Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Харэўскі: “Творчы подзьвіг Напалеона Орды ня мае аналягаў”


Міхась Скобла, Менск 11 лютага 1807 году ў маёнтку Варацэвічы на Піншчыне на сьвет зьявіўся будучы мастак і кампазытар Напалеон Орда. Ён удзельнічаў у нацыянальна вызвольным паўстаньні 1831 году, загадваў Італьянскай опэрай у Парыжы, а ў 54 гады стаў мастаком, каб зьберагчы для нашчадкаў помнікі беларускай старасьвеччыны. 200-ай гадавіне з дня народзінаў Напалеона Орды прысьвечаная гутарка з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім.

Міхась Скобла: “Сяргей, я ведаю, што вы нядаўна адмыслова езьдзілі ў Варацэвічы, на радзіму Орды. Што там цяпер, як ушанаваная памяць слыннага земляка?”

Сяргей Харэўскі: “Перадусім трэба аддаць належнае ўладам Іванаўскага раёну, якія маюць праект аднаўленьня сядібы Орды, плянуюць стварыць цэлы мастацкі цэнтар для музычных выступаў, для галерэйнай дзейнасьці. Былі праведзеныя раскопкі на месцы ордаўскай сядзібы, выяўленыя падмурак, скляпеньні, усе гаспадарчыя пабудовы. Усе падмуркі сядзібы, на шчасьце, захаваліся. Засталіся і старыя прысады. Таму сёньня можна гаварыць: у Варацэвічах рэальна аднавіць сядзібу Орды. Там жа, у Варацэвічах, у будынку старой школы, дзейнічае Музэй Напалеона Орды, дзе экспануюцца яго малюнкі, фатаздымкі. Варта таксама згадаць выдатны помнік Орду скульптара Ігара Голубева, які ўпрыгожвае цэнтральны пляц Янова-Палескага”.

Скобла: “Орда на помніку мае трохі “мушкецёрскі” выгляд дзякуючы капелюшу зь пяром”.

Харэўскі: “Проста скульптар падкрэсьліў адну акалічнасьць. Мастакі ў сваёй працы выкарыстоўваюць ня толькі рукі, але і ўсё, што пад рукой, у тым ліку палі сваіх капелюшоў. Свой капялюш Орда выкарыстоўваў як трымалку для пяра, якім часам рабіў дадатковую падмалёўку сваіх працаў — тушшу”.

Скобла: “Напалеон Орда навучаўся на фізыка-матэматычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту, вучыўся музыцы ў Парыжы… А калі і дзе ён авалодаў прафэсіяй мастака?”

Харэўскі: “Гэта адна з найвялікшых таямніцаў ягонай біяграфіі. Як Орда стаў патрыётам, зразумець няцяжка: ягоны бацька быў прынцыповы банапартыст (невыпадкова ён даў сыну такое імя). Невыпадкова Орда вучыўся ў Сьвіслацкай гімназіі, у той самай, дзе пазьней вучыўся Кастусь Каліноўскі. Невыпадкова Орда браў удзел у патаемным студэнцкім таварыстве “Заране” і пасьля — у паўстаньні 1831 году. І нават быў камандзерам паўстанцкага атраду. Але ўсё жыцьцё Орда займаўся музыкай і бачыў сябе найперш піяністам. Пасьля паразы паўстаньня ён трапіў у Парыж, дзе пасябраваў з Фрэдэрыкам Шапэнам і працягваў сваю музычную адукацыю ўжо разам зь ім. Адкуль у Напалеона Орды такая прага маляваньня, хто быў дакладна ягоным настаўнікаім у маляваньні? — мы, на жаль, пакуль ня ведаем. Зварачае на сябе ўвагу і тая акалічнасьць, што Орда ўзяўся за пэндзаль у веку 54 гадоў”.



Скобла: “Сталеньне і станаўленьне Напалеона Орды адбывалася паміж двума паўстаньнямі — 1831 і 1864 гадоў. Прычым, калі ў першым ён браў актыўны ўдзел, то падчас другога езьдзіў па Беларусі і замалёўваў старыя сядзібы. Уяўляю, як яго дакаралі мясцовыя патрыёты. Чаму так сталася: хіба ж аловак і пэндзаль у вырашальны момант могуць замяніць шаблю і штуцэр?”

Харэўскі: “Тут, бадай, і хаваецца адна з падказак… Цалкам прыпускаю, што Орда мог выконваць ролю паўстанцкага сувязнога. Пад выглядам мастака ён мог стратэгічныя аб’екты замалёўваць, мог займацца выведкай. Бо геаграфія ягоных вандраваньняў амаль супадае з геаграфіяй асноўных паўстанцкіх баёў на Гарадзеншчыне, Віленшчыне, Віцебшчыне, цэнтральнай Меншчыне. Увесь гэты край падчас актыўных баявых дзеяньняў у сваім апераным капелюшы абходзіць і аб’яжджае Напалеон Орда. Ён, напэўна, прадчуваў, што стане зь сядзібамі герояў-паўстанцаў. Ён ведаў, што будзе з касьцёламі, кляштарамі, краявідамі, ён разумеў, што неўзабаве ўсё зьменіцца непазнавальна. Таму Напалеон Орда сьпяшаўся ўсё гэта засьведчыць, выхапіць з полымя помнікі нашай культуры”.



Васкрасенская царква, ратуша, Бэрнардзінскі кляштар з Касьцёлам св. Антонія г.Віцебск

Скобла: “Многія выхадцы зь беларускіх зямель і ў Варшаве, і ў Кракаве, і ў Парыжы падкрэсьлена называлі сябе ліцьвінамі. Можна згадаць тут імёны Адама Міцкевіча, Касьцюшкі. А кім сябе адчуваў Напалеон Орда?”

Харэўскі: “Перадусім, грамадзянінам і патрыётам Беларусі, то бок тагачаснай Літвы. Ягоны мастацкі даробак у Беларусі несувымерна большы за той даробак, які тычыцца ўласна этнічнай Польшчы. Ордаўскія замалёўкі Польшчы маргінальныя, яны ня склалі яму той славы, якую ён здабыў перадусім сотнямі літаграфіяў, укладзеных у тры шыкоўныя альбомы, якія прынесьлі яму ўсясьветную славу. І безумоўна, Орду можна сьмела лічыць толькі нашым, беларускім мастаком. Пра тое, якая была самасьвядомасьць Орды, сьведчыць, напрыклад, ліст да яго ад Шапэна. Шапэн віншуе Орду з нараджэньнем сына Вітольда і зычыць яму: “Пан Бог выпестуе табе выдатнага хлопца-ліцьвіна”. Я думаю, гэта невыпадкова”.

Скобла: “На некаторых малюнках Орды стаіць пячатка цэнзара. Я разумею, чаму царская цэнзура адсочвала друкі, але якая крамола магла ўтрымлівацца ў ордаўскіх малюнках?”

Харэўскі: “Давайце ўявім сабе лягічны шэраг ордаўскіх альбомаў: радзіма Манюшкі, радзіма Касьцюшкі, радзіма Дуніна-Марцінкевіча, радзіма Міцкевіча, радзіма Чачота… Выбудоўваецца цалкам ясны патрыятычны шэраг. Орда перадусім бесьсьмяроціў мэмарыяльныя мясьціны герояў-патрыётаў, паўстанцаў 1831 і 1864 гадоў, дзеячоў нашае культуры. Ужо сыходзячы з аднаго гэтага, мы бачым цалкам зразумелую грамадзянскую пазыцыю Орды. Яго творы ня проста ўмацоўвалі патрыятычнае пачуцьцё, але і цьвелілі пытаньне: чаму гэты край цяпер забраны? Зразумела, што расейскія ўлады не маглі ня бачыць у творчасьці Орды крамолу”.

Скобла: “Вельмі шмат працаў Орды зьберагаецца ў музэях Кракава, Варшавы, Львова. А дзе можна пабачыць творы мастака ў Беларусі?”

Харэўскі: “Невялікая колькасьць малюнкаў Орды ёсьць у Нацыянальным музэі гісторыі культуры, у Нацыянальным архіве. Але найперш можна паглядзець альбомы літаграфіяў. Дзякуй Богу, за апошнія гады выйшлі два выданьні. Але, на жаль, з гледзішча паліграфіі яны ня ідуць ні ў якое параўнаньне з аўтэнтычнымі выданьнямі і нават з тым раскошным факсымільным альбомам, прысьвечаным Гарадзеншчыне, Віленшчыне і Ковеншчыне, які пабачыў сьвет у Польшчы ў 1992 годзе. Беларускім друкарам яшчэ працаваць і працаваць, каб дасягнуць выдатнае якасьці”.

Скобла: “Сёньня мы можам назваць прыклады адраджэньня старых сядзібаў — касьцюшкаўскай Мерачоўшчыны, міцкевічаўскага Завосься. Як вы лічыце, ці дапаможа Напалеон Орда ў аднаўленьні старасьвецкіх архітэктурных ляндшафтаў? Ці яны ўжо страчаныя незваротна?”

Харэўскі: “Некаторыя помнікі да нас і дайшлі толькі на акварэлях Орды. Напрыклад, Асьвейскі палац і касьцёл на Верхнядзьвішчыне, шыкоўны касьцёл у Забелах-Валынцах, дзе быў выдатны дамініканскі калегіюм і тэатар. Незваротна страчаныя кляштар у Сьмілавічах, славуты Гайнаўскі касьцёл на Лагойшчыне... А на літаграфіях Орды ўсё гэта засталося. І ў гэтым, безумоўна, подзьвіг Напалеона Орды, з кім ня можа дараўнацца ніякі іншы мастак у эўрапейскім маштабе. Ніхто ня браў на сябе такую калясальную задачу: зафіксаваць усё, што апынулася пад пагрозай зьнішчэньня расейскімі акупацыйнымі ўладамі. Аналягаў такому мастакоўскаму даробку папросту няма.

А аднаўляць ці не аднаўляць той ці іншы аб’ект — павінна прымацца сур’ёзнае рашэньне. Старыя сядзібы ня мусяць аднаўляцца проста дзеля аднаўленьня, яны павінны насычацца пэўным сэнсам. І нацыя павінна гэтага хацець. Калі нам сёньня спатрэбіцца аднавіць нейкі аб’ект, мы, дзякуючы Орду, ведаем пра яго амаль усё: бачым пэйзаж вакол, прысады, бачым, як выглядалі кветнікі, баскеты, уяўляем, якія былі сам побыт, атмасфэра тагачасная і г.д. Усё тое, што часам нават найлепшы фатаздымак не перадасьць. Любую сядзібу паводле Орды мы можам аднавіць да драбніцаў”.

Скобла: “У параўнаньні зь іншымі нашымі слыннымі дзеячамі культуры і гісторыі, памяць пра Напалеона Орду ўшанаваная годна. Дадам яшчэ адзін факт: да 200-годзьдзя мастака Нацбанк Беларусі выпусьціў у зварот юбілейную манэту. А што яшчэ варта зрабіць, каб канчаткова ўвідочніўся маштаб асобы Напалеона Орды?”

Харэўскі: “На жаль, у Менску пакуль няма вуліцы імя Напалеона Орды. А яна павінна быць. Безумоўна, актуальным стала выданьне альбому ягоных каляровых акварэляў. Такога альбому ўвогуле пакуль няма. Вельмі шмат мусяць зрабіць і нашыя музыказнаўцы, бо Орда — выдатны кампазытар. Сёньня толькі адзінкі чулі, як гучаць ягоныя палянэзы. Як мастак Орда ўвядоміўся і нават праславіўся, але мы павінны вычуць ягоную душу праз ягоную музыку”.
XS
SM
MD
LG