Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ: прэзыдэнцкія выбары ў Туркмэністане – спэктакль і фарс


Радыё Свабода Дакладчык у пытаньнях правоў чалавека ў АБСЭ, гішпанскі дэпутат ад Народнай партыі Хэсус Лопэс-Мэдэль заявіў, што выбары, якія адбыліся 11 лютага ў Туркмэністане, ўяўлялі “хутчэй спэктакль, чым выбары, фарс замест сапраўднага ўдзелу грамадзянаў у выбарчым працэсе”. У інтэрвію з Ашгабаду адной з гішпанскіх газэтаў ён адзначыў, што “рэжым у Туркмэністане такі ж закрыты, як і паўночнакарэйскі”, перадае "Интерфакс".

Сам Лопэс-Мэдэль уваходзіць у дэлегацыю АБСЭ, у складзе якой шэсьць удзельнікаў, аднак улады не дазволілі ім дзейнічаць ў якасьці назіральнікаў. "Нам не дазволілі прысутнічаць пры падліку галасоў”, сказаў ён. Гішпанская газэта падкрэсьлівае, што ніводзін замежны журналіст ня змог атрымаць ўяздную візу ў Туркмэністан.

У Туркмэністане чакаюць абвяшчэньня новага кіраўніка дзяржавы. Мяркуючы па ўсім, ім павінен стаць Гурбангулы Бердымухамэдаў, які цяпер часова выконвае абавязкі прэзыдэнта пасьля сьмерці Сапармурата Ніязава.

Раней прадстаўнік апазыцыйнай туркмэнскай Рэспубліканскай партыі Байрам Шыхмурадаў заявіў, што выбары ў Туркмэністане прайшлі са шматлікімі парушэньнямі , аднак ён ня лічыць мэтазгодным ставіць пытаньне аб іх легітымнасьці.

У галасаваньні паводле Цэнтравыбаркаму ўзялі ўдзел 98,65% ад колькасьці ўсіх выбарнікаў. Афіцыйныя вынікі выбараў будуць абвешчаныя ў аўторак, а на 14 лютага прызначаная інаўгурацыя новага прэзыдэнта Туркмэністану.
XS
SM
MD
LG