Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка перайшоў ад апазыцыйнай барацьбы да атакі


Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскай радыёстанцыі "Эхо Москвы" чарговым разам абвінаваціў кіраўніцтва Расеі ў шантажы Беларусі і дзеяньнях пад дыктоўку Захаду. Заявы беларускага кіраўніка камэнтуюць расейскія і беларускія палітолягі.

Беларускі палітоляг Аляксандар Фядута, які цяпер знаходзіцца ў Рэспубліцы Комі, але ўважліва сочыць за абвастрэньнем расейска-беларускага канфлікту, падкрэсьліў, што не ўпершыню кіраўнік Беларусі ў такой рэзкай форме крытыкуе Расею. Фядута: "Зразумела, што гэта ўжо не пагроза адыйсьці ад Расеі, гэта ўжо атака на сёньняшняе расейскае кіраўніцтва. Лукашэнка пераходзіць ад апазыцыйнай барацьбы да сапраўднай бітвы, і менавіта сёньня ён аказвае ціск на расейскае кіраўніцтва, бо вельмі для яго карысна складваюцца абставіны: ЗША прапанавалі Чэхіі і Польшчы паставіць там супрацьракетныя базы".

На думку Аляксандра Фядуты, Лукашэнка лічыць, што ў гэтай сытуацыі Расеі спатрэбіцца Беларусь. Але Пуцін – палітык іншай фармацыі, і ціснуць на Захад будзе не пастаўкай чарговай партыі ўзбраеньня ў Беларусі. Фядута: "А вось саюз з Саўдаўскай Аравіяй, да прыкладу,альбо газавы саюз з Іранам – гэта ўжо сапраўды ціск на Захад. І я лічу, што Лукашэнка памыляецца, ён ня будзе патрэбны Пуціну".

Расейскі палітык, лідэр Партыі эканамічнай свабоды Канстанцін Баравы выказаў такое меркаваньне.

Баравы: "Сёньня ён хоча і ўладу захаваць, і нічога не даць вось гэтай камандзе Пуціна, якая таксама ні за што ня хоча плаціць. А ён шантажуе іх тым, што сыдзе на Захад, хаця ўсе разумеюць, што гэта немагчыма". Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў чарговымі заявамі Лукашэнкі ня зьдзіўлены.

Фёдараў: "Ён у інтэрвію "Ройтэрз" у першую чаргу як бы паслаў сыгнал Маскве: найперш гэта было накіравана на Ўсход, і ўжо потым – на Захад. І чакаў нейкага адказу – можа, спадзяваўся на станоўчы адказ, на зьмякчэньне пазыцыі Крамля ў адносінах да Беларусі. У Масквы й часу на гэта не было: то Пуцін у Мюнхэне быў, зараз вось да арабаў паехаў. Лукашэнка не дачакаўся, і цяпер "мэсыдж" паслаў ужо дакладна ў Расею. Я думаю, што гэта настойліва, у такой своеасаблівай форме стук у дзьверы Расеі: "Пачуйце мяне, пачуйце!" Праўда, мне здаецца, форма ня самая лепшая абраная, каб Расея пачула".

Гл. таксама: • Лукашэнка скардзіцца на расейскі прыгнёт
XS
SM
MD
LG