Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1937—2007: ушаноўваць ахвяраў рэпрэсіяў дзяржава ня будзе


Ганна Соўсь, Менск Грамадзкі аргкамітэт для ўшанаваньня памяці ахвяраў будзе самастойна адзначаць Год памяці. Такую выснову зрабілі сябры аргкамітэту па атрыманьні адказу ад старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі. Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі палічыў нямэтазгодным ствараць дзяржаўны аргкамітэт для ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі палічыў, што стварэньне дзяржаўнага аргкамітэту запатрабуе дадатковых штатных адзінак у дзяржапараце, а таксама сродкаў для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня. Гэта ён лічыць цяпер нямэтазгодным.

“У нас ушаноўваюць не ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, а тых, хто зрабіў іх ахвярамі”, — заявіла “Свабодзе” дасьледчыца гісторыі палітычных рэпрэсіяў старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька. Гэтак яна пракамэнтавала адказ старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі акадэміку Радзіму Гарэцкаму.

Процька: “У дзяржавы няма грошай на ўшанаваньне памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. А на чыноўнікаў рознага рангу, якія вядуць папяровы ўлік, грошы ёсьць. На гэта няма. Можа, так сапраўды і ёсьць. Але ў нашай краіне катарсісу, які б ачысьціў краіну ад жудасьці сталінскіх рэпрэсіяў, не адбылося. Мы адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая пабудавала помнікі, якія ўшаноўваюць імя Сталіна. Рэч ня ў тым, што няма грошай на чыноўнікаў, а ў тым, што ў нас ідэалёгія іншая”.

У Камітэт дзяржаўнай бясьпекі разам з акадэмікам Радзімам Гарэцкім зьвярталіся сябры грамадзкага камітэту для ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў і Васіль Якавенка. Сярод іншага яны прапаноўвалі абвясьціць 2007-мы Годам памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, а 29 кастрычніка, калі ў 1937 годзе адбываліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі, Днём памяці.

Літаратар Васіль Якавенка зьвяртае ўвагу на тое, што адпаведныя звароты накіроўвалі і ва ўрад, а таксама ў шэраг іншых дзяржаўных установаў.

Якавенка: “Ёсьць надзея на тое, што нашы кантакты будуць працягвацца, і мы будзем шукаць узаемадзеяньня. Ад іншых мы адказу не атрымалі, а вось КДБ палічыў магчымым і патрэбным адказаць, што дае падставы для далейшых перамоваў”.

У лісьце старшыні КДБ гаворыцца пра выдадзеныя Кнігі памяці, дзе сярод іншага падаюцца зьвесткі пра рэпрэсаваных, а таксама пра плянавую працу дзеля рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсіяў.

Дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная, якая васямнаццаць гадоў правяла ў ГУЛАГу, сьцьвярджае, што выдадзеныя “Кнігі памяці” няпоўныя. Што да працы камісіяў дзеля рэабілітацыі, то ў большасьці абласных цэнтраў яны спынілі сваё існаваньне, а менская камісія зьмяніла статус.

Кляшторная: “Калі раней разглядаліся справы толькі рэпрэсаваных, то цяпер гэта аб’ядналі ў адну камісію, яна называецца “камісія па працы і заработнай плаце пры Менгарвыканкаме”. Туды ходзяць усе, каму патрэбная ласка дзяржавы. Калі пачытаць, каму даюць ільготы ў аплаце кватэры — то ўсе ёсьць, нават вайскоўцы, якія ваявалі на чужой зямлі, акрамя рэпрэсаваных”.

Сустаршыня грамадзкага аргкамітэту гісторык Ігар Кузьняцоў лічыць адказ КДБ у пэўным сэнсе станоўчым, паколькі грамадзкасьці ўскосна прапанавалі самастойна правесьці мерапрыемствы ў рамках Году памяці. І заўтра грамадзкі аргкамітэт афіцыйна агучыць тэкст звароту да беларускага народу і замежных суайчыньнікаў і распавядзе пра шэраг мерапрыемстваў, якія плянуе ў рамках Году памяці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG