Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымскі журналіст: “Рыгоні – малавыразны палітык”


Радыё Свабода 47-гадовы італьянскі левацэнтрысцкі палітык Андрэа Рыгоні абраны ў часе парыскага паседжаньня палітычнай камісіі ПАРЭ спэцдакладчыкам па Беларусі. Сваімі назіраньнямі за італьянскім палітыкам і меркаваньнямі пра італьянскую палітыку са Свабодай падзяліўся журналіст нямецкай “Die Tageszeitung”, які апошнім часам стала працуе ў Рыме.

Італьянскі карэспандэнт папулярнага бэрлінскага выданьня Міхаэль Браўн назваў Андрэа Рыгоні малавыразным палітыкам.

Браўн: “Андрэа Рыгоні прадстаўляе партыю Маргарыта, гэта левацэнтрысцкі блёк, партыя прэм’ера Рамана Продзі. Да 2006 Рыгоні зьяўляўся сэнатарам, цяпер абраны ў палату дэпутатаў. Аднак, нейкай істотнай ролі як ва ўнутрыпалітычных, так і зьнешнепалітычных працэсах краіны не адыгрываў. Дастаткова малавыразны палітык. Мне цяжка ўзгадаць ягоныя нейкія цікавыя выказваньні пра вашу краіну”.

Паводле журналіста, на сваёй пасадзе Рыгоні будзе агучваць праўрадавую пазыцыю Продзі. Што да самога прэм’ера, то ў сваіх прамовах дагэтуль ён ня надта шмат выказваўся пра Беларусь. Нядаўна на пасадзе старшыні ЭК ён мусіў даваць тлумачэньні прэсе, што “не рабіў заявы пра тое, што ў Беларусі і Ўкраіны адсутнічаюць пэрспэктывы на шляху ў ЭЗ”.

Браўн: “Калі шчыра, то італьянцы мала займаюцца беларускай тэмай. Яна амаль не гучыць у часе парлямэнцкіх дэбатаў. Бадай што апошнім часам – у зьвязку з гісторыяй зь Вікай Мароз. Тады ў Сэнаце быў створаны камітэт “Дапаможам Марыі”. Аднак ініцыятыва ішла ад апазыцыі, а зусім не ад партыі Продзі. Левацэнтрысты ў гэтай сытуацыі падтрымлівалі пазыцыю афіцыйнага Менску. Адрозна ад Нямеччыны, якая толькі апошнім часам на пасадзе старшыні ЭЗ стала выстаўляць нейкія патрабаваньні афіцыйнаму Менску што да вызваленьня палітвязьняў, гарантыяў палітычных і грамадзянскіх свабодаў у Беларусі, Італія робіць гэта куды меней”.

Тым часам удзельнік паседжаньня палітычнай камісіі ПАРЭ, швэйцарскі парлямэнтар, спэцдакладчык ПАРЭ па Чачэніі, Андрэас Грос у размове са Свабодай сказаў: пытаньне пэрсоны дакладчыка ёсьць ня самым істотным.

Грос: “Я лічу куды больш важным, што ўся наша камісія хоча кардынальных зьменаў у палітыцы Рады Эўропы што да Беларусі. Дакладчык будзе рабіць тое, што яму скажа камісія”.

Паводле Андрэаса Гроса, Андрэа Рыгоні наведае Менск цягам бліжэйшых тыдняў.

На здымку: Андрэа Рыгоні
XS
SM
MD
LG