Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Віцебскі пролетары”: “Над сінім морам дуб зялёны; На дубе залаты ланцуг: І днём і ноччу кот вучоны Па ланцугу вядзе свой круг…”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 12 лютага ў розныя гады.

“Беларуская крыніца”

“Беларуская крыніца” на гэтым тыдні 1927 году паведамляе: “Выдача арыштаваных паслоў адбылася ў Сойме 4 гэт. мес. Ужо адразу было вядома, што паслоў выдадуць, бо за выдачай была настроена вялікая большасьць Сойму. І сапраўды вынікі галасаваньня былі такія: за выдачу пасла Тарашкевіча 159 галасоў, проціў 89; пасла Р.-Міхайлоўскага за 165, проціў 83; пасла Мятлы за 166, проціў 83; пасла Валошына за 165, проціў 85; пасла Галавача за 165, проціў 84. Ад Беларусаў проціў выдачы прамаўлялі паслы Рагуля і Ярэміч”.

“Віцебскі пролетары”

Празь дзесяць гадоў “Віцебскі пролетары” да сотай гадавіны зь дня сьмерці Пушкіна надрукаваў урывак з паэмы “Руслан і Людміла” ў перакладзе Андрэя Александровіча:

Над сінім морам дуб зялёны; На дубе залаты ланцуг: І днём і ноччу кот вучоны Па ланцугу вядзе свой круг. Ідзе на права — спеў заводзіць, На лева — казку завядзе. Там цуда скрозь: лясун там бродзіць, Русалка плешчацца ў вадзе. Там на няведамых дарожках Сляды нябачаных звярэй; Хацінка на курыных ножках Стаіць бяз вокан, без дзвярэй. Праяў там поўны лес, даліны, Зарою хвалі там прыхлынуць На бераг мёртвы, дзе пяскі, І трыццаць віцязяў урачыста Чаргой выходзяць з хваль празрыстых, А з імі дзядзька іх марскі.

“Ніва”

“Ніва” на гэтым тыдні 1957 году з нагоды 50-га нумару друкуе зварот да чытачоў: “Шмат беларусаў баяцца падпісвацца на “Ніву”, баяцца, што будуць праследаваны за гэта. Нават некаторыя, што раней выпісвалі яе — цяпер зракліся з падпіскай “Нівы”. Прыкра гэта! Наш патрыятычны абавязак стаяць за беларускую справу — за сваю “Ніву”. Гэта-ж адзіная беларуская газета, якая найлепш ведае жыццё беларусаў, якая з найбольшай любоўю падыходзіць да нашага брата — беларуса і якой наймацней баляць усе клопаты і патрэбы беларусаў у Польшчы”.
XS
SM
MD
LG