Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пра якую стабільнасьць можна казаць, калі эканоміку чакае каляпс?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Тэма, якая ўжо не адзін тыдзень пераважае ў нашай пошце — наступствы беларуска-расейскага энэргетычнага канфлікту. Слухачы разважаюць пра прычыны студзеньскіх падзеяў, выказваюць сваё стаўленьне да іх, спрабуюць зазірнуць у будучыню.

Наш даўні сябар Ільля Копыл зь Менску новы ліст на “Свабоду” пачынае з расповеду пра пачутае і ўбачанае наконт беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў і беларускай эканомікі на дзяржаўных тэлеканалах. Ён піша:

“Толькі і чуеш пра ўздым нашай эканомікі, стабільнасьць і асаблівы, самы правільны шлях разьвіцьця краіны — беларускі шлях, зь якога павінны браць прыклад ня толькі краіны СНД, але і ўся Эўропа. Адначасова распавядаецца пра тое, як дрэнна жывуць людзі ў суседніх краінах.

Але што ў сапраўднасьці? Як толькі Расея падвысіла кошты на газ і нафту (прычым, для Беларусі яны засталіся значна ніжэйшыя за рынкавыя), беларускае кіраўніцтва стала лямантаваць: “Ратуйце, гэта каляпс эканомікі краіны!” Дык пра якую ж стабільнасьць можна казаць, калі такі нязначны ў параўнаньні зь іншымі краінамі кошт вядзе эканоміку краіны да каляпсу? І як жа тады дзяржава зьбіраецца будаваць АЭС, на ўзьвядзеньне якой патрабуюцца велізарныя грошы?

Я ня чуў, каб у краінаў Балтыі ўзьнікалі спрэчныя пытаньні з Расеяй наконт газу і нафты. А гэта азначае, што іхная эканоміка больш стабільная. Годна сустрэла падвышэньне кошту на паліва і Малдова. І толькі некампэтэнтнае беларускае кіраўніцтва падняло буру ў шклянцы вады”.

Чым большая бура, спадар Копыл, тым у выніку ніжэйшыя кошты. Згадайце, якія лічбы агучвалі “Газпром” і расейскі ўрад да пачатку прапагандысцкага шуму і якія лічбы ўрэшце былі запісаны ў дамовах! Першапачатковыя патрабаваньні Расеі ўрэшце былі зьніжаныя больш як у два разы на карысьць Беларусі.

Лямант, гістэрыка і шантаж былі канвэрсаваныя ў рэальныя матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы. І гэта было прадуманай стратэгіяй Менску. Крэмль вымушаны лічыцца з грамадзкай думкай сваёй краіны, а значная частка расейскага грамадзтва сымпатызуе беларусам, спачувае ім і ня хоча, каб Масква іх крыўдзіла гэтак жа, як, напрыклад, грузінаў ці малдаванаў. Менск гэта выкарыстаў настолькі, наколькі мог.

Апроч таго, знойдзены маланкаадвод і для грамадзкай думкі ўнутры краіны. Калі празь некаторы час так званы “беларускі цуд” скончыцца і людзі адчуюць гэта на ўласнай кішэні — ня трэба будзе надта доўга пераконваць іх у тым, што вінаватая ў гэтым, вядома ж, не мясцовая ўлада, а бессардэчнае крамлёўскае кіраўніцтва, якое здрадзіла ідэалам славянскага братэрства і саюзнай дзяржавы.

Аўтар наступнага ліста Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну:

“Па-ранейшаму слухаю перадачы “Свабоды”, супастаўляю іх з афіцыйнай прапагандай і рэаліямі жыцьця. Як і раней, многае ў нас з праўды жыцьця замоўчваецца. І, вядома ж, дарэмна. Мы б маглі ўжо далёка пасунуцца ў будаўніцтве прававой і, як казаў сам Лукашэнка, “сацыяльна арыентаванай” дзяржавы. Ды толькі, выглядае, што сам Лукашэнка і ёсьць тормазам у гэтай справе.

Адна з апошніх навінаў, якая вельмі зацікавіла мяне — пагроза высяленьня з офісу Беларускага Хэльсынскага камітэту. У існасьці, гэта спроба ліквідаваць яго. Зразумела, такія намеры да цывілізаванага сьвету нас не набліжаюць. Але ж і гэты самы БХК мог бы, мякка кажучы, лепш працаваць”.

У якасьці прыкладу Віктар Макарэвіч апісвае свае кантакты з прадстаўнікамі Беларускага Хэльсынскага камітэту, вынікамі якіх ён застаўся не задаволены: кансультацыя з доктарам-псыхіятрам, якую наладзіў для яго БХК, як лічыць слухач, была бясплённай. Цяжка разьлічваць на тое, спадар Макарэвіч, што праваабаронцы здолеюць дапамагчы ўсім пакрыўджаным і не задаволеным дзеяньнямі ўлады. Тым больш, што не заўсёды маюць рацыю і тыя, хто лічаць сябе пакрыўджанымі.

Варта таксама нагадаць, што ўсе апошнія гады Беларускаму Хэльсынскаму камітэту даводзілася працаваць ва ўмовах жорсткага ціску з боку ўлады. Апошні канфлікт вакол арэнды памяшканьня ўвогуле мог прывесьці да ліквідацыі БХК. Толькі ў самы апошні момант улада пагадзілася адмяніць сваё рашэньне і працягнула дамову арэнды. Адметна, што адбылося гэта на тле пагаршэньня дачыненьняў з Расеяй і заяваў прэзыдэнта Лукашэнкі наконт магчымасьці наладжваньня дыялёгу з Захадам.

Наш слухач Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну ў сваім новым лісьце працягвае размову пра лёс беларускай вёскі й будучыню аграгарадкоў, распачатую ім жа некалькі тыдняў таму. Нагадаю, у сваім папярэднім допісе спадар Сухарэбскі выказаў меркаваньне, што вёску могуць выратаваць не аграгарадкі (якія слухач лічыць мутацыяй калгасаў), а толькі прыватныя сялянскія гаспадаркі, што аб’ядналіся б у невялікія (тры-чатыры сям’і) каапэратывы.

У новым лісьце Вячаслаў Сухарэбскі піша:

“Пабудова аграгарадкоў — гэта замацаваньне заганнай і непэрспэктыўнай калгаснай сыстэмы, якая ня вытрымае канкурэнцыі ў пэрыяд энэргетычнага крызісу і будзе толькі цягнуць краіну да зьбядненьня. Гэта відавочна ўжо і сёньня. Калгасная сыстэма толькі вынішчае краіну, штогоду скарачаючы насельніцтва на 50 тысяч чалавек.

Што да сялянскіх паселішчаў з трох-чатырох гаспадарак, то, каб пазьбегнуць тых праблемаў, пра якія вы, спадар Жданко, казалі, іх трэба разьмяшчаць паблізу добрых дарог і лініяў электраперадач, якіх у Беларусі дастаткова. У гэтым выпадку і давезьці дзяцей да школы, і даехаць да крамы будзе нескладана. Дарэчы, падвозяць дзяцей да школы ўжо і сёньня.

І ня трэба нікога перасяляць з гарадоў на хутары. Многія спэцыялісты сельскай гаспадаркі, якім надакучыла быць прыгоньнікамі у калгасах, з задавальненьнем стануць самастойнымі гаспадарамі. Такія прыклады, дарэчы, ужо ёсьць у Баранавіцкім раёне”.

Далей у сваім лісьце Вячаслаў Сухарэбскі зьвяртае ўвагу на сёньняшнія беларускія рэаліі. Ён піша:

“Навошта ж душыць людзей радыянуклідамі ў чарнобыльскай зоне, вырошчваючы атручаныя харчы і трацячы велізарныя народныя грошы на так званую “рэкультывацыю забруджаных земляў”? Людзі з задавальненьнем стануць гаспадарамі на чыстай зямлі. Было ж так ужо ў нашай гісторыі, калі на заклік Сталыпіна ехалі аж у Сібір, а то і ў Амэрыку. Некаторыя гараджане ў Польшчы цяпер таксама перасяляюцца на вёску. Думаю, знойдуцца такія і ў Беларусі.

Задача расьсяленьня людзей у малыя паселішчы — гэта павелічэньне шматдзетных сем’яў, а зь ім і рост насельніцтва Беларусі. Толькі шматлікая беларуская грамада зробіць квітнеючай беларускую вёску і Беларусь. Шлях гэты даўгі, але іншага ў прынцыпе не існуе”.

У сёньняшніх умовах цяжка сьцьвярджаць, што нейкі пэўны шлях выратаваньня вёскі — адзіна правільны, а ўсе іншыя заганныя і тупіковыя. Ва Ўсходняй Беларусі зямля страціла гаспадара восемдзесят гадоў таму (у Заходняй — на дваццаць гадоў пазьней). Нарадзіліся, вырасьлі і пасьпелі стаць пэнсіянэрамі некалькі пакаленьняў людзей, якія ня ведаюць, што такое свая зямля і праца на ёй. І вярнуцца сёньня на стагодзьдзе назад і пачаць усё спачатку немагчыма, спадар Сухарэбскі.

Так, напрыканцы ХІХ і на пачатку ХХ стагодзьдзя сотні й тысячы сялянскіх сем’яў зь перанаселеных вёсак цяперашняй Усходняй Эўропы гатовыя былі асвойваць вольныя землі ці то ў Сібіры, ці то на дзікім Захадзе Амэрыкі. Яны ратаваліся ад безьзямельля, галечы і голаду.

Але дзе сёньня тыя маладыя вясковыя сем’і, якія марай свайго жыцьця бачылі вялікі кавалак уласнай зямлі? Эканамічныя ўмовы ў сучасным сьвеце сталі зусім іншыя. Багацьце і посьпех сёньня ня ў тых, у каго шмат зямлі, а ў тых, у каго нафтавыя сьвідравіны і медныя руднікі, мэнэджарскія пасады на пасьпяховых заходніх прадпрыемствах і ў банках, ці хоць бы невялікія прыватныя гандлёвыя ды пасярэдніцкія фірмы.

Беларусь павінна намацваць уласны шлях выратаваньня вёскі, выкарыстоўваючы розныя спосабы і шляхі, экспэрымэнтуючы і аналізуючы вынікі экспэрымэнтаў. Няхай побач існуюць і на роўных супернічаюць і калгас, і фэрмэр-аднаасобнік, і невялікі каапэратыў з трох-чатырох гаспадарак. І няхай застанецца той, хто дакажа сваю эфэктыўнасьць. Важна толькі, каб дзяржава да ўсіх іх ставілася аднолькава, а ня так, як цяпер, калі адны атрымліваюць шматмільярдныя субсыдыі і танныя рэсурсы, а другія — толькі занядбаную зямлю ды чыноўніцкія прыдзіркі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG