Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лёс Вікі Мароз стане тэмай адкрытых дэбатаў у Італіі


Радыё Свабода Італьянская праваабарончая асацыяцыя “Сябры дзяцей” запрасіла грамадзкасьць краіны да ўдзелу ў першых адкрытых дэбатах на тэму “Марыя і дзеці раздору”. Размова пойдзе пра канфлікт паміж дзяржаўным і чалавечым стаўленьнем да дзяцей-сіротаў і канкрэтна – пра далейшы лёс 11-гадовай Вікі Мароз. Гэта колішняя выхаванка Вілейскага інтэрнату, больш вядомая ў Італіі пад імем Марыя.

З таго часу, як сямейная пара з Кагалета Алесандра Джуста і Марыя-К’яра Барначын адмовіліся аддаваць дзяўчынку назад у Вілейку, яе лёс хвалюе многіх італьянцаў. Сэнат Італіі нават стварыў адмысловую камісію па расьледаваньні гэтага выпадку.

Дэбаты прызначаныя на 21 лютага ў будынку міланскага банку BPM. Падставай для іх сталі расьледаваньні справы Вікі Мароз, якія правяла і перадала ў Генуэзскі суд для непаўнагадовых беларуская пракуратура. Як вынікае з матэрыялаў расьледаваньняў, паведамляе італьянскі друк, сямейная пара з Кагалета прымушала хлусіць беларускую дзяўчынку. Насамрэч, у дачыненьні да Вікі Мароз ніколі не ўжываўся гвалт і яна адчувала сябе добра ў інтэрнаце. Пра ўсё гэта дзяўчынка нібыта сама заявіла тым беларускім псыхолягам, якія супрацоўнічалі са сьледствам.

У беларускай пракуратуры ніяк не камэнтуюць расьледаваньня, а таксама факту перадачы ягоных матэрыялаў італьянскай юстыцыі. Тым часам прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў Італіі ўжо зрабілі некалькі крытычных заяваў у гэтым зьвязку.

Паводле прэзыдэнта Асацыяцыі грамадзкай мабілізацыі Марка Маркезе, неабходна дасканала праверыць законнасьць усіх паказаньняў. Марка Маркезе перакананы, што ўсё гэта робіцца, каб дыскрэдытаваць сямейную пару з Кагалета – гэтыя людзі імкнуліся замяніць Віцы бацькоў і дапусьцілі памылку ў тым, што хавалі дзяўчынку. Маркезе заклікае “распачаць нацыянальную мабілізацыю дзеля абароны такіх як Алесандра Джуста і Марыя-К’яра Барначын”.

Сярод пытаньняў, якія мяркуюць абмеркаваць 21 лютага ў Мілане, вызначаюць наступнае: “Што трэба зрабіць, каб няшчасныя дзеці-сіроты не зьяўляліся падставай для рознага кшталту міждзяржаўных раздораў?” Як вынікае з апошняй заявы асацыяцыі “Сябры дзяцей”, напярэдадні калядаў улады Беларусі забаранілі сваім сіротам выезд у італьянскія сем’і. Праўдападобна, што беларускія дзеці не прыедуць у Італію зноў – цяпер ужо на велікодныя вакацыі. Гэта ня можа пакінуць абыякавай італьянскую грамадзкасьць, лічаць “Сябры дзяцей”. Асацыяцыя заклікае Генуэзкі суд для непаўнагадовых дзейнічаць найперш у інтарэсах сіротаў.

Перад Новым годам у тэлефоннай размове зь італьянскім журналістам Віка Мароз наступным чынам адказала на пытаньне, дзе б і зь кім яна хацела б жыць.

(Віка: ) “Гэта Італія. Я заўсёды гаварыла, што тут хачу жыць. У брата Сашы свая сям’я. Я хачу ў Італію да мамы”.

Гл. таксама • Беларускія дарослыя абяцалі Віцы Мароз вяртаньне ў Італію

• Віка Мароз будзе жыць разам з братам у сям’і жодзінцаў Васілеўскіх

• Джуста й Барначын — 150-ыя ў чарзе на ўсынаўленьне дзіцяці
XS
SM
MD
LG