Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Вярыга-Дарэўскі 4.11.1816, м. Кублічы (цяпер Ушацкі раён) — 1884, Сібір.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды"

Калі вы захочаце завесьці альбом, дзе будзеце зьбіраць запісы людзей вядомых і проста сваіх знаёмых, то зробіце абсалютна правільна. Калі-небудзь ваш альбом станецца гістарычнай крыніцаю, а, магчыма, і каштоўным літаратурным помнікам. Найлепш пацьвердзіць мае словы мог бы пісьменьнік і паўстанец Арцём Вярыга-Дарэўскі.

У 1850-я гады ягонае імя ведалі ў адукаваных колах значна далей за роднае Прыдзьвіньне, дзе пісьменьнік меў паблізу Віцебску фальварак Стайкі. Арцём быў карэспандэнтам віленскіх, варшаўскіх і пецярбургскіх газэт і часопісаў. Ягоныя паэмы, гутаркі і драматургічныя творы, ня здолеўшы прарвацца праз цэнзурныя рагаткі, шырока разыходзіліся па краі ў рукапісах.

Зьместам жыцьця Вярыгі-Дарэўскага стала праца дзеля Беларусі. "Зь Беларушчынай не разбратаўся. Гэта мой ідэал", — пісаў ён у адным зь лістоў, кратаючы сваю мэфістофэлеўскую бародку.

Вялікае водгульле атрымала яго паездка ў 1858-м у Вільню, дзе падчас сустрэчаў з калегамі й аднадумцамі Ўладзіславам Сыракомлем, Адамам Кіркорам, Вінцэсем Каратынскім і зьявіліся першыя запісы ў знакамітым Арцёмавым "Альбоме". Дарэчы, фрагмэнты свайго перакладу "Пана Тадэвуша" пакінуў там падчас наведваньня Вярыгам Менску Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Як толькі на пачатку 1860-х у Віцебску пачаліся патрыятычныя маніфэстацыі, уладальнік Стайкаў таксама зьняў зь сьцяны канфэдэратку. Жандарскае назіраньне не спыніла Арцёма і ў 1863-м, калі ён стаў адным з натхняльнікаў і кіраўнікоў вызвольнага змаганьня на Віцебшчыне.

Пасьля арышту, цягам двухгадовага сьледзтва ён трымаўся ня толькі мужна, але і ўмела, захаваўшы шмат якія зьвесткі пра паўстаньне ў таямніцы. Вайсковы суд адмераў яму восем гадоў катаргі. У Сібіры (дзе, дарэчы, разам зь ім была дачка Габрыэля) — і на катаржных работах на саляварным заводзе ўва Ўсольлі, і на пасяленьні ў Іркуцку — ён не адклаў убок пяро, заслужыўшы ў іншых палітвысланцаў імя "Вайдэлёта Беларусі".

Нейкі час Вярыга-Дарэўскі лічыўся адным зь верагодных аўтараў паэмы "Тарас на Парнасе". Гэтая вэрсія ня вытрымала праверкі часам, але і без таго ён пакінуў багатую спадчыну: вершы, драмы, падарожныя нататкі, першы пераклад Міцкевічавага "Конрада Валенрода", паэму "Ахульго", прысьвечаную барацьбе вальналюбных горцаў на чале з Шамілем... Праўда, большая частка ягоных рукапісаў ня знойдзена і, хочацца верыць, яшчэ чакае дасьледнікаў у архіўных сховішчах.

А вось "Альбом" шчасьліва дайшоў да нашых дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG