Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка скардзіцца на расейскі прыгнёт


Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію, што прагучала на расейскай радыёстанцыі "Эхо Москвы," чарговы раз абвінаваціў кіраўніцтва Расеі ў шантажы Беларусі і дзеяньнях пад дыктоўку Захаду. "Я ўжо некарэктна паводжу сябе ў адносінах да расейскага кіраўніцтва, але далей цярпець гэтую вакханалію і бязьдзейнасьць немагчыма," – сказаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік таксама назваў "дурным" праект пабудовы газаправода з Расеі ў Эўропу ў абыход Беларусі па дне Балтыйскага мора.

"Эхо Москвы" таксама цытуе словы Лукашэнкі пра тое, што толькі трыццаць адсоткаў жыхароў Беларусі падтрымліваюць ідэю аб’яднаньня з Расеяй. Прычына, на думку Лукашэнкі, у палітыцы расейскіх уладаў, “якія накінулі Беларусі пятлю на шыю".

“Пра які саюз можна казаць, калі фабрыка, калгас, прыватнік у Расеі маюць прывілеяваныя ўмовы, атрымоўваючы газ у тры разы таньнейшы, чым суб’екты гаспадараньня ў Беларусі, – сказаў Лукашэнка. – Каму патрэбны такі саюз, калі нас такім чынам прыгнятаюць”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея больш ніколі ня будзе імпэрыяй, бо ў яе няма для гэтага рэсурсаў, яна сама ўсё страціла, адмовіўшыся “плаціць за тое, каб падцягнуць да сябе рэспублікі”. “Расея нічым не зацікавіла былыя рэспублікі СССР,-- сказаў Аляксандар Лукашэнка.-- У Расеі няма эфэктыўнай вонкавай палітыкі, калі гэта не зьвязана зь нечымі асабістымі інтарэсамі. Але раней ці пазьней расейскі народ устане з каленяў і прымусіць праводзіць тую палітыку, якую трэба”.

Беларускі кіраўнік кажа, што Беларусь робіць для Расеі шмат бясплатных паслугаў: транзыт на сотні мільёнаў даляраў, абарона межаў, мытнае афармленьне тавараў. Пры гэтым спадар Лукашэнка зазначыў, што сёньня Беларусь “фактычна знаходзіцца ў складзе Расеі, больш чым у складзе Расеі, расейскаму чалавеку тут лепей, чым у самой Расеі”.

Нягледзячы на нэгатыўныя ацэнкі на адрас Расеі спадар Лукашэнка фактычна абяцаў, што нейкага павароту ў ягонай палітыцы ня будзе. Паводле Лукашэнкі, ён не зьбіраецца ствараць “праамэрыканскую сыстэму” каля Смаленска.

Лукашэнка: “Але мы цяпер будзем выкарыстоўваць любы момант для таго, каб наладзіць адносіны з Захадам. Чаму мы павінны зь імі сабачыцца”.

Чытаць: Поўны тэкст інтэрвію на сайце радыястанцыі "Эхо Москвы" Толькі траціна беларусаў хоча аб''яднаньня ў адну дзяржаву з Расеяй



Якім ёсьць стаўленьне беларусаў да Расеі?

Нагадаем, што ў мінулым годзе А.Лукашэнка заявіў расейскім журналістам: “Павелічэньне цэнаў на газ – гэта разрыў усіх адносінаў. У эканоміцы дык дакладна”. Паводле дадзеных зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў (НІСЭПД), ягонае меркаваньне падзялялі 53,3% апытаных беларусаў, не падзялялі – 32,4%, рэшта не змагла вызначыцца.

Зь яшчэ адным выказваньнем А.Лукашэнкі, што “Калі танкі пойдуць адтуль на Расею, мы будзем тут паміраць за Расею”, згаджалася 25,9% апытаных, не пагаджалася – 51,4% апытаных, рэшта паставілася да гэтага выказваньня абыякава ці не змагла адказаць.

(Крыніца: www.iiseps.org)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG