Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Гермянчук: "Я не зьбіраюся даваць нагоду сваім "зычліўцам" для інсцэнаваньня "выпадковай" сьмерці"


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 14 лютага ў розныя гады мінулага.

"Бацькаўшчына" на гэтым тыдні 1957 году дае слова Аркадзю Будзічу, які піша: "Уся разрэклямаваная пасьля ХХ зьезду КПСС зьмена курсу, дэцэнтралізацыя, дэсталінізацыя, дэмаскалізацыя — усё гэта пустое гаварэньне. У нацыянальным, культурным жыцьці паняволеных народаў няма ніякіх сутных зьменаў. Ледзь толькі нерасейскія народы прабуюць аднавіць свае зьняважаныя культурныя вартасьці, ледзь толькі пачалі яны дамагацца ўшанаваньня іхнае нацыянальнае годнасьці, як партыя загнала ўсё гэта ў "беспрынцыповае крытыканства", "антыленінскія прынцыпы" і таму падобную "гарэзію".

"Голас Радзімы" на гэтым тыдні 1977 году сьцьвярджае: "За гады Савецкай улады ў Беларусі амаль падвоілася сярэдняя працягласць жыцця насельніцтва. Калі да Вялікага Кастрычніка яна складала толькі 37,5 года, то цяпер перавышае 72 гады. Сярэдняя ж працягласць жыцця беларускіх жанчын дасягнула 76 гадоў. {У Мінску, у многіх іншых гарадах, а таксама вёсках Беларусі можна сустрэць людзей, якія адзначылі стогадовы юбілей.} Нядаўна на Магілёўшчыне аднавяскоўцы павіншавалі са 105-годдзем Марыю Іванаўну Купрэнка і Фёклу Рыгораўну Піўчанка. У вёсцы Дубовіца на Гомельшчыне жывуць 110-гадовы Дзям’ян Апанасавіч Ісачанка і яго 100-гадовая жонка Наталля Яфімаўна".

"Свободные новости", год 1997. Ігар Гермянчук пасьля стрэлу ў акно ягонага дому заяўляе: "Я не зьбіраюся ні пераяжджаць на новае месца жыхарства — я проста ня маю на гэта грошай, ні наймаць ахову — калі ўжо захочуць прыбраць, то аніякая ахова не дапаможа. Адзіныя меры перасьцярогі, прыдатныя ў дадзеным выпадку, то гэта пастарацца "выпадкова" ня трапіць пад машыну, не зваліцца ў тунэль мэтро і г.д. Я не зьбіраюся даваць нагоду сваім "зычліўцам" для інсцэнаваньня "выпадковай" сьмерці Герменчука зь "неасьцярожнасьці".
XS
SM
MD
LG