Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці гэта патрыятызм на “Лініі Сталіна” ў фуфайках і пад крывавымі сьцягамі?”


Радыё Свабода “Ці гэта патрыятызм на “Лініі Сталіна” ў фуфайках і пад крывавымі сьцягамі?”

Спадар, Маладэчна: “Патрыятызм і “Лінія Сталіна” ў эпоху Лукашэнкі. Які тут патрыятызм? Гэта імгненьне гісторыі ў параўнаньні з патрыятызмам Міколы Гусоўскага і “Песьні пра зубра,” у параўнаньні з Францыскам Скарынам і Бібліяй на беларускай мове, у параўнаньні з Міхалам Клеафасам Агінскім і яго перасьледам, калі ён прымкнуў да паўстаньня народнага. Той жа Напалеон Орда, 200-годзе якога мы адзначаем. Чаму пра гэты патрыятызм мы нічога ня кажам? І я папрасіў бы Радыё Свабода, каб яно дало крытычны аналіз. Ці гэта патрыятызм на “Лініі Сталіна” ў фуфайках і пад крывавымі сьцягамі? Ці патрыятызм ад душы, які сыходзіў ад людзей ідэйных, ад людзей-гуманістаў, якіх ведае ня толькі Эўропа, – сьвет. Няхай бы радыёстанцыя “Свабода” пракамэнтавала патрыятызм несапраўдны і патрыятызм сапраўдны”.

Спадар: “Добры вечар, “Свабода”. Вось слухаў Ваша паведамленьне ў 18.00 і ў 20.00. Канечне, разумею, што тэхнічна складаней адкарэктаваць Вашы навіны і паведаміць нешта, бо ўжо прайшло 3 гадзіны з моманту затрыманьня. Але Вам прасьцей паставіць тую самую кружэлку і круціць яе. Грошыкі, напэўна, атрымліваеце і за гэта. А ўжо ж вечарэе. І як сказалі, за далейшым лёсам сачыце па выпусках “Свабоды”. Хоць бы паведамілі, а якой гадзіне іх затрымалі, але ж ВЫ, мабыць, знарок гэта робіце. Гэта па-першае. А па-другое, самі гэтыя маладзёны, відаць, меркавалі, што іх затрымаюць, таму што ў кожнага быў пры сабе пашпарт. Ну, а па-другое, не выставілі ніякай аховы. Ну і трэба, напэўна, чытаць працы ранейшых марксістаў - ленінцаў, якія змаглі пад бокам у паліцыянтаў зрабіць нейкія сходкі пад рознымі там выглядамі, а нашы маладзёны, напэўна, акрамя рока, нічым больш не цікавяцца. Ім гэтая кансьпіратыўная праца ўжо не вядомая”.

“Ну, дзякуй “Свабода,” дачакаўся ад Вас навінаў. Учора колькі разоў Вы паўтаралі, што хлопцы там сядзяць, будуць іх трымаць тры гадзіны. Аж у “Начной Свабодзе” ўсё яшчэ сядзелі. А сёньня, здаецца, Вас гэта пытаньне ўжо не цікавіць. Адно зь беларускіх навінаў паведамілі нейкую спартовую. Вось і ўся Ваша зацікаўленасьць. І ўся Ваша разрэклямаваная апэратыўнасьць. Сьвежыя, так сказаць, навіны. Ну, дзякуй, вось угадзілі. Каб так у выходныя паводзіла сябе і міліцыя, і КДБ, можна было б спакойна слухаць Вашы паўторы розныя, разважаньні і пахвальбу ў свой жа адрас. Ну, добра. Дзякуй Богу, што яшчэ існуяце, але мне здаецца, што Вы занялі чужую нішу. Можа, хто больш спрыяў росту нашай сьвядомасьці. Больш было б прыхільнікаў, а так адзін пустазвон”.

Вярцейка Канстанцін Іванавіч, фэрмэр - пчаляр, Бярозаўскі р-н: “Мяне цікавіць, калі будзе адбывацца Кангрэс дэмакратычных сіл, дзе ён будзе праходзіць”.

Спадарыня: “Людзі з характарам – гэта сумленьне таго грамадзтва, да якога яны належаць . А сумленьне – гэта Бог. А “мянты” хапаюць і душаць гэтых людзей, то бок забіваюць сумленьне. Значыць, па ранейшаму забіваюць Бога. Вось і мяркуйце, у якой краіне мы жывём. 1917 -га года на людзей навесілі калгаснае ярмо і аднялі самае дарагое – веру ў Госпада, што і працягваецца”.

Спадар: “Шаноўныя сябры Радыё Свабода, 1-га лютага гэтага году “Народная Воля” надрукавала адказ спадар Кушкіса на пытаньні Аляксандра Сіліча. Спадар Кушкіс сьцьвярджае, што з мэтай усталяваньня ў Беларусі дэмакратыі, будзе карысным наладзіць дыялёг паміж Лукашэнкам і Захадам. Ён абгрунтаваў сваё меркаваньне тым, што ня ўсе ключыкі ад дзьвярэй дэмакратыі ў кішэні Лукашэнкі. Памылковае меркаваньне. Спадар Кушкіс, мабыць, ня ведае, што Аляксандру Лукашэнку гэтыя ключыкі не патрэбныя, бо ў яго руках ёсьць унівэрсальны ключык, ён ад любых замкоў. Гэта лом. Бадай, пад уплывам спадара Кушкіса і іншых палітыкаў Аляксандр Мілінкевіч прапанаваў Аляксандру Лукашэнку стаць пасярэднікам у дыялёгу паміж ім і Захадам. Лукашэнка добра ведае, што ад яго патрабуе Захад, і пры жаданьні весьці дыялёг з Захадам, ён абыдзецца без пасярэднікаў. На парадак дня патрэбна ставіць…”

Спадарыня: “Добры вечар, шаноўная “Свабода”. Я сёньня слухаю, як нашы дэмакраты звоняць на шаноўную “Свабоду” і выказваюць свае меркаваньні. Я хачу падтрымаць і ўнесьці сваё слова. У нас ёсьць прэзыдэнт Зянон Станіслававіч Пазьняк, ён выбраны. Шушкевіч і Мілінкевіч – усе павінны дапамагаць Зянону Станіслававічу. Мы чакаем яго прэзыдэнтам, ён абраны”.

Сяргей: “Прывітаньне, амэрыканская “Свабода”! Як Вы клапоціцеся пра беларускіх судом асуджаных хуліганаў! На ўвесь сьвет абвяшчаеце, што дыктатура ў Беларусі не адпускае зэка Статкевіча і іншых у Нямеччыну ў адпачынак. Лепш бы паклапаціліся пра вязьняў Гуантанама, якіх катуюць і зьдзекуюцца зь неасуджаных арабаў, як прывозяць іх у Эўропу, каб катаваць і тут. Нагадайце нам, якія мэтадамі паліцыя Эўропы наводзіць парадак на вуліцах сваіх гарадоў. Мы ж бачым гэта са сваіх тэлеэкранаў, у тым ліку і ў суседняй Польшчы. І растлумачце нас, несьвядомым, чым лепш амэрыканская і эўрапейская дэмакратыя за беларускую дыктатуру”.

Лявон Цімохін, Маладэчна: “Паважная рэдакцыя “Свабоды,” заўтра Вы даяце эфірны час Мілінкевічу, які запрасіў на наша нацыянальнае сьвята каманду магільшчыкаў нашай мовы, нашай культуры, нашай беларускай дзяржаўнасьці. І як быццам бы прадбачыў гэта Генадзь Бураўкін, які напісаў верш “Здраднікам Беларусі”

Ну што ж, праходзіць час ля новай дамавіны. І вам ужо дзяліць чыны і мэдалі За тое, што даўно схілілі нізка сьпіны І гонар свой так проста прадалі.

Калі ласка, дайце гэты верш прачытаць Мілінкевічу. І няхай яго ўсё-ткі пракамэнтуе наш празорлівец, паэт, шчыры беларус Бураўкін. Ці можна на вясельле, на такое сьвята запрашаць магільшчыкаў? Гэта па меншай меры, бездухоўна. Па большай меры, гэта духоўнае злачынства”.
XS
SM
MD
LG