Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці магчымы дыялёг уладаў і апазыцыі?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: каардынатар “Хартыі-97” Зьміцер Бандарэнка і адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч.

Валер Карбалевіч: “Апошнім часам у апазыцыйным асяродзьдзі паўстала колькі прапановаў, скіраваных на спробу сумесных крокаў з уладамі. Спачатку з заявай выступіў наш сёньняшні суразмоўца Зьміцер Бандарэнка. Потым ліст да Лукашэнкі з прапановай сумеснага сьвяткаваньня гадавіны БНР падрыхтаваў аргкамітэт у падрыхтоўцы акцыі 25 сакавіка, які ўзначальвае лідэр Партыі БНФ Вячорка. І нарэшце зьявіўся адкрыты ліст Аляксандра Мілінкевіча да Лукашэнкі. Што азначаюць гэтыя крокі? Якіх мэтаў імкнуцца дасягнуць іхныя ініцыятары? Гэта піяр-ход ці спроба рэальна наладзіць дыялёг з уладамі?”

Зьміцер Бандарэнка: “Праз пару дзён пасьля маёй ініцыятывы ў тым жа кірунку пачало рабіць крокі кіраўніцтва Партыі БНФ. А потым выступіў Мілінкевіч. І гэтыя ініцыятывы — гэта ўжо рэальнасьць нашага жыцьця.

Гэта зроблена таму, што зьмянілася сытуацыя. У апазыцыйным асяродзьдзі казалі, што — вось Захад увядзе санкцыі супраць Беларусі, тады мы можам пачаць перамовы. Цяпер атрымалася, што моцныя эканамічныя санкцыі ўвяла Расея. І гэта цалкам зьмяніла палітычны ляндшафт Беларусі.

Гістарычны досьвед паказвае, што на нейкім этапе шмат якія дыктатуры рабілі крокі, якія нібыта супярэчылі лёгіцы іхнага існаваньня. Беларускі рэжым падштурхоўвае да гэтага рэзкая зьмена эканамічнай сытуацыі і, як вынік, геапалітычных прыярытэтаў. Таму існуе шанец на такі дыялёг”.

Ігар Рынкевіч: “Учора я грунтоўна размаўляў на гэтую тэму з Аляксандрам Казуліным. Ён якраз пачуў пра гэтыя “рэвэрансы Мілінкевіча ў бок Лукашэнкі” зь перадачы Радыё Свабода”. Казулін лічыць, што гэта гульня паводле правілаў Лукашэнкі. Бо з дыктатарам можна размаўляць толькі на роўных і з пазыцыі сілы. Беларуска-расейскі канфлікт паказаў, што Лукашэнка можа ісьці на саступкі толькі пад ціскам жорсткіх абставінаў.

Ліст Мілінкевіча — праява ягонай палітычнай і чалавечай слабасьці. Бо гэта лішні козыр у рукі Лукашэнкі, які можа ўтрымоўваць уладу толькі на аснове канфлікту і шантажу.

Я лічу, што ліст Мілінкевіча — хутчэй, заява праваабаронцы, чым палітыка, які спрабаваў гуляць ролю цьвёрдага лідэра. Гэта больш тактычны ход, скіраваны на тое, каб улагодзіць улады і 25 сакавіка прайшло без рэпрэсіяў.

Хацелася б, каб пасьля 25 сакавіка Лукашэнку быў пастаўлены ўльтыматум. Учора Казулін падаў заяву генэральнаму пракурору, каб той даў прававую ацэнку заяве грамадзяніна Лукашэнкі пра фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і распачаў крымінальную справу”.

Карбалевіч: “Ці ўзьнялі гэтыя ініцыятывы нейкія праблемы перад уладамі? Цяжка ўявіць, што ўлады сапраўды пойдуць на нейкую палітычную лібэралізацыю. У такім выпадку якія палітычныя дывідэнды можа атрымаць ад гэтага апазыцыя?”

Бандарэнка: “Мы не зьбіраемся здаваць палітвязьняў. Іхнае вызваленьне зьяўляецца ўмовай пачатку перамоваў як з боку апазыцыі, так і з боку Эўразьвязу, а таксама тэстам для Лукашэнкі.

Таксама мы прапануем Лукашэнку тэст на патрыятызм. Мы кажам: давайце разам адсьвяткуем 25 сакавіка і прадэманструем волю да незалежнасьці й пераменаў.

Дарэчы, сёньня прачытаў на шэрагу сайтаў, што кіраўніцтва БСДП (Г) — то бок, партыі Казуліна — заявіла пра гатоўнасьць весьці перамовы з уладамі. І я хацеў бы, каб спадар Рынкевіч пракамэнтаваў гэтае паведамленьне. А спадару Казуліну мы жадаем мужнасьці й веры ў партнэраў. Яго памятаюць і змагаюцца за вызваленьне”.

Рынкевіч: “Для тэстаў Лукашэнку хапіла дванаццаці гадоў. Што тычыцца пазыцыі БСДП (Г) у гэтым пытаньню, то хачу адзначыць, што кіраўніцтва партыі не прымала кансалідаванага рашэньня. Гэта асабістая думка спадара Мароза”.

Карбалевіч: “А ці можа так здарыцца, што шкоды ад гэтых захадаў апазыцыі будзе больш, чым карысьці? Гэта адштурхне Маскву ад спробаў наладзіць нейкі дыялёг зь беларускай апазыцыяй. Хоць здавалася, што тая пазыцыя, якую, напрыклад, заняў Мілінкевіч падчас нафтагазавага крызісу, спрыяе такому дыялёгу. Зь іншага боку, такія крокі апазыцыі могуць падштурхнуць Эўразьвяз да адмены санкцыяў супраць Беларусі, перамоваў з афіцыйным Менскам без усякіх рэальных зрухаў на шляху дэмакратызацыі”.

Бандарэнка: “Спачатку Лукашэнка павінен распачаць дыялёг з апазыцыяй. І потым апазыцыя скажа Эўропе, ці можна пачынаць перамовы з афіцыйным Менскам.

Пра нейкі дыялёг беларускай апазыцыі з Масквой мне нічога не вядома. Пуцін ні разу на патрабаваў вызваліць Марыніча, Казуліна, хоць яны лічацца прарасейскімі палітыкамі. Эканамічныя санкцыі Расея ўвяла дзеля інкарпарацыі Беларусі. Учора на тэлеканале НТВ паказалі перадачу “К барьеру”. І там Жырыноўскі вінаваціў Лукашэнку ў тым, што ён ня хоча ўваходзіць у склад Расеі. А як вядома, Жырыноўскі заўсёды выказвае пазыцыю Крамля”.

Рынкевіч: “Апазыцыі заўсёды бракавала стратэгічнага мысьленьня, выкарыстаньня экспэртаў дзеля распрацоўкі сцэнароў і пошуку рэсурсаў. Мне падаецца, што і гэты ход зь лістом Мілінкевіча — не далёкасяжны крок.

Канечне, напярэдадні перамоваў трэба ствараць спрыяльныя псыхалягічныя ўмовы. Калі перад іхным пачаткам апазыцыя будзе цьвердзіць, што прэзыдэнт нелегітымны, а той будзе казаць, што апазыцыя ня мае падтрымкі грамадзтва, то цяжка разьлічваць на нейкі станоўчы вынік. Аднак, зь іншага боку, хаваць тую праблему, што з 1996 году ў краіне ідуць антыканстытуцыйныя працэсы, таксама нельга.

Цяпер пра расейскі чыньнік. Казулін лічыць, што калі нейкі беларускі палітык зможа збудаваць дачыненьні з Расеяй лепей за Лукашэнку, то гэта будзе толькі на карысьць Беларусі.

Яшчэ падчас маіх навагодніх спатканьняў з Казуліным ён казаў, што апазыцыя мусіць сфармаваць дэлегацыю і ўдзельнічаць у беларуска-расейскіх перамовах па энэргетычных пытаньнях. Казулін казаў, што цэлы год чаканьняў саступак ад улады, пасіўнасьць апазыцыі расчаравалі насельніцтва”.

Карбалевіч: “Абодва мае суразмоўцы казалі, што апазыцыя павінна быць суб’ектам перамоваў Беларусі і з ЭЗ, і з Расеяй. Але як апазыцыя можа прымусіць лічыцца з сабою? Ліст Мілінкевіча, іншыя цяперашнія захады апазыцыі ўмацоўваюць яе пазыцыі для ўдзелу ў гэтых магчымых перамовах, ці аслабляюць?”

Бандарэнка: “Апазыцыя мае такога важкага прадстаўніка, як Мілінкевіч, які ўвайшоў у вышэйшую палітычную ўсясьветную лігу. Ён рэгулярна сустракаецца, мае сяброўскія стасункі з кіраўнікамі ЭЗ, эўрапейскіх краінаў. І прапановы ЭЗ да афіцыйнага Менску рабіліся з улікам падыходаў апазыцыі. І ўчорашнія перамовы Мілінкевіча ў Брусэлі пацьвердзілі гэты тэзіс. Кіраўнік Эўрапарлямэнту заявіў, што пазыцыя ЭЗ нязьменная: спачатку крокі Лукашэнкі дзеля дэмакратызацыі, і толькі потым пачатак дыялёгу”.

Рынкевіч: “Казулін лічыць, што Лукашэнка ня пойдзе на саступкі, пакуль ня будзе балянсу сілаў. Дзеля гэтага апазыцыя павінна стаць моцнай, павялічыць свае рэсурсы.

Што тычыцца пазыцыі ЭЗ, то я ўпэўнены, што яна будзе задаволеная некалькімі сымбалічнымі крокамі кіраўніцтва Беларусі, і пойдзе на перамовы з Лукашэнкам.

Яшчэ важны момант. Ліст Мілінкевіча зьявіўся пасьля таго, як Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву Ройтэрз абверг магчымасьць выкананьня тых дванаццаці ўмоваў, якія вылучыў ЭЗ. І пра што цяпер размаўляць? Тут ужо павінен быць іншы фармат дзеяньняў і апазыцыі, і ЭЗ, і Расеі”.
XS
SM
MD
LG