Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Вярхоўнага суду ня ведае пра зьняволеньні за ўдзел у "Маладым фронце"


Алег Грузьдзіловіч, Менск Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала 12 лютага адказаў на пытаньні адносна магчымага датэрміновага вызваленьня Аляксандра Казуліна ды іншых палітвязьняў. Ён казаў і пра справы моладзевых актывістаў.

Чатыры тысячы асуджаных да пазбаўленьня волі з болей як сямідзесяці тысяч асуджаных маглі б атрымаць альтэрнатыўнае пакараньне, не зьвязанае з турмой, калі б судзьдзі гэтага пажадалі. Пра заявіў старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала на прэсавай канфэрэнцыі паводле вынікаў 2006 году.

Валянціна Сукалу спыталі: ці мог бы сярод гэтых “надта жорстка” пакараных апынуцца былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін і ці магчымы ягоны выхад на волю ўжо сёлета? Адказваючы на гэтае пытаньне, старшыня Вярхоўнага суду ніводнага разу не прамовіў слова “Казулін”:

Сукала: “Што да справы, пра якую вы спыталі, то паводле яе яшчэ не зьвярталіся ў Вярхоўны суд, каб аспрэчыць прысуд. Збольшага ўмоўна-датэрміновае вызваленьне таксама магчымае, але трэба глядзець, колькі чалавек ужо адбыў пакараньня, як сябе паводзіў. Калі будуць падаваць на датэрміновае вызваленьне, усё будзе разгледжана”.

Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала ня стаў даваць ацэнкі прысуду Аляксандру Казуліну, якога асудзілі да пяці з паловай гадоў паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Сам Казулін вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць свой перасьлед палітычнымі матывамі.

Валянцін Сукала не адказаў на пытаньне адносна ўжываньня Крымінальнага кодэксу супраць актывістаў “Маладога фронту” ды іншых моладзевых арганізацыяў, якіх пакаралі ці вінавацяць у дзеяньнях ад імя незарэгістраванай арганізацыі. “Хіба ў нас ёсьць такія асуджаныя?” — зацікавіўся Валянцін Сукала.

Журналісты нагадалі старшыні Вярхоўнага суду пра справу лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, які адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі. Валянцін Сукала паабяцаў дадаткова вывучаць такія справы. “Вярхоўны суд не прымае законаў і не камэнтуе законаў. Судзьдзі ўжываюць законы, і мы арыентуем іх трымацца далей ад палітыкі”,— заявіў Валянцін Сукала.

Летась, паводле Валянціна Сукалы, працоўная нагрузка на беларускіх судзьдзяў значна павысілася — штомесяц сярэдні судзьдзя разглядае болей за 43 справы пры норме 35. Гэта адбылося яшчэ й таму, што шмат людзей судзяць не адзін раз — рэцыдывістаў стала болей на 40%. Старшыня Вярхоўнага суду прызнаў, што судзьдзі сталі выносіць менш апраўдальных вэрдыктаў і нярэдка прымаюць памылковыя рашэньні. Сямёх судзьдзяў летась звольнілі за розныя парушэньні.

Гл. таксама:

Барыс Гарэцкі: “Малады фронт – гэта наш лёс” Маладафронтаўцаў прымушалі пакаяцца Зьмітру Дашкевічу ў калёніі не рэкамэндуюць гаварыць па-беларуску
XS
SM
MD
LG