Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Колькі зарабляюць АМАПаўцы?


Любоў Лунёва, Менск На сайце "Беларускі партызан" днямі апублікаванае паведамленьне Івана Кавальчука пра тое, што нядаўна ўсім службоўцам менскага спэцназу падвысілі заробкі на 40%. Ці праўдзівыя зьвесткі пра вельмі высокія заробкі супрацоўнікаў сілавых структураў? І колькі насамрэч атрымліваюць байцы спэцназу і міліцыянты?

Прычына падвышэньня заробку - меркаваныя вясновыя акцыі?

У паведамленьні "Заробак АМАПаўцаў роўны міністэрскаму" Іван Кавальчук цьвердзіць, што сяржант атрымлівае ад аднаго да паўтара мільёнаў рублёў, камандзір узводу (лейтэнант) – 3 мільёны, камандзір роты (капітан) – каля 5 мільёнаў, кіраўнік аддзяленьня з маёрскімі пагонамі – 5-6 мільёнаў, а камандзір АМАПу (палкоўнік) – 7-8 мільёнаў рублёў. Адной з прычынаў падвышэньня заробкаў Іван Кавальчук называе запатрабаванасьць у байцах спэцназу міліцыі ў часе вясновых акцый апазыцыі і перад магчымым пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў краіне, калі пачнуцца вулічныя дэманстрацыі рабочых.

Рэакцыі высокіх міліцэйскіх чыноў: "Ды што вы, звар’яцелі?"

Камандзір палка міліцэйскага спэцназу Юры Падабед абвяргае інфармацыю "Беларускага партызану". Юры Падабед пагадзіўся адказаць Радыё Свабода на пытаньне пра свой заробак.

Падабед: “Афіцыйна я атрымліваю ў межах паўтара мільёны рублёў. Гэта ўсё. Калі даюць прэміяльныя, то атрымліваецца мільён васемсот. Ну, якія тут сакрэты, наагул, дурыстыка нейкая. Мне сёньня сказалі, дык я доўга рагатаў. Калі я атрымліваю сем з паловай мільёнаў, то няхай мне кожны сустрэчны плюе ў твар”.

Кіраўнік менскай міліцыі генэрал-лейтэнант Анатоль Куляшоў паведаміў Свабодзе, што ў міліцыянтаў невялікія заробкі. Паводле спадара Куляшова, калі міліцыянт пачаў працаваць участковым і даслужыўся да палкоўніка, то ягоны заробак будзе ня больш за 900 тысяч рублёў (гэта каля 450 даляраў). Да прыкладу, дацэнты БДУ атрымліваюць каля 700 тысяч рублёў. Заявы пра высокія заробкі Анатоль Куляшоў камэнтуе так:

Куляшоў: “Падман. Ды што вы, звар’яцелі? Канешне ж, не. Усё ў адпаведнасьці са званьнем, пасадай, выслугай гадоў. Там цэлы пералік неабходных момантаў, якія ўлічваюць пры налічэньні заробку. Усё залежыць ад таго на якой пасадзе чалавек працуе. Мяркую, што тысяч 800-900 атрымлівае. Ня болей”.

Кіраўнікі сталічнай міліцыі таксама паведамілі “Свабодзе”, што апошнім часам ім не падвышалі заробкі.

Адкуль тады грошы на казіно?

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які ў 2004 годзе пісаў скаргу пра тое, што яго зьбілі супрацоўнікі АМАПу, перакананы, што міліцыянты распавялі не пра ўсе свае прыбыткі.

Лябедзька: “На сёньняшні дзень ягоная апора гэта біцэпсы. Каб іх трымаць у форме, то ім трэба плаціць. Калі ў нас шэраг людзей, якія былі пры ўладзе, той жа Вайтовіч, кажуць, што атрымлівалі частку заробкаў у капэртах, то гэта ж сыстэма. Калі нас забіраюць АМАПаўцы і адзін зь іх кажа: “Галава раскалваецца – учора быў у казіно і тысячу даляраў “прасадзіў”, – гэта пры затрыманых. Калі тысячу даляраў так проста шараговы склад можа патраціць, то я думаю, што заробкі ў іх дай Божа”.
XS
SM
MD
LG