Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: "Я пытаюся ў Бога, за што мне такое шчасьце?"


Вольга Караткевіч, Прага Госьць эфіру "Начной Свабоды" былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі, старшыня палітычнай рады аб''яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч

Караткевіч: "Скажыце, колькі гадзінаў Вам хапае для сну?"

Мілінкевіч: "Ведаеце, бывае ўначы прачнешся, думаеш аб праблемах, так што спаць даводзіцца няшмат. Але сямі гадзін дастаткова".

Караткевіч: "Аляксандар Мілінкевіч удзельнік он-лайн канфэрэнцыі на сайце Свабоды, яна пачынаецца а 13-й гадзіне 14-га лютага. Скажыце, ці ёсьць нейкае пытаньне, на якое Вы б хацелі адказаць, а яго не задаюць?"

Мілінкевіч: "А вось пытаньне, ці шчасьлівы я? А як у мяне ў сям''і? Я лічу, што гэта важныя пытаньні".

Караткевіч: "Ну, вось я і пытаюся... Шчасьлівы?"

Мілінкевіч: "Я вельмі шчасьлівы чалавек. Я нават малюся Богу і пытаюся, за што мне такое шчасьце? Бо жыць нялёгка, няпроста, складана, але адказнасьць вялікая і я лічу, што лёс добразычлівы да мяне. Я кахаю, мяне кахаюць, у мяне выдатныя дзеці - што яшчэ жадаць?"

Караткевіч: "Каго зь беларускіх палітыкаў Вы лічыце самым важным ці важнымі для гісторыі Беларусі?"

Мілінкевіч: "Такіх постацяў было шмат. Я думаю, што ўсе людзі, якія стваралі БНР, безумоўна, ужо постаці ў нашай сучаснай гісторыі. А з тых далёкіх постацяў для мяне надзвычай цікавая асоба вялікага Вітаўта".

Караткевіч: "Шырака абмяркоўваецца Ваш зварот да Аляксандра Лукашэнкі аб сумесных намаганьнях дзеля захаваньня сувэрэнітэту Беларусі і яе разьвіцьця, сумеснага сьвяткаваньня Дня Волі, 25-га сакавіка. Якая матывацыя гэтага ліста?"

Мілінкевіч: "Фактычна гэты зварот ня толькі да Лукашэнкі, хаця ён адрасаваны яму. Гэта зварот да ўсіх беларусаў, да тых, хто ва ўладзе, гэта зварот да Эўразьвязу. Ліст пацьвярджае намер працаваць на тое, каб Беларусь пайшла па шляху рэформаў. І палітычных, і эканамічных. Гэты ліст, безумоўна, павінен паспрыяць таму, каб у краіне не было супрацьстаяньня, канфрантацыі. Я там ужываю слова "талака" - штосьці можна рабіць разам. Я разумею, што стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі ў многіх людзей вельмі-вельмі негатыўнае, ён заслугоўвае на папрокі за сваю палітыку. Я таксама належу да такіх людзей. Але я лічу, што калі краіна стаіць перад пагрозай страты незалежнасьці альбо эканамічнага крызісу, слова "талака" можа быць выкарыстана".

Караткевіч: "Ці была нейкая рэакцыя з боку Лукашэнкі?"

Мілінкевіч: "Такой рэакцыі не было. І я не выключаю, што яе і ня будзе. Я ўсё ж прагматык, не ідэаліст, але гэты зварот лічу важным, каб паказаць, што ёсьць шляхі, яны вельмі канкрэтныя. І калі для ўлады інтарэсы народу вышэйшыя за працяг дзеяньня ва ўладзе пэрсанальнай, то людзі, якія цяпер пры ўладзе, павінныя зразумець сваю адказнасьць перад будучыняй"

Караткевіч: "Як Вы ацэньваеце апошнія выказваньні і дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі адносна патэнцыялу "інтэграцыі" з Расеяй?"

Мілінкевіч: "Я думаю найбольш ён палохаецца страты сваёй улады. Яго прага да ўлады такая вялікая, што перашкаджае прыняць рашэньні ў жыцьці. Мне здаецца, што яму вельмі варта задумацца, што пра яго напішуць у падручніках гісторыі ў будучыні. Што будуць чытаць яго дзеці і ўнукі. Што тычыцца выпадаў у бок Расеі, я лічу, што гэта ня мэтад сёньня - шантаж, папрокі, капрызы. Сёньня палітыка - адказнасьць за свае словы. Абяцаеш - выконвай. Гэтага Лукашэнку не стае".

Караткевіч: "Вы асабіста як ставіцеся да такіх фармулёвак як пераемнік ці "расейскі праект" у зьмене сытуацыі ў Беларусі?"

Мілінкевіч: "Я не люблю слова пераемнік. Яно абсалютна не адпавядае дэмакратычным традыцыям. Хаця мы ў такіх яшчэ занадта мала жылі. Я разумею, што адыходзячая ўлада яе спрабуе перадаць некаму, але гэта павінна залежыць ад волі народу. У Беларусі чалавек, які прыйдзе пасьля Лукашэнкі, я спадзяюся, будзе абраны на справядлівых законных выбарах. І калі гавораць: фактар Масквы ці фактар Эўропы, я шчыра кажу, што ўсё ў нашых руках. Хаця гэтыя фактары вельмі сур''ёзныя".

Караткевіч: "Гэта значыць, што Вы, напрыклад, давяраеце выказваньням кшталту зробленага расейскім палітолягам Сяргеям Караганавым, што Расея будзе працаваць зь любым прэзыдэнтам Беларусі, якога абярэ народ?"

Мілінкевіч: "Я перакананы, што будуць працаваць з тым, каго ў нас абяруць - і Расея, і Захад, хаця несумненна, што Расея будзе спрабаваць уплываць на гэтыя працэсы. Тут няма нічога дзіўнага, але мы павінныя зразумець сваю адказнасьць. І калі будуць такія выбары, мы павінныя добра ўгледзіцца ў кандыдата".

Караткевіч: "Сёньня ў Менску мы правялі апытаньні "Ці хочаце Вы інтэграцыі з Расеяй"...

Спадарыня: "Не. Мне больш падабаецца нашая Беларусь. Калі яна незалежная. А Расея... Гэты крызіс з нафтай вельмі паўплываў. Ня хочацца".

Хлопец: "Не хацеў бы, бо дзікая Расея. Па-моўму, зь дзікунамі лепш на адлегласьці".

Дзяўчына: "Не, відаць. Занявольваюць нас. Не, не хацела б..."

Спадар: "Не, краіны дастаткова розныя паводле мэнтальнасьці"...

Хлопец: "Безумоўна. Мая жонка з Алтаю..."

Караткевіч: "Гэта тыповыя адказы ў апытаньні... Што трэба зрабіць, каб беларусы думалі пра добрыя, нармальныя, добрасуседзкія дачыненьні з Расеяй, а не пра палітычную інтэграцыю, дбалі пра нацыянальную ідэнтыфікацыю?"

Мілінкевіч: "У свой час напачатку беларускай незалежнасці ў 90-х мы ўсе спрабавалі адрадзіць гістарычную сьвядомасьць, мову, нацыяльную культуру - гэта натуральны шлях па ходзе незалежнасьці сапраўднай, у мэнталітэце людзей. У Беларусі але ж адбылася цікавая рэч. Улады як бы зьнішчалі мову, не спрыялі разьвіцьцю сапраўднай культуры, - але пачуцьцё беларускай дзяржаўнасьці, патрыятызму расьце. Расьце ненатуральным шляхам праз тое, што мы маем сваю дзяржаву, абароненыя, але гэта скажоны шлях. Але ён усё ж адбыўся".

Караткевіч: "Выказваньне старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Сукалы, што Казуліна могуць выпусьціць датэрмінова, заява прэм''ера Сяргея Сідорскага, што дзяржава павінная мінімізаваць уплыў на бізнэс – гэта шэраговыя крокі ці, магчыма, сьведчаньне, што атачэньне ня ўпэўненае ў трываласьці цяперашняга рэжыму ў Беларусі і дэманструе сваю пазыцыю адносна магчымых зьменаў у Беларусі? Вашая ацэнка?"

Мілінкевіч: "Я пакуль ня веру, што ў Беларусі ёсьць нават высокія чыноўнікі, якія дзейнічаюць самастойна ў тых пытаньнях, пра якія Вы ўзгадалі. Я думаю, што гэта палітыка ўзгодненая зь кіраўніком дзяржавы. І калі гэта будзе зьдзяйсьняцца ня разава, а пастаянна, гэта кажа аб тым, што ўлада можа рэфармавацца. Я шчыра кажу, я мала даю на гэта шанца. Але калі я памыляюся, гаворачы гэтыя словы, я буду самы шчасьлівы чалавек. Бо я супраць крыві, я супраць таго, каб мы прайшлі праз гвалтоўны спад эканомікі, я за тое, каб мы абышліся без рэвалюцый".

Караткевіч: "Вашая пазыцыя адносна Кангрэсу дэмакратычных сілаў – трэба абраць лідэра, ня важна, хто гэта будзе, але яму павінныя падпарадкоўвацца астатнія. Вы гатовыя падпарадкоўвацца іншаму абранаму лідэру аб''яднанай апазыцыі ці будзеце весьці сваю палітыку?"

Мілінкевіч: "Безумоўна, я чалавек дысцыплінаваны. Калі б пайшоў на Кангрэс, дзе абіраецца лідэр, я б падпарадкаваўся. Гэта я адчуваю, гавару шчыра. Мая прапанова па Кангрэсе, якая выклікае такія дыскусіі сярод актывістаў дэмакратычных, вельмі простая: кангрэсы неабходныя, яны павінны мабілізаваць людзей. І на гэтых кангрэсах павінен пацьвярджацца лідэр ці абірацца новы. І я за тое, каб абіраўся лідэр таемным галасаваньнем. Але, на жаль, у апошні час палітычная кааліцыя вырашыла, што не, ня будзем лідэра абіраць, а будзем рабіць ратацыю. Будуць усе лідэрамі, але па чарзе, па некалькіх месяцаў. Для мяне гэта недарэчна абсалютна, бо мы жывем у дыктатуры, тут павінен быць адзін лідэр, адзін пляна, адзін штаб, каб вызваліць краіну ад рэжыму, а ўжо пасьля змагацца паміж сабой".

Караткевіч: "У сакавіку Свабода распачынае цыкль перадачаў пра вясну 2006 году – кожны дзень мы будзем прыгадваць падзеі мінулагодняга сакавіка. Што найбольш запомнілася Вам?"

Мілінкевіч: "Я думаю, што самае вялікае ўражаньне было 19-га, калі я прыйшоў на плошчу і ўбачыў велізарную колькасьць людзей. Мы ўсе добра памятаем, як палохала ўлада, як выступалі сілавікі, калі казалі, што тыя, хто прыйдуць, прыраўнаюцца да тэрарыстаў. Калі ж я ўбачыў такую колькасьць людзей, я зразумеў, што гэта - лепшыя людзі Беларусі. Якія перамаглі страх. Аддаць жыцьцё за краіну. Гэта велізарная перамога. І другая падзея - гэта калі я прастаяў цэлую ноч з тымі, хто быў у намётах, прыйшоў расьсвет, прагучаў беларускі гімн нацыянальны "Магутны Божа", на вачах у людзей былі сьлёзы"...

Караткевіч: "Што б Вы зрабілі інакш, каб можна было адкруціць назад гэтую амаль ужо паўтарагадовую гонку?"

Мілінкевіч: "У прынцыпе, я лічу, што кампанія была пасьпяховая, за яе ня сорамна. Хаця многае можна было лепш зрабіць. Павінен быў быць напісаны лепшы сцэнар таго, што адбывалася на плошчы. Не заўсёды былі падрыхтаваныя да гэтага, мы не зусім умелі абараніць намётавае мястэчка, дзе стаяла лепшая беларуская моладзь. Я не выключаю, што трэба было пайсьці да тэлебачаньня і патрабаваць эфіру. Гэта немагчыма паправіць, вучышся на тым, што робіш раней".

Караткевіч: "Ну, і хоць пару пытаньняў прыватных... Скажыце, Аляксандар, калі Вы апошні раз гулялі ў баскетбол (наш госць быў прэзыдэнтам баскетбольнага клюбу Гродна-93 – шматразовага чэмпіёна Беларусі)?"

Мілінкевіч: "Ведаеце, гэта даволі даўно было... У мяне пашкоджаныя абодва мэніскі ад гульні ў баскетбол, сёньня я магу кінуць зь месца, але бегаць сур''ёзна - не. Затое плаваю, плаваю ў сваіх Берштах нават да пачатку зімы."

Караткевіч: "У пачатку гутаркі Вы сказалі, што кахаеце і каханы. 14-га лютага - Дзень сьвятога Валянціна, ня ведаю, ці ёсьць у Вас час рыхтавацца да такіх сьвятаў... Ці ашчаджаеце Вы на словах каханьня?"

Мілінкевіч: "Я не эканомлю, хаця іх ніколі не бывае зашмат. Я сам люблю, калі мне гавораць, што кахаюць. Калі я сваёй жонцы кажу гэтыя словы, бачу, як блішчаць яе вочы, я адчуваю такую энэргетыку! І маю на Дзень сьвятога Валянціна сюрпрыз для яе..."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG