Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Вардамацкі: “Думаю, ідзе чарговы націск на сацыялёгію”


Ганна Соўсь, Менск /эфір 9 лютага/ Ва ўпраўленьні міліцыі Першамайскага раёну Менску праводзіцца праверка паводле факту тэлефонных пагрозаў маці вядомага сацыёляга Андрэя Вардамацкага Алене Вардамацкай. Сам кіраўнік лябараторыі “Новак” зьвязвае пагрозы на адрас бацькоў з чарговым наступам на незалежную сацыялёгію.

Алене Вардамацкай 80 гадоў, яна інвалід другой групы. Пасьля ўчорашніх тэлефонных пагрозаў ёй было дрэнна з сэрцам. Алена Вардамацкая расказвае “Свабодзе”, як 8 лютага ёй дадому двойчы патэлефанаваў невядомы:

Вардамацкая: “Спачатку ён гаварыў на нейкай незразумелай скамечанай мове. Я яму сказала: “Вы з глузду зьехалі”, і ён кінуў слухаўку. А праз гадзіну ізноў тэлефануе, і ўжо на чыстай расейскай мове. У яго быў нізкі тэмбр — можа быць, нават чалавек быў і нецьвярозы. Ён заявіў: “Раніцай вы будзеце зьнішчаныя”. Я вельмі спужалася. А ён ізноў паўтарыў гэтыя ж фразы й паклаў слухаўку”.

Муж Алены Вардамацкай спадар Пётар адразу ж патэлефанаваў у міліцыю й паведаміў пра пагрозы. А сёньня раніцай ён занес заяву ў Першамайскае ўпраўленьне міліцыі. У міліцыі Радыё Свабода паведамілі, што заяву прынялі й праводзіцца праверка.

Разам з Аленай Вардамацкай у кватэры прапісаны кіраўнік лябараторыі “Новак” Андрэй Вардамацкі. Учора ён знаходзіўся ў Брусэлі на слуханьнях Эўрапарлямэнту, якія прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі. Даклад спадара Вардамацкага разглядаў уяўленьні жыхароў Беларусі пра Эўразьвяз. Згодна з сацыялягічным апытаньнем, 19,3% беларусаў ведаюць пра новую стратэгію Эўразьвязу ў дачыненьні да краіны. Паводле Вардамацкага, асноўная думка дакладу магла чытацца як заклік Эўразьвязу да дзеяньняў. Андрэй Вардамацкі зьвязвае пагрозы бацькам са сваёй прафэсійнай дзейнасьцю.

Вардамацкі: “Гэта адбылося пасьля канфэрэнцыі ў Брусэлі. Прыкладна празь дзьве гадзіны пасьля выступу. Цяпер трэба хутчэй прыляцець назад і глядзець, што будзе адбывацца. Я думаю, што ідзе чарговы націск на сацыялёгію”.

Андрэй Вардамацкі спадзяецца, што гаворка ідзе ўсё ж пра псыхалягічны ціск, а не фізычную расправу.

Кіраўніца Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька зьвяртае ўвагу на тое, што гэта ня першы выпадак запалохваньня семьяў прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці Беларусі.

Процька: “З нашымі людзьмі такое было, калісьці і ў мяне такое было. Я ня бачу тут сур’ёзных наступстваў, але гэта старыя людзі. Вядома, на іх гэта вельмі моцна ўзьдзейнічае. Тыя, хто гэта робяць, вельмі жорсткія людзі.

Тыя, хто займаецца палітыкай, іхны выбар прадугледжвае рэчы накшталт гульні бяз правілаў. Яны павінны быць унутрана гатовыя да гэтага й павінны папярэдзіць сваіх родных і блізкіх, што такія рэчы магчымыя. І, на жаль, людзі, якія блізкія да тых, хто цяпер абараняе правы чалавека і дэмакратыю і хоча, каб наша краіна была ў шэрагу эўрапейскіх дзяржаваў, яны цяпер вельмі рызыкуюць”.
XS
SM
MD
LG