Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Караганаў: Расея будзе абапірацца на таго палітыка, якога абярэ народ Беларусі


Радыё Свабода Расейская радыёстанцыя “Эхо Москвы” цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што толькі каля траціны жыхароў Беларусі падтрымліваюць цяпер ідэю аб’днаньня з Расеяй. Прычынай таму ёсьць палітыка расейскіх уладаў, якія, па словах Аляксандра Лукашэнкі, накінулі Беларусі пятлю на шыю. Расейскія суб’екты гаспадараньня маюць прывілеяваныя ўмовы, атрымоўваючы газ у тры разы таньней. “Каму патрэбны такі саюз, калі нас прыгнятаюць такім чынам?”– заявіў А.Лукашэнка. Аднак усё можна паправіць, але ўсё залежыць ад расейскіх уладаў . “Але, падобна, што ім нічога ня трэба”, – сказаў кіраўнік Беларусі.

Чым выкліканыя такія заявы? Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў:

Вячорка: “Лукашэнка спадзяецца на падтрымку аднаго з некалькіх расейскіх палітычных клянаў. І гэта ёсьць чарговая спроба зноў разагрэць унутрырасейскія таргі вакол Беларусі, якім чынам яе паглынаць – з Лукашэнкам пры ўладзе ці арганізоўваць нейкага свайго стаўленьніка на пэрыяд пасьля Лукашэнкі, праз тры гады. Лукашэнка гэта ведае і ён сьпяшаецца і ён разумее, што ягоная эканамічная моц наўпрост залежыць ад таго, наколькі ўдасца цяпер вырашыць праблему з цэнамі. І таму гэта ёсьць таргі”.

Кіраўнік лябараторыі сацыямэтрычных дасьледваньняў “Новак” Андрэй Вардамацкі зважае на некаторыя лічбы аднаго з апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў:

Вардамацкі: “ Гаворка ідзе пра рэпрэзэнтатыўнае агульнанацыянальнае апытаньне – 3,5 працэнтаў беларускіх рэспандэнтаў адказалі, што Беларусь магла б увайсьці ў склад Расеі на правах суб’екта фэдэрацыі. А наконт адной траціны, пра якую казаў прэзыдэнт, я не ведаю, як праводзілася апытаньне. Зараз адносіны да Расеі пагоршыліся. За апошні месяц у сувязі з гэтым канфліктам газа-нафтавым, прыкладна на 10 працэнтаў паменшылася жаданьне беларусаў увайсьці ў саюз з Расеяй. Цяпер расейская грамадзкая думка лічыць, што вінаваты беларускі бок, а беларускі вінаваціць расейскі. Такая клясычная сытуацыя”.

Намесьнік старшыні КХП/БНФ Юрась Беленькі заявіў, што такія выказваньні кіраўніка Беларусі зьвязаны з унутрырасейскай сытуацыяй:

Беленькі: “Калі пуцінская групоўка паставіўшы на Лукашэнку, дзеля дасягненьня сваёй мэты трэцяга тэрміну, атрымала паразу. Іхняя валтузьня цяпер вылезла наверх. Ясна, што ў Расеі далёка не ўсе элітныя колы падтрымліваюць Пуціна. Ідзе барацьба паміж імі і ясна, што калі Пуцін не застанецца ля ўлады і яго групоўка, то адбудзецца перадзел з усімі расейскімі наступствамі. У гэтым кантэксьце вядомая і пазыцыя Лукашэнкі. Лукашэнка абараняецца, але не скідвае з рахунку магчымасьць рэалізацыі сваіх інтарэсаў выхаду на расейскае выбарчае поле”.

Ці вызначыўся расейскі бок, каго ён падтрымае ў Беларусі, на якія сілы зробіць стаўку? Кіраўнік Савету ў вонкавай і абароннай палітыцы Сяргей Караганаў сказаў:

Караганаў: “Экспэртаў у Расеі не цікавіць колькасьць людзей, якія хочуць аб’ядноўвацца з Расеяй. Нас цікавіць, каб Беларусь была свабоднай дзяржавай. І каб Беларусь кіравалася людзьмі, якія абіраюцца народам Беларусі. Расея будзе абапірацца на таго палітыка, якога абярэ народ Беларусі. Але зусім відавочна, што спадар Лукашэнка не адносіцца да гэтых палітыкаў. У Расеі ўсе кажуць, што наканаванае Лукашэнку прыдзе і даволі хутка”.

Гл. таксама:

Сяргей Караганаў: ”Галоўны вораг Расеі і Беларусі – Лукашэнка” Тупік ці вакно магчымасьцяў? С.Караганаў: "Зараз мы давядзем справу зь Беларусьсю да канца"
XS
SM
MD
LG