Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Не ламайце крылы маладых, калі хочаце спачуваньня ў старасьці сваёй!"


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за аўторак, 13 лютага. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон Свабоды — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Сталы слухач: “Калі Вы ня ведаеце, то я скажу. Гэта для апазыцыі. Быў такі Франкільт (Франклін – рэд.) Рузьвэльт. Ён прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі. Нядрэнна сябраваў з намі й гэтак далей. Дык вось гэты Рузьвэльт быў дыктатарам, аказваецца, мяркуючы па таму, як лічыць апазыцыя. Глядзіце, ён абіраўся на сваю пасаду… Абраны быў у 32-м годзе, пераабіраўся ў 36-м, пераабіраўся ў 40-м і ў 44-м. І памёр у 45-м. Вельмі хворы быў, так бы і далей пераабіраўся. Ён таксама дыктатар, глядзіце. А тут чалавек спытаў у народа, правёў рэфэрэндум. Людзі, 100 адсоткаў, сказалі “Давай”. Усё, няма пытаньняў. У чым справа? Гэта першае. Другое. Для Вас, паколькі Вы трансьлюеце яе, Казуліна, гэтая няшчасная жанчына, ужо становіцца палітычным дзеячам. Яна езьдзіць, выступае, за што ж яна змагаецца? Вось не разумею я. Змагаецца за вызваленьне мужа? Я некалі ёй тэлефанаваў і канкрэтна падказваў, што для гэтага патрэбна зрабіць. Трэба, каб чалавек прызнаў, што ён ня меў рацыі, калі ажыцьцяўляў хуліганскія дзеяньні на вуліцы, заклікаў народ да вызваленьня вязьняў і гэтак далей. А потым папрасіў бы ў парлямэнта ці прэзыдэнта, каб зьнялі зь яго абвінавачваньні, бо ён прызнаў сваю віну. Што тут такога ганебнага?”

“Сябра Буш,” як кажа Пуцін, Буш, Амэрыка, на грошы якой Вы ўтрымліваецеся й зьяўляецеся правакатарамі, увесь час задзіраецца з Расеяй і вядзе падрыхтоўку схаваную, адкрытую, вядзе падрыхтоўку жа вайны з Расеяй. Там 500 штыхоў, там 500 штыхоў, там ПРА і гэтак далей. Ён проста забывае словы кайзэра выказаныя ў свой час: “На Расею ня лезьці!” Уся Эўропа ваявала ў 1941-45 – і “блакітная дывізія” з Гішпаніі, і італьянскія “мача,” і вугорцы, і баўгары – ўся Эўропа ваявала супраць Расеі, супраць Савецкага Саюзу. Калі не ў пляне жывой сілы, то ў матэрыяльнай усе гэтыя краіны былі выкарыстаныя. Апроч Польшчы, таму што імі проста пагарджалі, як габрэямі, як цыганамі. На зьнішчэньне гэтыя людзі ішлі. І што? Нічога. Дык вось гэта вар’ят увесь час хоча стварыць прэцэдэнт, каб паваяваць. Пачне вайну, усе яго сатэліты лягуць пагалоўна. Толькі зьвяры будуць хадзіць. І Амэрыкі, як такой, ня будзе. Вось і ўвесь вынік. Расея ўсё роўна будзе. Яна такая вялікая. На Дальнім Усходзе, у Сыбіры, усё адродзіцца і ўсё прыйдзе…”

Спадар: “Мілінкевіч, Казулін, беларускі дыктатар – гэта сябры КПСС, а нам патрэбны прэзыдэнт, які ніколі ня быў у гэтай злачыннай арганізацыі”.

Спадар: “Добры вечар, “Свабода”. Цяпер 18.24. Дык вось, паважная “Свабода,” чаму гэта ў Вашых паведамленьнях зьнікла інфармацыя пра тых студэнтаў, якія намагаліся правесьці свой устаноўчы зьезд? Ну, у выходныя, мабыць, у Вас там быў не працоўны час. Ну, а цяпер панядзелак… Ці можа гэта была нейкая дэзінфармацыя? Дык трэба ж неяк выходзіць з гэтага становішча. Ці думаеце, што так – праглынулі дый годзе, ніхто ня скардзіцца. Але ж так, напэўна, непрыгожа, мне здаецца. Думаю, што трэба зрабіць нейкае паведамленьне, што здарылася з гэтымі людзьмі: ці адпусьцілі іх, ці затрымалі. Ну, карацей кажучы, калі хочаце, каб у Вас былі сталыя слухачы, то трэба ж неяк заахвочваць іх. А то рэклямуеце, каб зьвярталіся, каб суседзі слухалі… Што тут рабіць суседзям, калі я Вас ужо пастаянна слухаю, а ўзьнікаюць такія недарэчнасьці. Дзякуй за ўвагу”.

Спадарыня: “Напрыканцы 2006 года Лукашэнка канкрэтна паабяцаў катастрафічныя цяжкасьці беларускаму народу. У размову з нямецкімі журналістамі ён з гордасьцю сказаў: “Дай Бог мне за чатыры гады выканаць усё, што я паабяцаў” і гэтак далей. Так што кожны пражыты дзень Лукашэнка з Божай дапамогай набліжае беларускі народ да катастрафічных цяжкасьцяў. Адзінае абяцаньне, якое ён можа выканаць”.

Вольга, Баранавічы: “Маладых цяпер судзяць і садзяць. Не ламайце крылы маладых, калі хочаце спачуваньня ў старасьці сваёй! Дзякуй суду, што не дазволіў цемрашальцам ад навукі спагнаць зь дзяўчыны мільёны, бо набытыя веды ня ставяцца на паліцу пыліцца, а вяртаюцца на карысьць грамадзтва”.
XS
SM
MD
LG