Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э.Багдонас: Літва гатовая быць адвакатам Беларусі ў Эўропе


Уладзімер Глод, Менск Літва хоча першай пачуць ад Беларусі пра яе намеры рухацца ў бок Эўропы. Пра гэта сёньня заявіў новы амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, адказваючы на пытаньне, якім ён бачыць разьвіцьцё дачыненьняў паміж краінамі. "Як сябар Эўразьвязу мы падтрымліваем ягоную палітыку і цяпер чакаем канкрэтных прапановаў ад Беларусі. І калі такія прапановы зьявяцца, мы хочам пачуць іх першымі і быць у Эўропе вашымі першымі адвакатамі".

Эдмінас Багдонас паведаміў, што Літва ўвойдзе ў Шэнгенскую зону ў 2008 годзе. Ён спадзяецца, што гэты працэс для краіны "будзе прасьцейшым, чым уваход у Эўразону".

Амбасадар паведаміў, што на тэрыторыі Літоўскай амбасады ў Менску будуецца дадатковае памяшканьне, "каб пашырыць магчымасьці выдачы візаў".

"Але ёсьць праблемы ў Горадні. Літва хацела б набыць зямлю пад будаўніцтва новай консульскай установы. Пакуль гэтае пытаньне не вырашаецца, паколькі гарадзенскія чыноўнікі ўсё перакідваюць на Менск, а менскія – на гарадзенскіх," – заявіў спадар Багдонас.

"Калі гэтую праблему не ўдасца вырашыць, то жыхары Горадні мусяць будуць езьдзіць за візамі ў Менск," – дадаў ён.

Адказваючы на пытаньне Свабоды пра ўражаньні, якія засталіся ў амбасадара пад час учорашняга ўручэньня даверчых лістоў кіраўніку Беларусі, спадар Багдонас адзначыў: "Ён так прыгожа сказаў "наша Літва". Было бачна, што мы для го блізкія і цёплыя. У мяне не было магчымасьці яму адказаць. Адзінае, што я пасьпеў сказаць кіраўніку вашай дзяржавы, што ў нас ёсьць вельмі многа цікавых праектаў. На што ваш кіраўнік сказаў: "Званіце мне ў любы час. Аднак я ня змог папрасіць у яго нумар мабільнага тэлефона".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG