Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ лічыць немэтазгодным ствараць дзяржаўны аргкамітэт у справе ахвяр рэпрэсій


Паводле БелаПАН Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі лічыць немэтазгодным стварэньне дзяржаўнага аргкамітэту па ўвекавечаньні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Пра гэта гаворыцца ў лісьце старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі на імя сустаршыні грамадзкага аргкамітэта па ўвекавечаньні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій акадэміка Радзіма Гарэцкага.

У лісьце, атрыманым 13 лютага, зазначаецца, што стварэньне дзяржаўнага аргкамітэта запатрабуе увядзеньня дадатковых штатных адзінак у дзяржапараце і выдзяленьня сродкаў для яго матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, што цяпер немэтазгодна. У лісьце таксама гаворыцца, што ў 2004 годзе завершана выданьне гісторыка-дакумэнтальных хронік памяці ўсіх раёнаў Беларусі. Прычым у хроніцы кожнага раёна ёсьць разьдзел "Вернутыя імёны", у якім даюцца сьпісы грамадзян, неабгрунтавана асуджаных у 1920-1950-я гады і рэабілітаваных на момант выданьня кнігі.

Як зазначаюць у КДБ, у адпаведнасьці з рэгістрам дзяржаўных сьвятаў для ўвекавечаньня памяці загінулых прадугледжаны Радаўніца і Дзень памяці продкаў "Дзяды". Акрамя таго, старшыня КДБ адзначае, што 2007 год аб''яўлены ў краіне Годам дзіцяці, а таксама зьяўляецца знакавай датай у беларускай літаратуры ў сувязі са сьвяткаваньнем 125-годзьдзя з дня нараджэньня Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У інтэрвію агенцтву БелаПАН сустаршыня грамадзкага аргкамітэту гісторык Ігар Кузьняцоў назваў адказ КДБ станоўчым, бо, лічыць ён, грамадзкасьці ўскосна прапанавана самастойна правесьці мерапрыемствы ў рамках Года памяці. Разам з тым вучоны лічыць амаральным адмову дзяржавы адзначаць год памяці 70-годзьдзя трагедыі 1937 года, калі, паводле самых мінімальных падлікаў, было расстраляна больш за 300 тысяч ураджэнцаў Беларусі. Акрамя таго, паводле яго слоў, прыведзеныя ў хроніках памяці сьпісы рэпрэсаваных зьяўляюцца няпоўнымі і ўключаюць толькі грамадзян, афіцыйна рэабілітаваных па лініі КДБ да 1997 года, і тое выбарачна. "Вось чаму застаецца актуальным выданьне кніг памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій па абласьцях і Мінску. Так, у хроніку памяці сталіцы ўключана не больш за 10 працэнтаў імёнаў рэпрэсаваных, тады як, паводле самых мінімальных падлікаў, у горадзе было расстраляна больш за 50 тысяч чалавек", -- падкрэсьліў вучоны.
XS
SM
MD
LG