Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Сьнітко: “Веру ў простае слова і звычайную ўсьмешку”


Радыё Свабода Тацяна Сьнітко — удзельніца праграмы “У што я веру”

Я веру ў людзей. Веру ў Божую абарону чалавека, дасланага ў Сьвет ня проста так. Веру ў місіянерства.

Якая місія ў мяне, у цябе, вунь у таго чалавека ў чорным, у гэтага, які, задаецца, увесь у белым?.. Мы зможам гэта зразумець напрыканцы жыцьця. Усё жыцьцё мы толькі спасьцігаем да канца яго сутнасьць.

Таксама веру ў неўміручасьць. У повязь праз часы і нябачныя межы. Чалавек, які ўжо за рысай, дапамагае падказкай чалавеку, які яшчэ тут. У вызначальныя моманты жыцьця, на раздарожжах...

Я веру ў чалавека разумнага, але ня веру ў чалавечы розум. Ніводзін розум ня можа ацаніць падказку таго, хто ўжо за рысай. Мозг — гэта орган сьледства, яму падавай доказы. Калі доказаў няма, розум губляе лёгіку, а заадно і праўду. Гома сапіенс позна разумее, што было праўдай. Занадта “сапіенс”.

Пра самыя праўдзівыя рэчы ў жыцьці чалавек проста здагадваецца. Доказы сваей рацыі шукае паступова. Знойдзеныя ў рэшце доказы — як рапарты міліцыі наўздагон.

Я веру ў праўду. Хоць і стамляюся ад яе чужых інтэрпрэтацыяў. Адна толькі плошча Каліноўскага нарадзіла тузіны з два праўдаў. Ісьціна недзе побач. На жаль, у яе маўклівы характар.

Магчыма, таму ў справядлівасьць я ня веру. Справядлівасьць — жыхарка будучыні. Яе крыж — вечнае спазьненьне. Перамога справядлівасьці падобная да выкананьня прысуду. Працэдура яе ўсталяваньня нагадвае негалосную падпіску пра неразгалошваньне Ісьціны, якую чалавецтва несьвядома дало Богу. Тэрмін падпіскі — “рана ці позна”. Але справядлівасьці хочацца тут і цяпер!

Я ня веру людзям, якія думаюць, што Бог мусіць ладзіць для іх “сыстэму аднаго вакна”. Мяркую, Бог нічога нам ня вінен. Ён і так шмат даў нам ад нараджэньня. Бо вобраз і падабенства Ягонае — у нас. Ува мне, у табе, у тым вунь чалавеку ў чорным, і ў гэтым, які, здаецца, увесь у белым...

Ня веру, што чалавек бывае чорным ці белым. Веру ў адкрытыя розумам законы фізыкі і ў сьпэктральны аналіз чалавечай душы, немагчымы, на жаль, для “занадта сапіенса”.

Веру, што чалавек здагадаецца пра адзінства супрацьлеглага больш практычна. Навука і рэлігія, хрысьціянства і астралёгія, паэма і тэарэма, глябалізм і нацыяналізм, міліцыя і апазыцыя...

Бог і Д’ябал — два бакі цэлага. Без аднаго нічога ня варты і другі.

Я ня веру, што кожны чалавек здольны перамагчы ў сябе Д’ябла. Некалькі сэкундаў барацьбы паміж імі, не на жыцьцё... але і не на сьмерць. Абодва застануцца ў вас. Але перамагаеце — толькі вы!

Веру ў чалавека-Пераможцу. Веру, што мы ўсе падобныя да альпіністаў. Пасьля ўзыходжаньня на Эвэрэст астатнія цяжкасьці становяцца нейкімі цацачнымі. Спадзяюся на чалавечую памяць: яна пасьпее ў час нагадаць, што бачна з Эвэрэсту. Што дух захоплівае ня толькі ад недахопу кіслароду. Кісларод — проста газ. Колькасьць газу і свабоды — паняцьці адваротна прапарцыйныя.

Я пачынаю нават верыць, што Беларусь —наш агульны Эвэрэст.

Я веру, што чалавек-Пераможца па сваей сутнасьці — Абаронца. Мне ніхто не дакажа, што Дабро ня можа быць з кулакамі, што яно — толькі ахвяра. Спасылкі на ўласную слабасьць —проста індульгенцыі. Вось ужо слабасьць іншых —іхняя, а не мая ці твая бяда...

Безабароннае дабро — ці гэта не яно нараджае запозьненую справядлівасьць? Веру, што дабро здольнае ў патрэбны момант спыніцца і не ператварыцца ў свой антыпод. Зрэшты, веру ў іншую зброю — простае слова і звычайную ўсьмешку. Ведаю: ворагаў можна прымусіць усьміхацца ў адказ.

Я ня веру ў дэманізацыю супрацьстаяньня. Я веру ў яго ачалавечваньне.

***

Тацяна Сьнітко – журналістка, аўтарка “Нашай Нівы”, маці дваіх дзяцей, аматар-кветкавод, удзельніца падзеяў на Кастрычніцкім пляцы ў сакавіку 2006 году, за што была пакараная арыштам і штрафам. Любіць экстрэмальныя сытуацыі і заняткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG