Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША зьвінавацілі Іран у пастаўках бомб ірацкім тэрарыстам


Валер Каліноўскі, Прага Амэрыканскае вайсковае камандаваньня ў Багдадзе заявіла пра датычнасьць Ірану да паставак у Ірак выбуховых прыстасаваньняў, якія выкарыстоўваюцца тэрарыстамі для атак на амэрыканскіх і ірацкіх вайскоўцаў. Прадстаўнікі уладаў Ірану абвяргаюць гэтыя абвінавачваньні.

Прадстаўнікі вышэйшага амэрыканскага камандаваньня на нядзельным брыфінгу ў Багдадзе паказалі журналістам выбуховыя матэрыялы, запалы і складаныя бомбы з напаўняльнікамі, здольнымі прабіваць браню сучасных танкаў. Паводле амэрыканскай выведкі, увесь гэты арсэнал мае іранскае паходжаньне і трапляе ў Ірак у рукі шыіцкіх ваяўнікоў кантрабанднымі шляхамі.

Некалькі разоў амэрыканцам удавалася нават лавіць кантрабандыстаў зь іранскімі матэрыяламі, прызначанымі для вырабу надзвычай небясьпечных бомбаў ужо на ірацкай тэрыторыі. З 2004 года такія бомбы спрычыніліся да забойства 170 амэрыканскіх салдат. Тое, што колькасьць тэрарыстычных нападаў на амэрыканскіх і ірацкіх вайскоўцаў з выкарыстаньнем такіх сьмертаносных бомб апошнім часам істотна вырасла, прымусіла камандаваньне ЗША раскрыць зьвесткі сваёй выведкі і паказаць самі бомбы прэсе.

Амэрыканская выведка сьцьвярджае, што да кантрабанды выбуховых прыстасаваньняў мае дачыненьне корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі, які падпарадкоўваецца вярхоўнаму лідэру Ірану аяталу Алі Хамэнэі. І прадстаўнікі гэтага корпусу апошнім часам затрымліваліся ў Іраку амэрыканскімі вайскоўцамі.

На думку камандаваньня войскаў ЗША, Тэгеран вядзе сваю гульню ў Іраку, жадаючы нашкодзіць інтарэсам ЗША.

Сытуацыю ацэньвае вайсковы экспэрт з Лёндана Дэвід Клэрыдж:

Клэрыдж: “Гэтыя заявы робяцца прадстаўнікамі ЗША ня толькі для таго, каб зьвінаваціць Іран у імкненьні гуляць ролю ў ірацкім канфлікце. Амэрыканцы даўно занепакоеныя тым, што ў Іраку актыўна дзейнічае іранская выведка, што Ірану заўважаны ў абучэньні і матэрыяльнай падтрымцы шыіцкіх ваяўнікоў у Іраку. Адкрываючы ўсё гэта сьвету, амэрыканцы спадзяюцца на пэўны міжнародны ціск на Іран, які зьменшыў бы ягоную актыўнасьць у Іраку”.



На здымку: парэшткі аўтобусу пасьля тэракту, Багдад, 1 лютага 2007 г.

Тым часам прадстаўнік Іранскай амбасады ў Багдадзе назваў апошнія абвінавачваньні амэрыканскага боку “сфабрыкаванымі і бяздоказнымі”. Ён зазначыў, што Іран ніколі не займаўся апэрацыямі супраць кааліцыйных сілаў у Іраку і заявіў, што вылучаючы падобныя абвінавачваньні на адрас Тэгерану, “амэрыканцы хочуць кампэнсаваць сваё фіяска ў Іраку”.

Новая падстава для напружанасьці у адносінах Ірану і ЗША ўзьнікла на фоне процістаяньня вакол іранскай ядзернай праграмы.

Гл. таксама:

Што генэрал Мальцаў можа прапанаваць Ірану Беларусь у “чорным” абаронным сьпісе ЗША Ці дойдзе іранская нафта да Беларусі?
XS
SM
MD
LG