Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Лада Шчасная (абноўлены)


Радыё Свабода 12 лютага пасьля цяжкай і працяглай хваробы пайшла з жыцьця мастачка Лада Шчасная. Актыўнай удзельніцы колішніх нефармальных моладзевых аб’яднаньняў “Майстроўня” і “Талака”, аўтарцы росьпісаў інтэр’ераў у Інстытуце праблемаў культуры, Тэатры юнага гледача, дзіцячым аддзяленьні анкалягічнага шпіталю ў Бараўлянах, ілюстрацыяў да кніг і жывапісных палотнаў ішоў сорак другі год.

Знаны рок-музыка Лявон Вольскі вучыўся разам з Ладай Шчаснай у Менскай мастацкай вучэльні.

Вольскі: “Яна была вельмі прыгожай дзяўчынай — такой эталённа-прыгожай насамрэч, а я тады быў нізенькі-маленькі хлопчык, і я нават баяўся размаўляць зь ёй у той час. Насамрэч гэта быў таленавіты чалавек… Бог расьпісвае па-свойму ўсё… Вельмі шкада…”

Лада нарадзілася 5 верасня 1965 году ў Менску ў сям’і вядомай мастачкі Нінэль Шчаснай. Яе дзед, патомны полацкі шляхціц Іван Шчасны, быў вядомы ў рэспубліцы выкладчык беларускай мовы, аўтар многіх школьных падручнікаў, які пацярпеў за тое ў гады сталіншчыны.

Былы майстровец мастак Міхал Анемпадыстаў прыгадвае, што выхаваньне ў такой сям’і вылучала Ладу і сярод студэнтаў, і сярод удзельнікаў адраджэнскіх імпрэзаў.

Анемпадыстаў: “Яна рабіла ўражаньне, што яна нібы не адсюль і ня з гэтага часу, бо яна заўсёды вылучалася сваёй інтэлігентнасьцю і несла заўсёды сьветлую, чыстую аўру… Паменела ў гэтым сьвеце прыгажосьці й сьвятла з адыходам Лады”.

Лада Шчасная запомніцца яе сябрам па адраджэнскай маладосьці 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя — Купалінкай на ладжаных першымі нефармальнымі суполкамі народных сьвяткаваньнях Купальля, як вобраз мроі пра тую Беларусь, дзеля якое зьбіраліся жыць, назапашваючы досьвед на імпрэзах“Майстроўні” і “Талакі”.

Гаворыць адна з актыўных удзельніц першых нефармальных моладзевых суполак Арына Вячорка:

Вячорка: “Я ведаю Ладу Шчасную з часу “Талакі”, з часу нашага юнацтва. Яна заўсёды была яркай, незвычайнай і мы яе выбіралі не адзін раз Купалінкай на нашых Купальлях, якія былі беларускія. Яна сымбалізавала сабой такую прыгожую беларусачку, якая размаўляе па-беларуску і вядзе за сабой усіх астатніх, заваёўвае людзей сваёй абаяльнасьцю, прыгажосьцю і творчасьцю”.

Сёньня Ладу Шчасную пахавалі на могілках вёскі Вялікае Сяло ля мястэчка Ракаў. У яе засталася адзінаццацігадовая дачка Ніка.
XS
SM
MD
LG