Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людка Сільнова прэзэнтавала кніжку крытычных нарысаў (фота)


Севярын Квяткоўскі, Менск Сёньня ў Менску Людка Сільнова прэзэнтавала сваю новую кніжку – “Крышталёвы сад”. У зборніку паэткі – ня вершы, а крытычныя нарысы, а таксама літаратурныя партрэты культурных дзеячоў 1990-х гадоў.

Васючэнка: “Дзеля чаго жыве Людміла/ Калі жыцьцё табе ня міла/ Калі абрыдла казіно/ Не цягнуць карты і віно/ Калі ня вабіць дыскатэка/ Тады шнуруй ў бібліятэку…”

Літаратуразнаўца Пятро Васючэнка прысьвяціў паэтцы Людцы Сільновай “альбомны верш”.

Уплыў 1990-х на сучасны стан беларускай літаратуры, што адбылося, і чаго не адбылося ў культурнай сытуацыі Беларусі, якая рабіла першыя крокі незалежнасьці – на гэтыя ды іншыя тэмы разважалі ўдзельнікі імпрэзы.

Для рэдактара выданьня Валянціна Акудовіча “Крышталёвы сад” – гэта больш чым зборнік крытыкі:

Акудовіч: “Тут напісана “Кніга крытыкі”. Фармальна гэта так. Тут ёсьць рэцэнзіі, ёсьць літаратурныя партрэты. Але па сутнасьці гэта ня кніга крытыкі. Гэта таксама кніга паэзіі. Таму што больш нідзе вы не сустрэнеце такой крытыкі як тут: тут увесь час адкрываюцца сусьветы, а ня проста расстаўляюцца літаратурныя знакі”.

З залі запыталіся – чаму паэтка зьвярнулася да крытыкі?

Сільнова: “Мая праца празаічная, але з пункту гледжаньня паэтэсы. Разгляд кніжак маіх калегаў. З выкарыстаньнем майго асабістага інструмэнтарыя. А плён – кніжка, якая выйшла”.

Адзін зь герояў “Крышталёвага саду” – паэт і філёзаф Ігар Бабкоў так сказаў пра Людку Сільнову і ейныя літаратуразнаўчыя працы:

Бабкоў: “Людка, напэўна, адна зь першых, якая прарвала аблогу неістотнага літаратуразнаўства”.

Людка Сільнова раз пораз уздымалася, каб падзякваць за віншаваньні.

Сільнова: “Мы шукалі альтэрнатыўную літаратуру, усе 1990-я. Зараз, азіраючыся назад, хачу сказаць, што гэта было цэлае войска новых літаратараў, якія з розных галінаў ведаў і прафэсіяў прыйшлі ў літаратуру. І зараз іх як бы не існуе. Многія пайшлі сваімі шляхамі ў свае прафэсіі. Але тое, што было, ужо ня зьменіцца. Гэтая агульнасьць, яна застался. Мы ўсе служылі ў адным войску”.





XS
SM
MD
LG