Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Падмаскоўі загінулі два жыхары Магілёўшчыны (абноўлены)


Галіна Абакунчык, Менск У падмаскоўным горадзе Балашыха ў агні загінулі двое грамадзянаў Беларусі. Яшчэ адзін атрымаў пашкоджаньні, але ад шпіталізацыі адмовіўся. Усе трое прыехалі ў Расею на заробкі з Магілёўскай вобласьці.

Пажар здарыўся ў побытавым памяшканьні прадпрыемства “Стальмедконструкции”, дзе начавалі трое нашых суайчыньнікаў. Але крымінальнага сьледу ў гэтым здарэньні няма, кажа сьледчы пракуратуры горада Балашыха Міхаіл Фралоў:

Фралоў: “Паводле папярэдняй інфармацыі, пажар здарыўся з прычыны адкрытай крыніцы агню. Гэта значыць, што ў аднаго зь іх у руках магла быць незатушаная цыгарэта. То бок, іх не забілі і не падпалілі, а яны атруціліся прадуктамі гарэньня”.

Паводле спадара Фралова, атруціўся таксама і трэці чалавек, але застаўся жывым і ад шпіталізацыі адмовіўся. Тым ня менш, не паехаў дадому ў Беларусь, а вярнуўся на працу. Надзвычайнае здарэньне адбылося каля гадзіны ночы 12 лютага, але ў Міністэрстве замежных справаў і амбасадзе Беларусі ў Маскве цягам дня спачатку ня мелі, а затым не паведамлялі падрабязнасьцяў трагедыі. Гаворыць консул Вячаслаў Стральцоў:

Стральцоў: “Імёны можа ня трэба казаць, бо гэта ўсё ж такі трагедыя. Яны ураджэнцы Магілёўскай вобласьці і пражывалі там да сьмерці. Па трэцяму чалавеку інфармацыі асобай няма. Жывы-здаровы, будзем так казаць”.

Як нам стала вядома, загінуў Радзік Аляксандар Уладзімеравіч 1963 годау нараджэньня, а таксама Жымскі Сяргей Васільевіч 1956 года нараджэньня. Якія ў іх засталіся сваякі, высьветліць пакуль не ўдалося. Але ўсе гэтыя людзі на так званую “шабашку” едуць з прычыны беспрацоўя, каб пракарміць свае сем’і, і іх вельмі шмат, кажа колішні дэпутат Вярхоўнага савету 13 скліканьня Вячаслаў Герасіменка.

Герасіменка: “Такіх вельмі шмат. Да прыкладу, два маіх землякі перад новым годам пехатою ішлі з Масквы. Бо там бандытызм пастаўлены на прафэсійную аснову – такое маё уражаньне. Але пакуль Масква падкормлівае Беларусь то электраэнэргіяй, то нафтай, то газам, то ніякіх заяваў улады рабіць ня будуць, гэта па-першае. А па-другое, гэта абсалютна нічога ня дасьць. Я ня бачыў там ніводнага ні літоўца, ні эстонца, ні латыша. А беларусы езьдзілі і будуць доўга езьдзіць, бо эканоміку за дзень не падымеш і працоўныя месцы ня створыш”.

У жніўні ў вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёну быў пахаваны 21-гадовы Ігар Занька, які працаваў і быў забіты ў Маскве. Тады ж загінуў будаўнік з Чэрыкава Зьміцер Грашчуноў. У кастрычніку ў вёсцы Сьвяціцы Ляхавіцкага раёну пахавалі траіх братоў Буйкевічаў, якія былі на заробках у Цюменскай вобласьці Расеі і загінулі ў часе пажару. Сацыёлягі мяркуюць, што ў Расеі працуюць да ста тысячаў грамадзянаў Беларусі. Сотні іх становяцца ахвярамі няшчасных выпадкаў і злачынцаў.

На Гомельшчыне пахавалі пяцёх будаўнікоў, якія загінулі ў Расеі

У Ляхавіцкім райне пахавалі братоў, якія загінулі ў Расеі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG