Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: грамадзянам ЗША пагражае адміністрацыйнае пакараньне


Радыё Свабода Дзесяцёра грамадзянаў Злучаных Штатаў Амэрыкі будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці — за парушэньне правілаў знаходжаньня ў Беларусі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, яны праводзілі заняткі ангельскай мовы без дазволу Міністэрства адукацыі.

У аддзеле грамадзкіх сувязяў абласной міліцыі пацьвердзілі, што 9 лютага затрымалі амэрыканскіх грамадзянаў. На іх склалі пратакол паводле артыкулу 185 Адміністрацыйнага кодэксу — “Парушэньне правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў у Рэспубліцы Беларусь” і адпусьцілі.

Амэрыканцы знаходзяцца ў Магілёве каля месяца. Іх запрасіла сюды дабрачыннае аб’яднаньне “Стэфан” дзеля бясплатных сэмінар-практыкумаў вывучэньня ангельскай мовы. Пастар аднаго з малітоўных дамоў гораду даў памяшканьне для заняткаў. Кажа амэрыканская настаўніца:

Настаўніца: “Пастар гэтай царквы, калі быў у Амэрыцы, жыў з намі — і мы сталі для яго сям’ёй. Мы добрыя сябры, і ён дазволіў выкарыстоўваць гэты будынак бясплатна. Мы атрымалі нашы візы ад арганізацыі, якая займалася гэтымі пытаньнямі, — і яны сказалі, што мы можам тут выкладаць ангельскую мову”.

Ва ўправе адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму зазначылі, што амэрыканскія грамадзяне ня мелі права выкладаць — у іх не было дазволу. Хаця супрацоўніца ўправы адукацыі пацьвердзіла, што па дазвол яны зьвярталіся.

Супрацоўніца ўправы адукацыі: “Аднак ім было рэкамэндавана зьвярнуцца ў Міністэрства адукацыі, бо пытаньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі гэтага органу дзяржаўнага кіраваньня”.

Паводле кіраўніка дабрачыннага аб’яднаньня “Стэфан” Дзьмітрыя Канцавенкі, нагодай для гэткага абыходжаньня з амэрыканскімі грамадзянамі сталася нібыта іхная рэлігійная дзейнасьць у Магілёве.

Канцавенка: “Рэлігійнай дзейнасьцю нібыта яны тут займаліся, хаця Камітэт у справах рэлігіі казаў ім, што аніякай рэлігійнай дзейнасьці тут не было”.

Калі на амэрыканцаў накладуць адміністрацыйнае пакараньне, Дзьмітры Канцавенка зьбіраецца яго абскарджваць, а таксама будзе дамагацца, каб спынілі ўсе адміністрацыйныя дзеяньні датычна ягоных гасьцей. Паводле Адміністрацыйнага кодэксу, амэрыканскім грамадзянам пагражае папярэджаньне альбо штраф да дваццаці мінімальных велічыняў.
XS
SM
MD
LG