Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці зьявіцца ў нас беларускі Гарбачоў?”


Валянцін Жданко, Менск Назіраючы за абвастрэньнем беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў, многія нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду” спрабуюць зазірнуць у будучыню. І дзеля гэтага шукаюць гістарычныя паралелі з тымі падзеямі, якія адбываюцца цяпер у Беларусі і вакол яе.

Аўтар аднаго з такіх лістоў — былы настаўнік Сяргей Духноўскі зь Менскага раёну. Ён піша:

“У нас у Беларусі створаны маленькі Савецкі Саюз. Старэйшыя людзі добра памятаюць, на чым трымалася тая сыстэма — на страху, на абыякавасьці. Галоўнае было — не вытыркацца з агульнага натоўпу. У сябе на кухні можаш казаць што заўгодна, а на партыйным сходзе абавязаны падтрымліваць лінію партыі й галасаваць як усе. Вядома, я маю на ўвазе час так званага “разьвітога сацыялізму”, якія сам добра памятаю. (Пры Сталіну, зразумела, усё было інакш).

Цяпер, як мне здаецца, мы перажываем у сябе ў Беларусі якраз час позьняга Брэжнева. Пануе так званая стабільнасьць, але ўжо празьвінеў званочак блізкіх эканамічных катастрофаў. У брэжнеўскім СССР такім званочкам стала падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту і зьніжэньне ў сувязі з гэтым экспартных даходаў. У Беларусі канец стабільнасьці пачынаецца са сваркі з усходнім суседам і зноў жа з рэзкага скарачэньня нафтавых прыбыткаў бюджэту, на якіх і трымаўся эфэмэрны “беларускі цуд”. Вось толькі ці зьявіцца ў нас свой Гарбачоў? Нешта на даляглядзе такога пакуль не відаць”.

Некаторыя палітолягі лічаць, што пры пэўных абставінах Гарбачовым у Беларусі можа стаць сам Лукашэнка — калі перад пагрозай эканамічных і палітычных праблемаў адважыцца крута павярнуць карабель аўтарытарнай беларускай дзяржавы ў бок спэцыфічных беларускіх “перабудовы, галоснасьці й дэмакратызацыі”.

Пэўныя заявы на гэты конт ад беларускага лідэра ўжо гучалі — напрыклад, аб тым, што Беларусь больш ня можа “ляцець на адным крыле” і што яна гатова да больш цеснага супрацоўніцтва з Захадам. Але рэальнымі крокамі гэтыя заявы пакуль не суправаджаюцца — палітвязень Аляксандар Казулін застаецца ў турме, а мясцовыя выбары адбыліся паводле старых правераных стандартаў, пры якіх апазыцыя фактычна ня мела шанцаў на справядлівае суперніцтва. Так што пра беларускую “перабудову” гаварыць пакуль не выпадае.

Наступныя два лісты — з развагамі пра цяперашні стан беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Аўтары абодвух допісаў — і Барыс Руцько, і Алесь Сівак — да дзейнасьці кіраўніцтва апазыцыі ставяцца скептычна.

Вось што піша Барыс Руцько зь Менску:

“Сёньня ўжо для многіх відавочна: гэтая апазыцыя ні на што ня здольная, а мэтады, якія яна выкарыстоўвае, неэфэктыўныя. На маю думку, настала пара гэтай апазыцыі проста самараспусьціцца, самаліквідавацца. Гэта датычыць як Аб’яднанай грамадзянскай партыі, так і Беларускага народнага фронту. А лідэры гэтых партыяў Анатоль Лябедзька і Вінцук Вячорка павінны перастаць займацца палітыкай. Усё роўна выніку ня будзе.

Што рабіць? А трэба стварыць адну-адзіную альтэрнатыўную і рэжыму, і апазыцыі сілу зь любой назвай — як гэта было ў пэрыяд з 1988 да 1990 году. І ўзначаліць яе павінен толькі адзін лідэр, якога б прызнавалі і ўлады, і апазыцыя, і Захад, і Расея”.

На гэтую ж тэму напісаў на “Свабоду” Алесь Сівак з Гомелю:

“Беларуская апазыцыя зноў ня можа падзяліць партфэляў. Няўжо яны не разумеюць, якая дробязная гэта іх валтузьня за лідэрства і як раздражняе яна звычайных людзей, што чакаюць пераменаў? Цяпер трэба не канфэрэнцыі й сэмінары праводзіць, а працаваць сярод людзей і рыхтавацца да 25 сакавіка. Навошта патрэбен той новы кангрэс? Што на ім можна вырашыць? Зьбяруцца дзьвесьце дзівакоў, якія мараць атрымаць у свае рукі ўладу, але нічога дзеля гэтага ня ўмеюць рабіць... Ведаем, ня раз бачылі.

Беларусі патрэбныя перамены, і людзі такіх пераменаў хочуць. І патрэбен адзіны лідэр, які б такія перамены сымбалізаваў. Чым кепскі Мілінкевіч? Можа, ён і не безь недахопаў, але іншага ўсё роўна няма. Выбраць, прызначыць лідэра на кангрэсе немагчыма, бо лідэраў не прызначаюць — імі становяцца.

Раней я актыўна ўдзельнічаў у апазыцыі — хадзіў на розныя сходы й зьезды, езьдзіў на сэмінары. Потым зразумеў: усё гэта бескарысна, марнаваньне часу. З жахам думаю, што ад гэтых людзей залежыць лёс дэмакратыі ў Беларусі. Так мы той дэмакратыі можам ніколі не дачакацца”.

Пры жорсткім аўтарытарным рэжыме рэдка бывае магутная ўплывовая апазыцыя, спадар Сівак. Каб быць уплывовай, трэба мець сваіх прадстаўнікоў у парлямэнце і мясцовых саветах, трэба валодаць уласнымі сродкамі масавай інфармацыі, займаць пасады ў дзяржаўным апараце і бізнэсе... Усяго гэтага беларуская апазыцыя (у адрозьненьне, напрыклад, ад расейскай ці ўкраінскай) пазбаўленая.

Якая апазыцыя была ў Савецкім Саюзе? Яна зьявілася толькі пры позьнім Гарбачове, калі быў разьняволены друк і калі былі праведзеныя першыя адносна свабодныя выбары дэпутатаў.

Чаму няма адзінства нават у такой слабой апазыцыі? Сярод палітычна актыўных і амбітных лідэраў увогуле рэдка бывае адзінства. Тым больш, калі арганізацыя будуецца паводле дэмакратычных прынцыпаў, і кожны мае права адстойваць уласныя пазыцыі й не пагаджацца з апанэнтамі. Іншая рэч, што для змаганьня з аўтарытарным рэжымам такая арганізацыя ня надта прыстасаваная. Зь іншага боку, зьмена рэжымаў у такіх краінах, як сёньняшняя Беларусь, часта залежыць зусім не ад высілкаў прыдушанай спэцслужбамі і ўласнымі ўнутранамі супярэчнасьцямі апазыцыі.

Па-ранейшаму шмат у нашай пошце лістоў ад тых слухачоў, якія падазраюць, што перадачы Беларускай Свабоды глушаць — так, як гэта рабілі спэцслужбы падчас халоднай вайны. Вось што піша на гэту тэму Віктар Лісоўскі зь Менску:

“Штодзённа слухаю вашы перадачы а 22-й гадзіне, карыстаючыся кароткахвалевым “ВЭФам”. Калі ўжо зусім немагчыма слухаць на кароткіх хвалях, пазычаю ў жонкі“Philips”, які мае сярэднія хвалі зь лічбавай настройкай. Але нядаўна не дапамог і “Philips”: толькі й пачуў, што знаёмае завываньне глушылак, як у добры савецкі час. Хацеў бы, каб вы спраўдзілі, ці сапраўды аднавілася глушэньне Радыё Свабода. Калі тое ёсьць фактам, то як задзейнічаць міжнародныя структуры й як ужыць санкцыі супраць рэжыму ў галіне камунікацыі?”

На гэтую ж тэму напісалі нам Маргарыта і Руслан Бацянковы зь Менску:

“Адна знаёмая з вышэйшай адукацыяй сувязіста паведаміла нам, што “Свабоду” і “Голас Амэрыкі” глушаць. Яна сказала: “Я ў сыстэме сувязі адпрацавала трыццаць гадоў, і разьбіраюся ў гэтых хітрыках. А тое, што Беларуская Свабода сьцьвярджае адваротнае — дык яна ня хоча пужаць сваіх слухачоў”, — кажа гэтая жанчына”.

Мы, паважаныя слухачы, ня маем дакладных пацьверджаных спэцыялістамі фактаў таго, што глушэньне нашых перадач адноўленае. Кароткія хвалі, на жаль, не спрыяюць якасьці прыёму. Асабліва гэта датычыць вялікіх гарадоў, дзе шмат высокіх будынкаў, а значыць, шмат і перашкодаў для радыёхваляў. Менавіта з гарадоў (і асабліва зь Менску) атрымліваем мы і найбольш скаргаў на якасьць прыёму.

А цяпер — некалькі лістоў слухачоў “Свабоды”, якія пакіну бэз камэнтароў.

Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну піша пра ўшанаваньне памяці ахвяраў 1937 году:

“Усім і ўсюды трэба пакланіцца і пакласьці жывыя кветкі да магіл бязьвінна забітых. Амаль у кожным горадзе знойдзецца такое сымбалічнае месца, да каторага адны прыйдуць самі, іншых прывядуць за сабой сьвятары...”

І яшчэ ліст, таксама на тэму сталінскіх рэпрэсіяў, які даслала нам Алена Цімашэвіч з Зэльвы:

“Мінулае моцна трымае нас і не дае ісьці наперад. Пакуль на вуліцах нашых гарадоў стаяць помнікі сталінскіх катаў, а ў Курапатах няма годнага мэмарыялу — нам суджана зноў і зноў паўтараць памылкі мінулага. Толькі пасьля таго, як у Беларусі пройдзе хаця б адзін судовы працэс над катамі НКВД, якія зьнішчалі ні ў чым не вінаватых людзей, у нашым грамадзтве пачнуцца сапраўдныя перамены”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG