Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новы дакладчык па Беларусі выступае за дыялёг з уладай і апазыцыяй


Алесь Дашчынскі, Менск Палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на пасяджэньні ў Парыжы прызначыў Андрэа Рыгоні спэцдакладчыкам па Беларусі. Андрэа Рыгоні адзін з 20-ці віцэ-прэзыдэнтаў ПАРЭ і лідэр італьянскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі. Ён таксама сябра падкамітэту па Беларусі ў Палітычным камітэце ПАРЭ. Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з удзельнікам пасяджэньня, старшынём камітэту ў міжнародных справах расейскай Дзярждумы Канстанцінам Касачовым.

Канстанцін Касачоў заявіў, што падчас пасяджэньня Паліткамітэту Парлямэнцкай асамблеі была “канцэптуальная дыскусія”.

Касачоў: “Сутыкнуліся дзьве пазыцыі. Адну пэрсаніфікуе Эўразьвяз: што зь Беларусьсю трэба гаварыць вельмі жорстка. І пакуль там ня будзе прагрэсу ў сфэры правоў чалавека, трэба ўсяляк абмяжоўваць кантакты з гэтай краінай. І другая пазыцыя, якую адстойваем мы, якую падтрымлівае і прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы: што нягледзячы на існуючыя цяжкасьці ў Беларусі, трэба ўцягваць яе ў дыялёг, трэба гаварыць з апазыцыяй і з афіцыйнымі ўладамі. І праз гэты дыялёг садзейнічаць вырашэньню праблем, зь якімі сутыкаецца Беларусь. Спадар Рыгоні абсалютна выразна падтрымаў другі пункт погляду. Ён за дыялёг, а не за ізаляцыю Беларусі. Ён не зьбіраецца ідэалізаваць, упрыгожваць сытуацыю ў Беларусі, але я думаю, што ён будзе працаваць збалянсавана і канструктыўна”.

Паводле спадара Касачова Парлямэнцкая асамблея праз абраньне гэтага спэцдакладчыка прыслухоўваецца да здаровага сэнсу.

Спадар Касачоў сказаў, што Андрэа Рыгоні адзін з самых аўтарытэтных і вопытных парлямэнтароў у Асамблеі. Касачоў мяркуе, што гэты чалавек далёка не выпадковы, і ягоныя высновы па Беларусі будуць важкімі і запатрабаванымі. Ці вядомыя спадару Касачову нейкія выказваньні Андрэа Рыгоні па сытуацыі ў Беларусі?

Касачоў: “Я ўжо працытаваў яго сёньняшнюю пазыцыю. І мне яна ўяўляецца вельмі канструктыўнай”.

Сябра падкамітэту па Беларусі літоўская дэпутатка Бірутэ Весэйтэ мяркуе, што ў зьвязку з апошнімі падзеямі ў расейска-беларускіх дачыненьнях, пазыцыя Эўропы адносна Беларусі становіцца больш мяккай.

У беларускай апазыцыі прызначэньне новага спэцдакладчыка пакуль не камэнтуюць. Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў:

Вячорка: “Італія традыцыйна мела шырокія эканамічныя сувязі зь Беларусьсю пад цяперашняй уладай. І толькі абвастрылі праблему гісторыі зьвязаныя з дзецьмі-сіротамі, зь Вікай Мароз”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька дадае:

Лябедзька: “Што да італьянцаў, то яны ўсё ж далекавата ад Беларусі, і там хутчэй за ўсё спрацоўваюць нейкія вузкія інтарэсы. Гэта можа быць пытаньне аздараўленьня дзяцей. А астатняе – трэба глядзець на прыналежнасьць да фракцыі. Усё ж такі большасьць дэпутатаў ПАРЭ будуць сыходзіць з тых прынцыпаў, на якіх грунтуецца Рада Эўропы. А гэта ў першую чаргу дэмакратыя”.
XS
SM
MD
LG