ў прысутнасьці 2500 дэпутатаў Народнай Рады і кіраўнікоў замежных дэлегацыяў. Старшыня ЦВК уручыў Бэрдымухамэдаву пасьведчаньне прэзыдэнта, а старэйшыны пяці вобласьцяў краіны апранулі яму на шыю знак прэзыдэнта. Усяго на пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндавалі 6 прэтэндэнтаў. Бэрдымухамэдаў заявіў:

“Народ Туркмэністану і ўвесь сьвет сталі сьведкамі таго, што барацьба паміж кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта вялася адкрыта і сумленна”

Спраўдзіць гэтае сьцьверджаньне з незалежных крыніцаў, аднак, не выпадае, паколькі ніякія замежныя назіральнікі не былі дапушчаныя да маніторынгу выбарчага працэсу і галасаваньня. Што чакаць ад новага туркмэнскага прэзыдэнта? Некаторымі сваімі заявамі Бэрдымухамэдаў ужо выклікаў пэўныя спадзяваньні ў туркмэнскім грамадзтве на тое, што ён будзе кіраваць больш разважна і мякка ў адрозьненьні ад былога прэзыдэнта Сапармурата Ніязава, які памёр летась у лістападзе.

У прыватнасьці, новы прэзыдэнт паабяцаў разьвіваць прыватны бізнэс і захаваць сацыяльныя ільготы, запэўніў, што ў краіне будзе ўведзеная 10-гадовая школьная сярэдняя адукацыя, адноўлена вывучэньне замежных моваў, заняткі фізычнай культурай. “Як і раней, мой народ будзе карыстацца бясплатным газам, электрычнасьцю вадой, сольлю, захаваюцца нізкія цэны на бэнзін і жыльлёва-камунальную гаспадарку”, -- заявіў Бэрдымухамэдаў. Ён нават паабяцаў, што грамадзянам краіны будзе дазволена вучыцца за мяжой і мець доступ у Інтэрнэт.

Але для астатняга сьвету, бадай, найбольш важным было пачуць тыя словы Бэрдымухамэдава, у якіх ён запэўніў, што Туркмэністан будзе працягваць выконваць усе свае міжнародныя абавязаньні, ў тым ліку па экспартных пастаўках энэрганосьбітаў. Куды і па якой цане пойдзе туркмэнскі газ? – гэта пытаньне, да рашэньня якога ў найбліжэйшыя месяцы падключацца усе асноўныя гульцы сусьветнай палітыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG