Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякам загіблых у Падмаскоўі беларусаў не паведамілі пра трагедыю


Радыё Свабода Дваіх грамадзянаў Беларусі, загіблых падчас пажару на расейскім прадпрыемстве “Стальмэдканструкцыя” 12 лютага, на радзіму будуць дастаўляць іхныя сем’і. Зь вёскі Багданаўка Чэрыкаўскага раёну ў падмаскоўны горад Балашыху ў аўторак увечары выехалі іхныя жонкі і сваякі.

У дыпляматычных ведамствах Беларусі па-ранейшаму адмаўляюцца што-небудзь паведамляць пра загіблых ў Расеі беларусаў. Няма таксама пэўнасьці, ці атрымаюць дапамогу іхныя сваякі. Гаворыць консул амбасады Беларусі ў Маскве Вячаслаў Стральцоў:

Стральцоў: “Консульская ўправа будзе займацца паведамленьнем сваякам, як гэта ў нас адпрацавана паводле інструкцыі. У такіх выпадках пры зваротах сваякоў мы заўсёды ім дапамагаем”.

Аднак сем’і Аляксандра Радзіка і Сяргея Жымска пра гібель кармільцаў даведаліся ад сваякоў зь Менску, якія пра гэта пачулі з мэдыяў. А ўсе падрабязнасьці – амаль праз двое сутак пасьля трагедыі, кажа жонка Аляксандра Ірына Радзік:

Радзік: “Я спрабавала тэлефанаваць па ўсіх маскоўскіх нумарах, але мне ніхто не адказваў. Зьвязаліся з генэральным дырэктарам і пытаемся: чаму вы нам не тэлефанавалі, а ён кажа, што мы ня ў курсе, тэлефануйце ў пракуратуру. Мы вельмі доўга дамагаліся і даведаліся толькі ў 12 гадзін наступнага дня, што яны ў моргу. Мы спадзяваліся, што можа арганізацыя іх прывязе, але сказалі, што толькі сваякам аддадуць”.

Сем’і Аляксандра Радзіка і Сяргея Жымскага жывуць у будынку былога дзіцячага санаторыя вёскі Багданаўка Чэрыкаўскага раёну. У Радзікаў засталіся двое сыноў, а ў Жымскіх двое дачок. Жонкі Ірына і Люба кажуць, што ў Чэрыкаве і, адпаведна, у Багданаўцы працы няма, вось мужы цягам трох гадоў і езьдзілі на заробкі ў Расею. Дапамогу пасьля трагедыі ніхто не прапаноўваў, а таму па нябожчыкаў выпраўляюцца самастойна, кажа спадарыня Ірына.

Радзік: “Адзіная арганізацыя, дзе я працую – Чэрыкаўскі шпіталь – пералічыў мне матэрыяльную дапамогу 450 тысячаў рублёў, усё. Зараз шукаем машыну і паедзем у Маскву”.

Жонкі кажуць, што іхныя мужы працавалі цалкам легальна, паводле працоўных кніжак. Хто ў выпадку гібелі людзей павінен дапамагаць такім сем’ям? Меркаваньне старшыні прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча.

Фядыніч: “Ёсьць жа дамова паміж Беларусьсю і Расей пра абарону так званых “гастарбайтэраў”. Таму гэта павінна рабіць міжурадавая арганізацыя, а ня самі людзі. Бо калі людзі едуць на працу, ўладкоўваюцца там законным чынам і там гінуць, то і Расея павінная несьці за гэта адказнасьць. Але пакуль што паміж Беларусьсю і Расеяй гэтага няма”.



Двое жыхароў Чэрыкаўскага раёну Магілёўскай вобласьці загінулі падчас пажару ў побытавым памяшканьні падмаскоўнага прадпрыемства горада Балашыхі. Сацыёлягі мяркуюць, што ў Расеі працуюць да ста тысячаў грамадзянаў Беларусі. Кожны дваццаты зь іх патрапляе ў надзвычайнае здарэньне, альбо становіцца ахвярай злачынцаў.

XS
SM
MD
LG