Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень у сям’і палітвязьня Паўла Севярынца (фота+аўдыё)


Браніслава Станкевіч, Радыё Свабода /эфір 11 лютага/ Ужо паўтара году лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец адбывае пакараньне на “хіміі”: абмежаваньнем волі яго пакаралі за арганізацыю вулічных пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Павал жыве ў спэцыяльным інтэрнаце ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну й працуе на лесапавале стропальшчыкам. У пачатку лютага яго адпусьцілі ў чарговы трохдзённы адпачынак.

Слухаць:

У Малым Сітне Павал Севярынец носіць звычайнае працоўнае адзеньне "хіміка" – боты й цёплую куртку, калі на вуліцы, або швэдэр -- у інтэрнаце. Але тут, у вітальні віцебскае кватэры, мяне сустрэў зусім іншы Павал – фацэтны малады чалавек у чорным гарнітуры ды кашулі-вышыванцы, што падарылі сябры на ягонае 30-годдзе 30-га сьнежня. Праўда, ледзьве мы пасьпелі павітацца, як у ягоным пакоі зазваніў тэлефон, і Павал перадаручыў прымаць гасьцей сваім бацькам.

Павал Севярынец: "Тата з мамай увіхаюцца, і ўвогуле: партыя бацькоў – самая магутная партыя! Лепшых мэнэджэраў, кажучы тэхнічнай мовай, не знайсьці!"

Гаспадыня, спадарыня Тацяна, адразу запрасіла мяне на кухню, дзе якраз гатуе ўлюбёнае сынава печыва. Бацька Паўла, спадар Кастусь, тым часам таркуе бульбу ды смажыць дранікі.



Тацяна Севярынец: "Нам з бацькам што ўдвух трэба? Суп ёсьць – добра, а няма – дык і няма. А калі Пашачка ўжо прыязжае, то трэба, каб і супчык быў, і другое каб было, вось мы і раімся, што яму прыгатаваць. Таму й бацьку прымусіла дранікі рабіць, і дранікі ў нас другі дзень запар – бо дзе ж ён там іх у сябе прыгатуе! Яму там і няма часу, і няма як. Не, ён усё ўмее! Я яго вучыла, калі ён студэнтам быў, ад"язжаў на вучобу, і блінцы тонкія пячы, бо ён іх любіць, і іншае ўсё. Ну, канешне,бульбу зварыць і яешню засмажыць."

Паставіўшы на стол талерку дранікаў, да абмеркаваньня кулінарных навыкаў Паўла далучыўся й бацька.

Кастусь Севярынец: "Я нават і яешню ня ўмеў рабіць, ня ведаў нават, як малако кіпіць! Гэта ў мяне жонка ёсьць, дык яна мяне прыцягнула да хатніх спраў. А ў Паўла пакуль няма каму прыцягнуць, але ён такі чалавек рахманы – калі знойдзецца якая дзяўчына, дык і яго прыцягне. Таксама дранікі будзе гатаваць! Але я дужа рады, што мой сын лепшы за мяне ва ўсіх адносінах!



Асабліва радуюся, што ён лепшы за мяне ў рэчышчы літаратурным. Ён дужа сьціплы ў гэтым сэнсе, а я заўсёды кажу: "Каб у мяне быў такі талент, як у Паўла!.."

Кастусь Севярынец таксама ня любіць хваліцца сваімі посьпехамі ў літаратурнай творчасьці, хаця менавіта яна складае большую частку ягонага штодзённага жыцьця. Бацька моладзевага палітыка працуе карэспандэнтам "Дэтэктыўнай газэты", рыхтуе да выданьня зборнік вершаў для дзяцей ды перакладае на расейскую мову сынаву кнігу “Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі " -- таму старэнькаму кампутару ў бацькавым пакоі заўсёды ёсьць праца. А над кампутарам, проста на сьценцы – цэлая падборка артыкулаў пра Паўла, якія дбайна зьбіраюць бацькі.



Спадарыня Тацяна працуе ў школе настаўніцай расейскае мовы. Сёлета яна спрабавала вылучыцца на ўдзел у мясцовых вабырах, але выбарчая камісія не зарэгістравала маці апазыцыйнага палітыка на кандыдата ў дэпутаты гасавету. Пакуль Павал працуе ў Малым Сітне, спадарыня Тацяна прымае для яго тэлефанаваньні, перадае навіны. Але гаворыць, што падчас адпачынку, калі да сына завітваюць сябры ды знаёмыя, нават не наважваецца лішні раз заходзіць у ягоны пакой – каб не замінаць.

Тацяна Севярынец: "Ён жа ўвесь час, на разьгінаючыся, за сталом сядзіць! Піша. А я, бывае, хачу зь ім пабачыцца, толькі пасунуся ў пакой – зноўку тэлефонны званок! Зноўку адступаю, і ўжо чакаю, сяджу, тамлюся... Але гэтым разам я яго падстрыгала, дык ужо ўлавіла – паразмаўлялі. Дык няхай, пакуль ён на вачах, дык я спакайнейшая. Бо я адчуваю: ён дома, ён побач!"

З нагоды Паўлавага прыезду не прынята ладзіць сямейных сьвятаў: хіба патэлефануе старэйшая сястра Ганна, якая жыве ў Менску, ды забяжыць на колькі хвілінаў малодшая сястра Дар"я. Сваякі ўжо ведаюць: прыязджаючы дахаты, Павал бывае вельмі заняты.

Павал Севярынец: " Сустракаюся з мясцовай суполкай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, з абласнымі кіраўнікамі апазыцыйных партыяў, руху "За свабоду!", безумоўна, з маладафронтаўцамі. Калі падлічыць усе тэлефанаваньні, то за гэтыя 3-4 дні іх бывае да пары соцень. Безумоўна, гэтая праца й надае сілы! Колькі не размаўляеш з тамі самымі маладафронтаўцамі, якія перацярпелі й стрэс, здаецца, і страх, і ўсё адно яны кажуць: "Гэта канвульсіі рэжыму, беларуская моладзь пакажа, дзе ракі зімуюць гэтаму антынароднаму кіраўніцтвау!" І адчуваеш, што пакаленьне, якое падымаецца, мацнейшае за нас!"

Што да старэйшага пакаленьня дзеячаў апазыцыі, то праз Радыё Свабода Павал Севярынец вырашыў выказаць тое, што, магчыма, прагучала б у ягоным выступе на Кангрэсе дэмакратычных сілаў – каб ён мог туды патрапіць з Малога Сітна.

Павал Севярынец: " Патлумачыў бы, што за "пасядзелкамі" апошняга часу згубілі кантакт з беларускім народам! Беларускія хрысьціяне галадаюць сотнямі, беларускую моладзь грузяць у "аўтазакі" – значыць, зьяўляюцца новыя палітзьняволеныя маладыя... Кангрэс у сёньняшніх умовах праводзіць дарэмна! Таму заклікаў бы ўсіх, хто рыхтуе кангрэс, пераключыцца на падрыхтоўку моцнай акцыі 25-га сакавіка. Яднайцеся! І вывозьце на плошчы й вуліцы дзесяткі тысяч беларусаў, каб патрабаваць свабоды, праўды і справядлівасьці".

Павал Севярынец не спадзяецца, што 25-га сакавіка ён зможа выйсьці на плошчу ў Менску, але вярнуцца да таго часу ў Віцебск усё-ткі пэўная надзея ёсьць: напярэдадні адпачынку кіраўніцтва спэцкамэндатуры паведаміла, што 15 лютага будзе разглядацца пытаньне аб ягоным умоўна датэрміновым вызваленьні. Роўна паўгады таму Паўлу ў гэтым адмовілі , бо атэстацыйная камісія пастанавіла, што ён так і “ня стаў на шлях выпраўленьня, пакаяньня й супрацоўніцтва з адміністрацыяй”. Павал зазначае, што ніякага "пакаяньня" або "супрацоўніцтва" няма й дагэтуль.

Павал Севярынец: "Не было й думак нават! Больш таго: стараўся арганізоўваць нейкія грамадзка-палітычныя мерапрыемствы – удзел у мясцовых выбарах, і тры дэпутаты ад "народнага блёку" у Малым Сітне ды Алёшчы трапілі ў сельсаветы. Натуральна, што не спынялася гучаньне "Радыё Свабода" у будцы выхты тае брыгады, дзе я працую…Ніякае веры няма ў тое, што ўмоўна датэрмінова вызваляць!"



Бацькі выказваюць свае рэзоны наконт вызваленьня сына, але сам Павал ня лічыць гэткую перспэктыву станоўчай зьявай.

Тацяна Севярынец: "Рэзоны – палітычныя. Бо зараз трэба наладжваць адносіны з Эўропай, а тут адна з умоваў – гэта свабоды палітвязьняў..."

Павал Севярынец: " Калі такое адбудзецца, то гэта будзе цынічны гандаль з Эўропай: аддаем людзей за прэфэрэнцыі – гэтага за 50 мільёнаў, а гэтага за 10 мільёнаў! Гэта дзяржаўны тэрарызм і гандаль людзьмі, больш гэта ніяк не назавеш!"

Кастусь Севярынец: "(сьмяецца) Самае галоўнае – мне шкада маласіценцаў. Яны страцяць такога цудоўнага хлопца, такога цікавага суразмоўцу!.. Тацяна тут ужо дні лічыць, а я кажу: "Не лічы, бо тут як у войску – больш пільна лічыш, дык даўжэй цягнецца! А так канешне – быў бы дома, дык і нам было б спакайней!"

Бацькі Паўла гатовыя чакаць ягонага вызваленьня столькі, колькі будзе патрэбна. Не спадзеючыся на ласку кіраўніцтва спэцкамэндатуры і хуткае сынава вяртаньне, яны, як і звычайна на ад"ездзе з адпачынку, зьбіраюць Паўлу вялікія сумкі : цёплае адзеньне на лютаўскаія маразы, кнігі і хатняе печыва да гарбаты, якую ён зварыць сабе ўжо ў Малым Сітне.

Гл. таксама • Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна(фота+аўдыё)
XS
SM
MD
LG