Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э.Багдонас: Літва гатовая быць адвакатам Беларусі ў Эўропе


Радыё Свабода Сёньня новы амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас правёў першую прэсавую канфэрэнцыю. Адразу пасьля яе ён скіраваўся ў Горадню.

Эдмінас Багдонас паведаміў: у наступным годзе Літва далучыцца да тых шаснаццаці краінаў, што ўваходзяць у Шэнгенскую зону. Экспэрты мяркуюць: пасьля гэтага колькасьць беларусаў, якія пажадаюць набыць візы ў літоўскіх дыпмісіях, значна павялічыцца. Таму на тэрыторыі літоўскай амбасады ў Менску ўжо будуецца дадатковае памяшканьне — “каб пашырыць магчымасьці для выдачы візаў”.

Літоўскія візы цяпер можна набыць ня толькі ў Менску, але і ў кансуляце ў Горадні. Аднак там, адрозна ад сталіцы, ня ўсё так добра, гаворыць Эдмінас Багдонас:

Багдонас: “Нас турбуе адно пытаньне. У Горадні мы хацелі б набыць зямлю для пашырэньня нашай консульскай установы. Пакуль гэтае пытаньне не вырашаецца, бо гарадзенскія чыноўнікі ўсё перакідваюць на Менск, а менскія — на гарадзенскіх. Атрымліваецца нейкі пінг-понг, калі мячык скоча з адной паловы стала на другую. Калі гэтай праблемы ня ўдасца разьвязаць, то жыхары Горадні і суседніх рэгіёнаў мусяць будуць езьдзіць па візы ў Менск. Гэта значыць, што калі цяпер у сталіцы штодня мы выдаем 600—700 візаў, дык будзем каля тысячы выдаваць”.

Паводле новага амбасадара, літоўскія бізнэсоўцы гатовыя ўкладаць грошы ў беларускую эканоміку, але хочуць мець гарантыі, што іхныя грошы ня зьнікнуць, што іхная рызыка будзе мінімальная.

Пра магчымыя інвэстыцыйныя праекты спадар Багдонас ужо пасьпеў расказаць міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Мартынаву. А вось з кіраўніком беларускай дзяржавы кантакты былі вельмі кароткія. Адказваючы на пытаньне “Свабоды” пра ўражаньні, якія засталіся ў яго падчас учорашняга ўручэньня даверчых лістоў Аляксандру Лукашэнку, амбасадар адзначыў:

Багдонас: “Ён так прыгожа сказаў: “Наша Літва”! (Сьмех у прэсавай залі.) Ну, мне гэта спадабалася! Было відаць, што мы насамрэч для яго блізкія і цёплыя. У мяне не было магчымасьці яму падрабязна адказаць. Я толькі сказаў, што скарыстаюся тым, што вы дазваляеце мне званіць вам у любы час. Але я не наважыўся папрасіць у яго нумар мабільнага тэлефона”.

Новы амбасадар Літвы таксама адзначыў, што яго краіна хоча першай пачуць ад Беларусі пра намер рухацца ў бок Эўропы:

Багдонас: “Як сябар Эўразьвязу мы падтрымліваем яго палітыку й цяпер чакаем канкрэтных прапановаў ад Беларусі. І калі такія прапановы зьявяцца, мы хочам пачуць іх першымі і быць у Эўропе вашымі першымі адвакатамі”.
XS
SM
MD
LG