Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Транснефть” пачынае будаваць нафтаправод у абыход Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Расейская кампанія “Транснефть” рыхтуецца да пабудовы нафтаправоду ў абыход Беларусі. Ён пройдзе ад Унечы (мяжа Расеі зь Беларусьсю) да балтыйскага порту Прыморск. Cёньня 896 мабілізаваных разьведвальнікаў выйшлі на меркаваную трасу будаўніцтва.

Расея хоча зьменшыць транзытныя рызыкі

Прадстаўнік прэсавай службы расейскага Міністэрства прамысловасьці й энэргетыкі Станіслаў Зуеў сказаў:

Зуеў: “На ўзгадненьне ў зацікаўленыя ведамствы быў накіраваны праект распараджэньня, падрыхтаваны нашым міністэрствам для будаўніцтва трубаправоднай сыстэмы ад Унечы да Прыморску”.

У гэтым дакумэнце гаворыцца, што выхад на расейскія порты зробіць пастаўку нафты замежным спажыўцам больш надзейнай і зьмяншае да мінімуму транзытную рызыку. Паводле аналізу міністэрства і кампаніі “Транснефть”, аптымальным кірункам пераарыентацыі экспартных плыняў зьяўляецца менавіта порт Прыморск. Ён мае неабходны патэнцыял транзытных магутнасьцяў. Гэты маршрут забясьпечыць простыя пастаўкі нафты ў марскія порты эўрапейскіх краінаў.

Расейскі ўрад зацьвердзіў праект

Мінулымі выходнымі расейскі тэлеканал “Вести” паказаў інтэрвію прэзыдэнта кампаніі “Транснефть” Сямёна Вайнштока. Той сказаў, што да 15 лютага ў шэрагу расейскіх абласьцей пройдзе прэзэнтацыя праекту трубаправоду. А сёньня 896 разьведвальнікаў выйдуць на меркаваную трасу будаўніцтва новага нафтаправоду. Ці рэальнае такое будаўніцтва, апавядае віцэ-прэзыдэнт кампаніі Сяргей Грыгор’еў:

Грыгор’еў: “Мы нерэальнымі рэчамі пакуль яшчэ не займаліся. Калі ўжо нешта пачыналі рабіць, то заўсёды даводзілі да канца”.

У кампаніі кажуць, што на будаўніцтва трубаправоду ёсьць распараджэньне ўраду. Ніякіх іншых камэнтароў у кампаніі не далі.

Праектная магутнасьць абноўленай Балтыйскай трубаправоднай сыстэмы складзе каля 150 мільёнаў тонаў нафты. Кіраўнік расейскага Міністэрства прамысловасьці й энэргетыкі Віктар Хрыстэнка заявіў, што Расея ў экспарце энэрганосьбітаў будзе арыентавацца на свае тэрытарыяльныя магчымасьці, а не на транзытныя краіны.

Беларусь можа згубіць нафтавы экспарт

Эканаміст Леанід Заіка кажа, што ў выніку будаўніцтва гэтага трубаправоду Беларусь губляе ўвесь свой экспартны нафтавы патэнцыял.

Заіка: “Практычна ўся гэтая нафта можа пайсьці ў абыход. І Расея можа прадаваць нафту і, магчыма, часткова нафтапрадукты без паслугаў Беларусі. Беларусь губляе каля 5 мільярдаў даляраў экспарту. Гэта максымальная эканамічная пагроза. Мы будзем вымушаныя перапрацоўваць нафту толькі для ўласнай вытворчасьці. У гэтым сэнсе мы губляем усялякае значэньне як краіна-экспартэр нафтапрадуктаў.

Беларускаму кіраўніцтву спатрэбіцца дзесяць гадоў, каб дамагчыся дывэрсыфікацыі экспарту. Калі мы будзем распрацоўваць іранскія ці вэнэсуэльскія радовішчы, то гэта ўжо будуць не эканамічныя дасягненьні Беларусі, а чыста палітычныя падарункі з боку Ірану і Вэнэсуэлы”.

Гл. таксама:

Беларусь павялічвае тарыфы на транзыт расейскай нафты ў Эўропу Нафтавая вайна працягваецца
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG