Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 13 лютага


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра мітынг прадпрымальнікаў. Заяўку на правядзеньне акцыі 13 сакавіка падалі актывісты прадпрымальніцкага руху Сяргей Балыкін і Аляксандар Макаеў. Мэта акцыі – прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемаў прадпрымальнікаў. Камэнтары: “А 25 сакавіка выйсьці слабо? Так нічога і не даможацеся і застанецеся “вашывымі блохамі”. Першымі трэба выгнаць сваіх гора-актывістаў, якія наўперад плянуюць правальныя акцыі”. “Адзіная надзея, што ім забароняць выйсьці, і яны выйдуць 25 з намі разам на Плошчу!”

У інтэрнэт-суполцы Minsk_by Second_single цытуе допіс латвійскага блогера: “Сёньня я зразумеў як перасунуцца ў Савецкі Саюз адным націскам пімпачкі. Каб гэта зрабіць, трэба ўключыць (спадарожнікавы) канал “Беларусь TV”. Беларускі палітоляг тлумачыць чаму Беларусь ня хоча, каб Расея ўздымала кошты на газ з дапамогай такіх словаў як “алігархі” (у кожнай трэцяй фразе), “беспрытульныя дзеткі Расеі” (пяць разоў пра іх гаварыў), “улада народу” (тры разы), Ісус Хрыстос (два разы з цытатамі зь Бібліі), “калі б наш прэзыдэнт…” (разоў дваццаць, ня менш). Я ня думаў, што такая краіна, з такой “свабодай” слова можа існаваць у ХХІ ст, але яна ёсьць. Бедныя беларусы”. У камэнтарах найбольш іронія: “Зайздросьціць проста, а можа і шпіён:)”; “І гэта спадарожнікавы канал! Так што праўду пра Беларусь могуць ведаць па ўсім сьвеце:))”.

“37% беларускіх карыстальнікаў сеціва рабіліся ахвярамі “тэлефонных піратаў”, – паведамляе сайт сеткавых навінаў Bybanner.com. Такія вынікі апытаньня сярод карыстальнікаў байнэту, якое ладзіла прадпрыемства “Белтэлекам” і партал Tut.by. Bybanner.com цытуе прадстаўніка “Белтэлекаму” Ўладзімера Пташніка: “Адзіны і надзейны спосаб абараніцца “ад тэлефоннага пірацтва” – уласная пільнасьць. Не пагаджайцеся на загрузку тых праграм, чыя задача вам не вядомая”.

Карыстальнік сайту блогаў “Жывы Журнал” Kipryda папярэджвае: “Увага. Не рэкамэндую пакідаць свае кайстры ў "кайстрава-валізачным гардэробе" нямігаўскага ўнівэрсаму -- яны там зьнікаюць. А супрацоўнікі адмаўляюцца браць на сябе за гэта хоць нейкую адказнасьць...”

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266 39 52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG