Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Польшча дагэтуль ня мае амбасадара ў Беларусі?


Радыё Свабода Сёньня амбасадары васьмі краінаў (шэсьць зь якіх кіруюць дыпляматычнымі місіямі ў Расеі й паводле сумяшчэньня ў Беларусі) уручылі даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку. Сярод іх, аднак, зноў не было амбасадара Польшчы. Краіна, якая мае агульную дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю, ужо амаль паўтара году прэзэнтуецца ў Менску на ўзроўні часовага паверанага.

Марыюш Машкевіч — былы амбасадар Польшчы ў Беларусі, а цяпер старэйшы дарадца ў міжнародных пытаньнях прэм’ер-міністра, цьвердзіць, што Польшча накіруе свайго амбасадара ў Менск толькі пасьля таго, як пабачыць прыязныя крокі беларускіх уладаў:

Машкевіч: “Мяркуем, што патрэбны крок беларускага боку. І калі заўважым крок у добрым кірунку, дык пачнем рыхтаваць амбасадара. І гэта стане паказчыкам таго, што з абодвух бакоў ёсьць намеры да добрага супрацоўніцтва. Але пакуль мы гэтага ня бачым — ідзе ціск на Саюз палякаў, выліваецца хлусьня на Польшчу. Нічога добрага пакуль няма”.

Марыюш Машкевіч у канцылярыі прэм’ер-міністра адказвае за дачыненьні з краінамі былога СССР. У Беларусі ён працаваў спачатку консулам, а пасьля амбасадарам. Летась падчас акцыяў пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў яго затрымалі ў лягеры на Кастрычніцкай плошчы Менску, зьбілі й кінулі за краты.

Дыплямат гаворыць, што і пасьля апошніх выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі ён ня мае падставаў казаць, што замежная палітыка Беларусі зьмянілася:

Машкевіч: “Пачакаем канкрэтыкі. Словы — гэта яшчэ не палітыка”.

Апошні амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк зьехаў зь Менску ў лістападзе 2005 году. На ягонае месца польскія ўлады прызначылі намесьніка кіраўніка ўсходняга дэпартамэнту Міністэрства замежных справаў Гэнрыка Літвіна. Але той дагэтуль застаецца ў Варшаве. Што думае на гэты конт Марыюш Машкевіч?

Машкевіч: “Пакуль існуе адна кандыдатура — Літвіна. Але ж трэба разумець, што ён ня можа чакаць бясконца. У яго могуць быць нейкія іншыя асабістыя справы, і ён можа не пагадзіцца. Хаця для мяне гэта вельмі-вельмі добрая кандыдатура. Я яго ведаю шмат гадоў і лічу, што гэта вельмі добрая кандыдатура для Менску”.

Пасьля таго, як сёньня даверчыя лісты кіраўніку беларускай дзяржавы ўручыў новы амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, засталіся дзьве краіны-суседкі Беларусі, якія ня маюць тут сваіх амбасадараў, — гэта Польшча і Ўкраіна. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, новы амбасадар Украіны Ігар Ліхавы зьбіраецца прыехаць у Менск да канца лютага.

Гл.таксама:

Адноўлена сьледзтва ў справе сьмерці польскага віцэ-консула Польскі консул у Горадні: “Хаця б засталіся суседзкія адносіны” Нямецкаму дыплямату Гольгеру Крэмэру адмовілі ў беларускай візе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG